Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі будзеш баяцца, ніколі ад гвалтаўніка ня сыдзеш». Жыцьцё пасьля хатняга гвалту


Натальля, былая кліентка шэлтару "Радзіслава"
Натальля, былая кліентка шэлтару "Радзіслава"

Восеньню 2018 году Свабода наведала прытулак «Радзіслава» для жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Шэсьць жанчын на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся распавесьці свае гісторыі на відэакамэру пры пагашаным сьвятле. Мы вырашылі даведацца, як зьмянілася іх жыцьцё за гэты год.

Гісторыя другая. Пазытыўная

Натальлю моцна зьбіваў муж, яна трапляла ў рэанімацыю, мела пералом сківіцы, некалькі сатрасеньняў мозгу. Пасьля разводу цэлы год пражыла ў «Радзіславе». Супрацоўнікі прытулку дапамаглі ёй вывучыцца на майстра манікюру і набылі набор інструмэнтаў. Дзякуючы «Радзіславе», Натальля змагла зьняць недарагую кватэру ў Менску. 26-гадовая жанчына больш не хавае твар і сваё сапраўднае імя і з усьмешкай расказвае пра тое, як да лепшага зьмянілася яе жыцьцё — сыну зьнялі пераглядзелі і зьнялі дыягназ разумовая недастатковасьць, да таго ж жанчына наважылася на новыя адносіны. Напачатку запісу Наташа крыху хвалюецца, далей становіцца ўсё больш упэўненай і дзеліцца сваімі посьпехамі і надзеямі.

Сьцісла:

  • Калі на сыне стаіць пячатка «разумовая недастатковасьць», і ягоны лёс можа быць зламаны, а ты, маці, нічога ня можаш зрабіць... Дзякуючы «Радзіславе» дыягназ зьнялі.
  • Калі жывеш асобна, маеш нейкі куток, нават ня свой, але ведаеш, што ёсьць куды прыйсьці, што цябе ня будуць біць і выганяць, гэта вялікае шчасьце.
  • Быў момант, калі думала, што больш ніколі ня буду сустракацца з мужчынамі. А потым у мяне зьявіўся малады чалавек, ён пачаў размаўляць зь дзецьмі. І дзеці ўпершыню сказалі: у нас сям’я.
  • Ёсьць розныя жанчыны. У маёй вёсцы жанчыны нараджаюць па пяць дзяцей, муж іх зьбівае, яны жывуць і нічога не мяняюць у сваім жыцьці.

Вось што расказвала Натальля год таму.


«Гэта было як другое нараджэньне для сына»

— Зьмянілася за год шмат. Зьмянілася яшчэ тады, калі жыла ў «Радзіславе». Найперш у дзяцей. Гэта для мяне галоўнае. Дзеці вучыліся ў дзьвюх розных школах для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця ў двух розных гарадах. Старэйшаму сыну тры гады таму паставілі дыягназ разумовая недастатковасьць. Супрацоўнікі «Радзіславы» падказалі, куды зьвярнуцца, каб перагледзіць дыягназ, які сыну не хацелі здымаць доўгі час.

Псыхолягі працавалі з сынам і бачылі, што ён адэкватны, нармальны, разумовай недастатковасьці няма, а ў школе даказвалі адваротнае і трымалі яго як паказальнага... Усё заняло пяць месяцаў. Вазілі сына да добрых лекараў у Менску, да якіх было вельмі складана запісацца. Тры месяцы чакалі ў чарзе. У выніку ўдалося зьняць дыягназ разумовая недастатковасьць і перавесьці на маўленчую алалію (адсутнасьць ці недаразьвіцьцё гаворкі ў дзяцей, не абумоўленыя дэфэктамі інтэлекту і слыху — РС).

Удалося перавесьці яго ў лепшую школу, дзе вучыцца малодшы сын. Гэта было для мяне як другое нараджэньне для яго. Калі на тваім сыне стаіць такая пячатка, калі ягоны лёс можа быць зламаны, а ты, маці, нічога ня можаш з гэтым зрабіць... Дзякуючы «Радзіславе» усё атрымалася. Цяпер дзеці жывуць у Вялейскай школе-інтэрнаце. Я ежджу да іх на выходныя, забіраю на вакацыі. Школа, у якой яны вучацца, на першым месцы ў Беларусі па навучаньні дзяцей з асаблівасьцямі маўленьня. Вялізарны паклон пэдагогам, выхавацелям, дарэктару, намесьнікам. Яны робяць значна больш чым проста сваю працу.

Маўленчая алалія — складаная рэч. Старэйшы сын практычна не размаўляў у 9 гадоў, калі вучыўся ў старой школе. У апошнюю чвэрць вясной яго перавялі ў новую школу, і за два месяцы зьявіліся добрыя зрухі ў пляне маўленьня, псыхікі, маторыкі. У старой школе ён быў вельмі агрэсіўным, меў дрэнныя паводзіны, а тут усё зьмянілася. Два браты цяпер разам, і мне лягчэй.

Так, мне цяжка, што дзеці ня побач. І многія мне кажуць у твар, табе добра, ты сама па сабе. Яны не разумеюць гэтага болю. Я кожны дзень за іх перажываю, баліць сэрца. Я тэлефаную ім, дзеці ў маіх думках заўсёды, ня дай Бог нешта здарыцца. У той жа час я разумею, што яны там вучацца дзеля будучыні, бо калі перавесьці ў звычайную школу, зь імі ня будуць столькі займацца. Я ж жадаю для іх лепшай будучыні. Цярплю, бо трэба нечым ахвяраваць.

«Я стала больш незалежная, упэўненая ў сабе, зьявіліся новыя мэты»

Натальля
Натальля

— Маё жыцьцё зьмянілася ў лепшы бок. Я стала больш незалежная, больш упэўненая ў сабе, зьявіліся новыя мэты. Я змагла разьвівацца. У «Радзіславе» мне дапамаглі зрабіць першапачатковы крок, аплацілі курсы манікюру. Гэта была мара. Я вельмі хацела рабіць манікюр, займацца пазногцямі. Гэта плянуецца як дадатковы заробак. У траўні я прайшла курсы, вучуся далей, пляную пайсьці на падвышэньне кваліфікацыі.

З «Радзіславы» зьехала пры канцы траўня. Пражыла там роўна год. Кватэру знайшла ізноў жа дзякуючы супрацоўнікам «Радзіславы» (іх знаёмыя здалі кватэру). Калі жывеш асобна, маеш нейкі куток, нават ня свой, але ведаеш, што ёсьць куды прыйсьці, што цябе ня будуць біць, выганяць адтуль, гэта вялікае шчасьце.

Ніякіх адносінаў з бацькам дзяцей у мяне няма. Зь дзецьмі ён бачыўся летам. Канфліктаў няма, адносінаў таксама. Зрэдку ўзьнікаюць нейкія пытаньні, якія тычацца папераў. Ён пакінуў мяне ў спакоі. На гэта спатрэбілася два гады.

Зьявілася і асабістае жыцьцё, у мяне ёсьць малады чалавек. Я вельмі асьцярожная, бо мела нядобры досьвед. Цяпер я ўмею выстаўляць межы, прыглядаюся да яго, каб руку не падымаў, каб была павага. Самае галоўнае, што дзеці да яго добра ставяцца, і ён дапамагае мне ў выхаваньні дзяцей. Ён і ўтрымлівае іх, гэтак жа як і мяне.

Быў момант, калі я думала, што больш ніколі ня буду сустракацца з мужчынамі. Потым падумала, што ўсё ж двое дзяцей, двое хлопцаў, якім патрэбнае мужчынскае плячо. Калі ў мяне зьявіўся малады чалавек, ён пачаў размаўляць зь дзецьмі, весьці выхаваньне. У мяне дзеці зьмяніліся. Такога не было ў шлюбе. Дзеці ўпершыню сказалі: у нас сямʼя. Яны яго пачалі бацькам называць. А дзеці да сябе чужых і дрэнных людзей не падпусьцяць.

Я падумала, а можа і паспрабаваць. Ня ўсе ж мужчыны дрэнныя. Проста своечасова трэба выстаўляць межы, мець павагу адзін да аднаго, праблемы разам вырашаць, чаго мне не хапала ў сямʼі. Мы не вырашалі праблемы ўдвох, кожны быў сам па сабе. Я лічу, што можна спрабаваць, галоўнае з розумам. Пакуль так. Далей пажывем, пабачым.

«Калісьці я апынулася на вуліцы з двума дзецьмі, таму разумею іншых»

Натальля
Натальля

— Сны яшчэ бываюць пра тое, што было. Успаміны засталіся, іх ня выкінеш з галавы. Калі ёсьць нейкія праблемы зь дзецьмі, з жытлом ці працай, пачынаеш пракручваць тое, што раней было — дом, праца, свой куток... А потым думаеш, што 9 гадоў было страчана. Як можна было ўсё інакш зьмяніць, калі б я раней сышла. У мяне ёсьць псыхатэрапэўт, да якога я магу часам зьвяртацца. Я лічу, што гэта нармальна. Гэтыя эмоцыі ня трэба трымаць у сабе. Мінулае я адпусьціла, але ўспаміны ўсё роўна накатваюць часам.

У «Радзіславе» была юрыдычная і псыхалягічная дапамога. Вялікі штуршок быў у пляне дзяцей, жытла, працы. Узімку я мела працу, якую мне знайшла Воля Гарбунова (была кіраўніца «Радзіславы» — РС). Потым я перайшла на іншую працу, але з кастрычніка ізноў пайду туды працаваць. І ўсе гэта дзякуючы супрацоўнікамі «Радзіславы».

Я падтрымліваю адносіны з жанчынамі, зь якімі жыла ў «Радзіславе». З дзьвюма вельмі шчыльна, бо яны ў Менску. Трэцяя жыве ў іншым горадзе, таму мы кантактуем па тэлефоне ці калі яна ў Менск прыяжджае. Людзі, якія былі ў такой жа сытуацыі як ты, могуць цябе зразумець, ад іх не чакаеш падвоху, зла. Яны выручаюць. Калі я ляжала летам у шпіталі, дзяўчаты з «Радзіславы» былі з маімі дзецьмі. Родны брат жыве ў Менску, таксама часам дапамагае.

Цяпер да мяне прыяжджае пажыць дзяўчына з двума дзеткамі. Яна ўжо высяляецца з «Радзіславы», і ў яе крыху затрымка са здымнай кватэрай. Прыяжджае да мяне на тыдзень. Гэта ўзаемадапамога. Калісьці я апынулася на вуліцы з двума дзецьмі, таму разумею іншых.

Што параіць жанчынам, якія знаходзяцца ў такой сытуацыі я калісьці?

— Калі б я раней ведала пра «Радзіславу», можа, тады б і сышла. Галоўнае — зрабіць першы крок і не баяцца. Калі ты будзеш баяцца, ніколі ад гвалтаўніка ня сыдзеш. Я гэты крок зрабіла не адразу. У мяне былі спробы, але не было каму мяне падтрымаць. Галоўнае — падтрымка, але трэба гэтага захацець. Калі сама ня захочаш, ніхто ня зможа дапамагчы і зьмяніць тваё жыцьцё... У мяне ёсьць жаданьне атрымаць адукацыю. Мне яшчэ толькі 26 гадоў.

Ці патрапіць у небясьпеку жанчына, якая сустрэнецца з маім былым мужам? Першапачаткова чалавек паказвае сябе з добрага боку, таму спачатку гвалту ня будзе. А калі яна зь ім пачне жыць, больш чым упэўненая, што трапіць у небясьпеку. Людзі, якія паднімаюць руку, не мяняюцца. Гэта зьмяніць нельга....

Я яго кахала вельмі... Тады яшчэ глупства, маладосьць была, бацькоў не было, падказаць не было каму. І сысьці не было куды. А чалавек мяне ня чуў. Пад канец усё было як на выбуху. Калі б у мяне быў на той час такі розум, як цяпер, я б зь ім не жыла. З розумам жанчына ня будзе зь ім жыць.

Хаця, можа, камусьці і падабаецца. Ёсьць розныя жанчыны. Шмат ёсьць прыкладаў з той жа вёскі. Жанчыны нараджаюць па пяць дзяцей, муж іх зьбівае, яны жывуць і нічога не мяняюць у сваім жыцьці. І ня хочуць мяняць. Мой былы муж ня піў, але з псыхікай у яго было ўсё дрэнна. Вось так досьвед маю, зрабіла высновы. Мяняю жыцьцё да лепшага.

Гісторыя першая. Аптымістычная

Неўзабаве на сайце Свабоды чытайце гісторыю Аліны, якую моцна зьбіваў спачатку бацька, а потым брат, якая цяпер працуе валянтэркай у доме для састарэлых людзей у Чэхіі.

  • У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.
  • Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.
  • Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створанае ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.
  • Кругласутачны тэлефон экстраннай дапамогі — 8029 610 83 55 email: kartanasiliya@gmail.coм
  • Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

    У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

    Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

    Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

    У канцэпцыі таго законапраекту:

    • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
    • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
    • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

    Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.


Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG