Былы футбаліст зборнай Беларусі Аляксандар Глеб, які нядаўна завяршыў кар’еру гульца, пракамэнтаваў Свабодзе сваё выказваньне ў брытанскай прэсе пра каранавірус у Беларусі.
Глеб, які выступаў за нямецкі «Штутгарт», за ангельскі «Арсэнал», за «Барсэлёну», пракамэнтаваў брытанскаму выданьню The Sun сваё стаўленьне да каранавірусу.
«У Беларусі гэта як быццам нікога не хвалюе. Гэта неймаверна. Можа, наш прэзыдэнт проста чакае, што будзе зь вірусам. Усе ў нас ведаюць, што здарылася з Італіяй і Гішпаніяй. Але людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што гэта ня так экстрэмальна, як гаворыцца ў навінах. Вельмі складана растлумачыць, чаму ў нас так. Усе лігі спыненыя, але мы ня думаем, што гэта праблема», — вынікае з словаў беларускага футбаліста, якія цытуе газэта.
«Крыху страшнавата, што робіцца ў Эўропе»
У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Аляксандар Глеб сказаў, што The Sun мае рэпутацыю клясычнай «жоўтай прэсы», таму з гэтай прычыны журналіст, відаць, назваўся ад імя іншага выданьня. Але ад сваіх словаў ён не адмаўляецца: у Беларусі, мабыць, сапраўды ўнікальная сытуацыя.
«Натуральна, сачу за статыстыкай, яна ў нас, на шчасьце, пакуль невялікая — калі не памыляюся, крыху больш за 60 чалавек пад назіраньнем, — кажа Аляксандар Глеб. — Таму ў прынцыпе не бярэ нас каранавірус, не бярэ. Бо як глядзіш замежныя навіны, дык ад таго, што адбываецца ў Эўропе, крыху страшнавата робіцца. На гэтым фоне ў Беларусі ўсё адносна нармальна».
Ці давярае сам футбаліст афіцыйнай стытыстыцы? 23 сакавіка прадстаўнікі Міністэрства здароўя расказалі, што «сытуацыя «кантраляваная».
«Усё магчыма, але наколькі дакладная статыстыка — хай гэта будзе на сумленьні спэцыялістаў. Цудоўна разумею, што гэтая зараза вельмі хутка і лёгка распаўсюджваецца, не зважаючы на межы, таму кожнаму ў гэтай сытуацыі трэба быць больш уважлівым. Глябальна зачапіла ўсю плянэту, а ў кожнага бацькі, дзеці...», — мяркуе Аляксандар Глеб.
Як заклікам «засьцерагацца» могуць спрыяць масавыя зборы кшталту футбольнага чэмпіянату ці плэй-оф хакейнай экстралігі? Беларусь засталася адзінай у Эўропе, дзе працягваюцца футбольнае і хакейнае першынствы, заўзятары ходзяць на гульні.
«З аднаго боку, мо і давядзецца спыніцца, бліжэйшы час пакажа, — не выключае ён. — Ясна, што масавыя зборы спрыяюць пашырэньню хваробы. А зь іншага боку, калі яшчэ беларускі футбол дачакаецца такой увагі? Расейцы, украінцы выкупілі правы на тэлетрансьляцыю, хай бы яшчэ ангельцы падпісаліся, раз ужо журналісты зацікавіліся (сьмяецца). Глядзіш, мо каго заўважаць з гульцоў, запросяць у Эўропу. Паўтаруся: калі статыстыка праўдзівая, усё так, як нам кажуць, ня ўсё ў нас дрэнна».
«На Мэсі ня хопіць грошай усёй найвышэйшай лігі»
Дома ў Аляксандра Глеба дзьве маленькія дачкі, зь якімі ён перайшоў на рэжым самаізаляцыі.
«Пераважна стараемся быць дома, — адзначае былы футбаліст. — Усё ж маленькія дзеці, лішні раз рызыкаваць ня хочацца. Бо ў кожным разе кожны пра сваё здароўе мусіць рупіцца сам, ні на кога не спадзеючыся. Нават на ўзроўні элемэнтарнай гігіены. Зрэшты, бачу, што шмат каго сытуацыя ня вельмі трывожыць: людзей многа і ў крамах, і ў рэстаранах, і проста на вуліцы».
У інтэрвію The Sun Аляксандар Глеб выказаў думку, што чэмпіянат Беларусі можа зацікавіць ня толькі замежных аматараў футболу, а і гульцоў топ-клюбаў. І каб агенты паактыўнічалі, маглі б у паўзе прыцягнуць нямала зорак — як падчас хакейнага лакаўту за акіянам зрабілі клюбы Кантынэнтальнай хакейнай лігі. Ці сапраўды Раналду ці Мэсі, якіх ён прыводзіць у прыклад, паехалі б ва ўмоўныя «Энэргетык БДУ» ці «Гарадзею»?
«Ну не, вядома, гэта было сказана жартам, — сьмяецца Аляксандар Глеб. — Усё ж у выпадку з лакаўтам у НХЛ расейскія хакейныя клюбы маглі заахвоціць хакейных зорак ці ня большымі заробкамі, чым у Штатах або Канадзе. А чым завабіць у беларускі футбол? Нехта ў нас можа пацягнуць заробак Мэсі, як думаеце? Думаю, што разам уся найвышэйшая ліга не пацягне. Нават на гульцоў меншага калібру рэсурсаў ня хопіць. Дый FIFA не дазволіць такіх пераходаў, правілы ў хакеі і футболе ўсё ж розныя. Ня ведаю, як яны зразумелі маю ангельскую, але я, вядома, кпіў».
Аляксандар Глеб — адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў постсавецкага часу. Правёў 80 матчаў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.
Нарадзіўся 1 траўня 1981 году, футболам пачаў займацца ў СДЮШАР менскага «Дынама». Ад 1999-га пачаў выступаць у барысаўскім БАТЭ, адкуль практычна адразу ж перайшоў у клюб нямецкай бундэслігі «Штутгарт». У 2005-м стаў гульцом лёнданскага «Арсэналу», а яшчэ праз тры гады перабраўся ў «Барсэлёну».
З каталёнскай камандай стаў чэмпіёнам і ўладальнікам Кубку Гішпаніі, а ў 2009-м выйграў галоўны клюбны турнір Старога сьвету — Лігу чэмпіёнаў.
Акрамя таго, выступаў у англійскім «Бірмінгем Сіці», нямецкім «Вольфсбургу», турэцкіх «Генчлербірлігі» (Анкара) і «Коньяспор», а таксама расейскім «Крылья советов» (Самара). У мінулым сэзоне гуляў у «Іслачы» (Менскі раён). Нядаўна абвясьціў пра завяршэньне кар’еры. Сёлета яму споўніцца 39.
Ягоны малодшы брат Вячаслаў — таксама вядомы беларускі футбаліст.