19 сакавіка матчам «Энэргетык БДУ» — БАТЭ стартуе 30-ы чэмпіянат Беларусі ў футболе. У той час, як у краінах-суседзях спыняюць спартовыя першынствы ў сувязі з каранавірусам, беларускіх заўзятараў заклікаюць на стадыёны.
Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў у гутарцы зь БелТА запэўніў, што турбавацца з прычыны пандэміі каранавірусу няма ніякіх падставаў.
«Яшчэ да матчу за Супэркубак Беларусі і чвэрцьфіналаў Кубка краіны мы разьмясьцілі на сваім сайце мэтадычныя рэкамэндацыі ў прафіляктыцы, дыягностыцы і лячэньні новай каранавіруснай інфэкцыі. Што тычыцца саміх стадыёнаў, ніякага спэцыяльнага кантролю на ўваходах не плянуецца», — адзначыў Базанаў.
Каранавірус стаў прычынай пераносу чэмпіянату Эўропы ў футболе 2020 году. Адклалі і тэрміны матчаў плэй-оф Лігі нацый, у якіх плянаваўся ўдзел беларусаў.
«Рашэньні наконт тэрмінаў правядзеньня міжнародных турніраў прымае УЭФА. На гэты момант матч з Грузіяй перанесены на чэрвень, але ў нас пакуль няма дакладнай даты. У апошняй заяве УЭФА сказана, што ўсё залежыць ад таго, як будзе разьвівацца эпідэміялягічная сытуацыя. Да канчатковага рашэньня мы ня можам гаварыць пра пляны падрыхтоўкі каманды», — сказаў з гэтай нагоды Базанаў.
Уладзімер Базанаў таксама пракамэнтаваў нараканьні на міліцыю, супрацоўнікі якой адзначаюцца строгім аглядам заўзятараў.
«На днях у Доме футболу была ініцыяваная сустрэча прадстаўнікоў МУС са спэцыялістамі ў бясьпецы і працы з заўзятарамі клюбаў найвышэйшай і першай беларускіх лігаў. Спадзяёмся, што ў сэзоне 2020 году нам удасца наладзіць канструктыўны дыялёг і дамагчыся прагрэсу ў гэтым кірунку. Важна, каб заўзятары таксама шлі насустрач і па магчымасьці загадзя прыходзілі на стадыёны», — падсумаваў старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу.