Подпісы за карантын на факультэце — і «на дыван» у дэканат. Так сьцісла можна апісаць гісторыю першакурсьніка філялягічнага факультэту Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Андрэя Рабкаўца. Свабода паразмаўляла з хлопцам пра тое, што цяпер адбываецца на факультэце.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Студэнты асьцерагаюцца, бо могуць быць праблемы»
Андрэй Рабкавец вучыцца на першым курсе філялягічнага факультэту Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Ідэя патрабаваць на факультэце карантыну з прычыны эпідэміі каранавірусу зьявілася ва ўнівэрсытэцкім чаце.
«Там шмат студэнтаў філфаку — у асноўным першага курсу, — кажа хлопец. — Я вырашыў сабраць подпісы. Адразу пратэставаць і не наведваць заняткі не хацелася, таму прыйшла ідэя сабраць подпісы. Падтрымка студэнтаў адчувалася, але далёка ня ўсіх. Значная частка усё-такі асьцерагаецца, што ў іх могуць быць праблемы».
Пад заявай да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, якую Рабкавец апублікаваў у тэлеграм-канале, падпісаліся 113 студэнтаў філфаку.
Але пэўныя студэнты пасьля публікацыі заявы і подпісаў пад ёй папрасілі Рабкаўца прыбраць іхныя прозьвішчы: «Іх можна зразумець, яны баяцца дэканату», — напісаў Андрэй у сваім канале.
У заяве студэнты просяць кіраўніцтва факультэту ўвесьці карантын да 12 красавіка з магчымасьцю падоўжыць яго.
«Мы занепакоеныя эпідэмічнай сытуацыяй у краіне і хочам дапамагчы ў прафіляктыцы вірусу і паўплываць на хутчэйшае рашэньне праблемы. Карантын дапаможа выйграць час для дактароў, якія лечаць заражаных і выяўляюць патэнцыйна інфікаваных. Акрамя таго, карантын ня дасьць распаўсюджвацца віруснай інфэкцыі», — напісана ў заяве.
Студэнты прыводзяць у прыклад карантын ва ўнівэрсытэтах Расеі, Украіны і Польшчы. Яны таксама ўпэўненыя, што іхны ўнівэрсытэт мог бы наладзіць дыстанцыйнае навучаньне падчас карантыну.
«Мы спадзяемся на падтрымку адміністрацыі філялягічнага факультэту», — напісалі студэнты.
«Хтосьці паведаміў дэканату пра збор подпісаў»
Але надзеі не апраўдаліся. Перад тым, як Андрэй перадаў заяву дэкану, яго разам зь іншым студэнтам, які дапамагаў зьбіраць подпісы, вызвалі ў дэканат.
«Я і сам зьбіраўся да іх пайсьці, але яны мяне апярэдзілі сваім званком. Відавочна, хтосьці паведаміў дэканату пра збор подпісаў», — піша Андрэй у сваім тэлеграм-канале.
У дэканаце з Андрэем і яго паплечнікам размаўлялі мэтадысты, дэкан факультэту Іна Лісоўская і яе намесьніца па выхаваўчай працы. Агулам Андрэя выклікалі на размову з адміністрацыяй факультэту тройчы.
«Я разумею, што праблемы [з вучобай] могуць быць, але не баюся іх. Адміністрацыя факультэту, вядома, сказала, што нікому нічога за гэтыя подпісы ня будзе, але ў гэта слаба верыцца», — сказаў Свабодзе Андрэй Рабкавец.
«Вы сумнеяцеся, што унівэрсытэт здольны забясьпечыць дыстанцыйнае навучаньне?»
19 сакавіка Андрэй Рабкавец аддаў заяву і подпісы пад ёй дэкану факультэту. У канале ён апублікаваў зварот да адміністрацыі.
«Я заклікаю вас вызначыцца са сваёй пазыцыяй і вырашыць, чаму вы выступаеце супраць увядзеньня карантыну: вы баіцеся браць на сябе адказнасьць, бо няма загаду зьверху, і чакаеце на гэты самы загад? — запытаўся першакурсьнік. — Вы хвалюецеся, што студэнты ўспрымуць карантын як свабоду і пойдуць па клюбах і барах? Вы баіцеся застацца на два тыдні без заробку (паверце, ад дэканату гучалі і такія выказваньні)? Вы сумнеяцеся, што ўнівэрсытэт здольны забясьпечыць дыстанцыйнае навучаньне? Але чаму тады расказваеце пра тэхналягічнасьць унівэрсытэту? Вы сказалі, што карантын у адной ВНУ не ўратуе краіну ад вірусу. І гэта праўда. Але ўсё пачынаецца з малога».
Студэнт упэўнены, што паніку нараджае няведаньне інфармацыі, і заяўляе, што як грамадзянін Беларусі ён мае права ведаць пра сытуацыю з каранавірусам у краіне.
«Я маю права ведаць тое, што паведамляюць прэзыдэнту наконт гэтай сытуацыі. Бо гэта тычыцца мяне і ўсіх грамадзян Беларусі. Я такі ж грамадзянін краіны, як і прэзыдэнт. Нават важнейшы, бо я буду выбіраць прэзыдэнта».
Свабода зьвярнулася па камэнтар да дэкана філялягічнага факультэту Іны Лісоўскай. Але тая ня выслухала пытаньняў журналіста і сказала зьвяртацца ў прэс-службу.
Загадчыца аддзелу працы са СМІ Вольга Кішкель пацьвердзіла Свабодзе, што дэкан факультэту размаўляла са студэнтамі, якія ініцыявалі збор подпісаў за карантын.
«Па-першае, гэта ўваходзіць у яе абавязкі. Яна размаўляла для таго, каб патлумачыць хлопцам, пры асабістай прысутнасьці, прагаварыць зь імі яшчэ раз тыя немаленькія захады, якія ўнівэрсытэт прадпрымае для прафіляктыкі распаўсюджаньня каранавірусу».
Вольга Кішкель запэўніла, што на студэнтаў «ніхто ціснуць ня будзе».
«Наколькі я ведаю, яны кожны дзень прыходзяць на пары. Яны самі, гэтыя студэнты, прыходзяць у корпусы і займаюцца разам са сваімі аднагрупнікамі», — сказала яна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ