Беларус Максім (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у 2020 годзе падпісаўся на чат-бот ад ініцыятывы «Честные люди» і дасылаў ім фота свайго бюлетэня як пацьверджаньне таго, што ён галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую. Гэтая плятформа стваралася для справядлівага падліку галасоў беларусаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Людзі дасылалі фатаграфію свайго бюлетэня, каб было магчыма ўбачыць сапраўдныя вынікі выбараў. За чатыры гады Максім зазнаў звальненьне, «суткі» за падпіску на «экстрэмісцкія» рэсурсы, але застаецца ў Беларусі.
«Я пэрыядычна выдаляю з Telegram бота „Честные люди“, але ён як той цмок — зьяўляецца ў мяне зноў і зноў. Гэта ж небясьпечна для мяне. І зноў, пасьля выдаленьня, зьявіўся бот з рэклямай роліка, што ідзіце на выбары і малюйце там сонейка ў бюлетэні. Няўжо не зразумела, што гэта для нас у Беларусі небясьпечна? Калі скончыцца гэтая „падстава“?» — расказаў Свабодзе Максім.
Пра гэты ролік ад ініцыятывы пісала выданьне «Наша ніва». Журналісты зьвярнулі ўвагу, што ў відэа 988 тысяч праглядаў і менш за сотню лайкаў. Як высьветлілася, відэа рэклямавалі з дапамогай інструмэнта Google Ads і патрацілі на рэкляму 1600 даляраў.
Мы апыталі яшчэ некалькі беларусаў, і яны пацьвердзілі, што пэрыядычна ў іх «усплывае» бот у тэлеграме.
Што зь бясьпекай гледачоў у Беларусі і чаму яны ня могуць выдаліць бота «Честных людей» раз і назаўжды? Пра гэта Свабода запыталася ў кіраўніцы «Честных людей» Алены Жываглод.
Суразмоўца кажа, што праз тэхнічныя асаблівасьці самой плятформы Telegram боты выдаляюцца няпроста, з гэтым сутыкнуліся многія карыстальнікі і стваральнікі ботаў у Беларусі. Пра гэтую праблему пісалі «Кібэрпартызаны».
«Калі коратка, простае блякаваньне ботаў у аплікацыі Telegram адпраўляе іх у чорны сьпіс, у якім іх могуць знайсьці пры аглядзе ці допыце сілавікі. І мы, „Честные люди“, ведаючы пра гэта і перажываючы за бясьпеку людзей, яшчэ ў 2022 годзе ў галоўнае мэню і ўсе экраны працы з ботам дадалі кнопку „Выдаліць акаўнт“. Па націску гэтай кнопкі бот адпісвае карыстальніка ад усіх будучых рассылак, а карыстальнік атрымлівае інструкцыю па ачыстцы сьлядоў бота на сваёй прыладзе», — патлумачыла Алена Жываглод.
Па яе словах, гэта адзіны варыянт бясьсьледнага выдаленьня ботаў. Яна просіць людзей, якія сутыкнуліся з такой праблемай, пісаць на info@honestby.org.
Алена Жываглод дадала, што камунікацыю праз гэты бот «Честные люди» вядуць толькі ў пэрыяд выбараў, пры гэтым магчымасьць выдаліць бот захоўваецца заўсёды.
«Яшчэ перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, сабраўшы зваротную сувязь ад нашых падпісчыкаў (карыстальнікаў бота), мы прынялі рашэньне, што трэба захаваць бот як канал камунікацыі, аднак мы ўкаранілі новую тэхналёгію, якая дазваляе карыстальніку пераназываць бот з „Честный выбор“ у любую назву. Для тых, хто хоча далей атрымліваць рассылкі, гэта робіць бот менш прыкметным у выпадку прагляду тэлефона сілавікамі.
Бот „Честный выбор“ існуе з 2021 году. Пры гэтым апошнюю рассылку ў рамках гэтага бота мы правялі пасьля анонсу даты выбараў-2025, і разам з гэтай рассылкай мы чарговы раз нагадалі ўсім карыстальнікам пра тое, як выдаляць гэты бот», — кажа кіраўніца ініцыятывы.
Форум