Прадстаўніцтва ААН у Беларусі выказала заклапочанасьць пагрозьлівым і хуткім пашырэньнем COVID-19 і нэгатыўнымі сацыяльнымі ды эканамічнымі наступствамі для грамадзтва і краіны.
У ААН прызнаюць сур’ёзнасьць цяперашняга крызісу ў галіне аховы здароўя і адзначаюць, што выкарыстаньне надзвычайных паўнамоцтваў дазволена міжнародным правам у адказ на значныя пагрозы, аднак «усякія меры рэагаваньня на каранавірус павінны быць прапарцыйнымі, неабходнымі і недыскрымінацыйнымі».
Каб у такі пэрыяд правы чалавека па-ранейшаму заставаліся ў цэнтры прынятых дзяржаваю палітыкі і захадаў, ААН у Беларусі падрыхтавала дапаможнік «Правы чалавека ў пэрыяд пандэміі COVID-19». У ім, сярод іншага, гаворыцца:
- Карантын можа быць апраўданы ў цяперашніх абставінах, аднак яго трэба ўводзіць шляхам бясьпечных і паважлівых дзеяньняў, і ён мусіць быць наколькі мага добраахвотным і ўлічваць правы людзей, якія знаходзяцца на карантыне.
- Ва ўмовах карантыну хворыя павінныя і надалей атрымліваць адэкватнае лекаваньне, а ўцекачы — нават у выпадку закрыцьця межаў павінны мець права на прытулак.
- «Самаізаляцыя» можа прывесьці да страты заробку і працы, таму ўрад мусіць быць гатовы рэагаваць на наступствы сваіх дзеяньняў, накіраваных на зьмяншэньне распаўсюджваньня інфэкцыі. Бізнэсы таксама мусяць гнутка рэагаваць на неспрыяльнае ўздзеяньне пандэміі на сваіх супрацоўнікаў.
- Улады павінны быць цалкам празрыстымі ў сваіх дзеяньнях, даваць доступ да надзейнай, заснаванай на фактах і актуальнай інфармацыі аб сытуацыі з каранавірусам у краіне.
- Пры зборы асабістых зьвестак хворых важна захоўваць іх канфідэнцыйнасьць.
- Таксама ўлады павінны змагацца з праявамі дыскрымінацыі, стыгматызацыі ў дачыненьні да хворых на COVID-19, іх семʼяў, лекараў, а таксама прадстаўнікоў пэўных расавых, этнічных або нацыянальных групаў.
Асаблівая ўвага ў дапаможніку надаецца абароне правоў усіх уразьлівых групаў, якія ва ўмовах пандэміі COVID-19 робяцца яшчэ больш уразьлівымі і маюць патрэбу ў падтрымцы. Гэта
- людзі зь нізкім узроўнем даходу,
- ізаляванае сельскае насельніцтва,
- людзі з пастаяннымі захворваньнямі (ВІЧ/СНІД, цукровы дыябэт, псыхічныя хваробы і інш.),
- людзі з інваліднасьцю,
- асобы бяз сталага месца жыхарства,
- пажылыя людзі, якія жывуць адны або ў сацыяльных установах,
- зьняволеныя,
- мігранты з абмежаваным доступам да паслугаў аховы здароўя,
- людзі, якія шукаюць прытулак,
- уцекачы,
- асобы без грамадзянства,
- дзеці,
- людзі, якія спажываюць наркотыкі
- і іншыя людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
Цалкам дапаможнік можна пачытаць тут.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ