25 лістапада пачынаецца міжнародная кампанія ААН па барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і дзяўчынак, паведамляе Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).
Мэта кампаніі — актывізаваць намаганьні грамадзянскай супольнасьці, ураду і ўстаноў сыстэмы ААН па выкараненьні гвалту па ўсім сьвеце.
У сваёй заяве генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш адзначыў, што гендэрны гвалт зьяўляецца сур’ёзнай перашкодай на шляху да справядлівага міру і ўстойлівага разьвіцьця.
Паводле вынікаў дасьледаваньня, у Беларусі кожная другая жанчына хоць раз падзьвяргалася той ці іншай форме гвалту. Дасьледаваньне праводзіў Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі у 2018 годзе па замове ЮНФПА, паведамляе БелаПАН.
Згодна з міжнароднай статыстыкай, кожная трэцяя жанчына ў сьвеце сутыкаецца з сэксуальным або фізычным гвалтам.
Кампанія «16 дзён актывізму супраць гвалту ў адносінах да жанчын» працягнецца ў Беларусі да 10 сьнежня, Дня правоў чалавека. У гэтым годзе кампанія праходзіць пад лёзунгам «Пафарбуй сьвет у аранжавы колер» з хэштэгам #HearMeToo.