Паводле прэзыдыюму СПБ, звальненьне работнікаў апошнім часам стала масавай зьявай.
«Найперш пад гэты прэс трапляюць людзі, якія праявілі сваю грамадзянскую пазыцыю ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. Таксама для прымусу да звальненьняў наймальнікі выкарыстоўваюць незаконна атрыманыя сьпісы сябраў Свабоднага прафсаюзу альбо проста работнікаў, якія заявілі аб сваім жаданьні ўступіць у шэрагі арганізацыі.
Гэта нельга расцэньваць інакш як дыскрымінацыю», — гаворыцца ў заяве Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
«Для тых, хто ініцыюе звальненьні, нагадваем: у адпаведнасьці з Працоўным кодэксам забараняецца любая дыскрымінацыя. То бок абмежаваньне ў працоўных правах або атрыманьне пераваг у залежнасьці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжаньня, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананьняў, удзелу або няўдзелу ў прафсаюзах або іншых грамадзкіх аб’яднаньнях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізычнага або псыхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананьню адпаведных абавязкаў, іншых абставін, не зьвязаных зь дзелавымі якасьцямі і спэцыфікай працоўнай функцыі».
У прафсаюзе нагадваюць, што права на працу — неадʼемнае права чалавека. Таму работнік, які зазнаў дыскрымінацыю, падлягае аднаўленьню з выплатай сярэдняга заробку за вымушаны прагул.
Там рэкамэндуюць не пагаджацца на звальненьне паводле пагадненьня бакоў, а ў выпадку звальненьня на прамых або ўскосных дыскрымінацыйных падставах зьвяртацца ў суд, каб зафіксаваць факт парушэньня.
Свабодны прафсаюз гарантуе сваім сябрам юрыдычную і матэрыяльную падтрымку ў выпадку незаконнага звальненьня.
«Вінаватыя панясуць за незаконныя дзеяньні непазьбежнае пакараньне», — падсумоўваецца ў заяве.
Апошнім часам з розных куткоў Беларусі прыходзяць паведамленьні пра масавыя звальненьні людзей «за палітыку». Разнарадкі прыходзяць з грыфам «для службовага карыстаньня», а прычыны страты працы самыя розныя — ад пакараньня паводле народнага артыкула 24.23 і выказваньне на працы сваёй пазыцыі да подпісу не за таго кандыдата на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах ці ўдзелу ў назіраньні.
Факты масавых звальненьняў зафіксаваныя ў менскім і рэгіянальных аддзяленьнях Беларускай чыгункі, на прадпрыемствах і ў мэдычных установах Гомля, у менскай Акадэміі мастацтваў, Белдзяржунівэрсытэце, а таксама ў філярмоніях, музэях, тэатрах і галерэях па ўсёй Беларусі.