Пра здарэньне ў сярэдняй школе № 7 у муніцыпалітэце Флярэнсіё Варэла паведаміў аргентынскі тэлеканал C5N, заўважыў Reform. 12-гадовы падлетак 17 сьнежня прынёс у навучальную ўстанову 9-мілімэтровы пісталет. Як мяркуецца, ён планаваў забіць сваіх аднаклясьнікаў: у яго быў сьпіс з 14 імёнаў вучняў і адной настаўніцы. Аднак плян сарваўся, бо адзін з аднаклясьнікаў заўважыў у заплечніку пісталет і паведаміў пра гэта настаўніцы, якая адразу ж перадала інфармацыю кіраўніцтву школы. Падлетка выклікалі да дырэктара, што дазволіла перадухіліць трагедыю.
Гаворачы пра тэкст запіскі, напісанай падлеткам, аргентынскія журналісты зрабілі дзьве недакладнасьці — яны паведамілі, што запіску напісала дзяўчынка і па-расейску. Насамрэч, як вынікае з паказаных матэрыялаў, запіску пісаў хлопец, і рабіў гэта па-беларуску.
«Я павінен паглядзець, бо я ня ведаю, колькі я маю куль…
5 абавязкова, тады я выклічу міліцыю
Нумар: 107 хуткая дапамога, 911 міліцыя
А настаўніцу прыродазнаўства заб’ю.
Яны пашкадуюць, што назвалі мяне дзіўным».
Ніжэй пад гэтым тэкстам — рысунак пісталета і прыпіска: «У мяне 7 куль. Можа, 645».
На другім аркушы — рысунак кулі. Частка запісаў зробленая на ангельскай мове.
Таксама пры ім быў знойдзены сьпіс з 14 імёнаў, якіх падлетак нібыта плянаваў забіць у пэўным парадку.
Высьветлілася, што бацькі школьніка служаць у паліцыі. Беручы пад увагу граматнасьць беларускага тэксту, можна меркаваць, што хлопец ці жыў у Беларусі, ці паходзіць зь сям'і беларускіх эмігрантаў. Варта зьвярнуць увагу таксама на тое, што ён ужывае слова «міліцыя», а не «паліцыя». Якраз у Беларусі такая служба завецца міліцыяй, а ў Аргентыне — паліцыя.
Журналісты атрымалі доступ да перапіскі паміж падлеткам і аднаклясьнікам, дзе той пісаў: «Школьная страляніна. Усё роўна ўсе ўжо ведаюць». На што прыяцель спытаў: «Якая страляніна? Што здарылася?» Падлетак адказаў: «Мне ўсё надакучыла, ніхто мяне ня любіць».
Той прыяцель паспрабаваў супакоіць, напісаўшы: «Многія людзі любяць цябе, і я адзін зь іх. Ты неймаверны чалавек, і табе трэба думаць пра тых, хто цябе шануе». У адказ падлетак прызнаўся ў сваіх намерах: «У мяне быў плян на тры месяцы, да 6 траўня 2025 году. У мяне ёсьць два сапраўдныя пісталеты, якія належаць маёй маме — яна паліцыянтка. Я зьбіраўся ісьці па адным. Але адзін ідыёт усё сапсаваў».
Адна з маці вучняў школы расказала журналістам пра тое, што адбылося, і запатрабавала гарантаваць бясьпеку дзецям. Яна заявіла: «Па словах дырэктара, падлетак з заплечнікам быў пад назіраньнем. Бацькоў выклікалі ў школу, і заплечнік са зброяй быў перададзены ім. Бацькі зьяўляюцца супрацоўнікамі паліцыі. Аднак выклік паліцыі зроблены ня быў».
Вядома, што школьніка, які плянаваў напад зь пісталетам, цкавалі. Але не прыводзяцца падрабязнасьці, хто і як даўно. Таксама вядома, што пасьля гэтага здарэньня падлетак больш у школу не хадзіў.
Форум