«Дзяцей гвалцяць гадамі, на падставе бацькоўскага клопату і любові, прыпякаюць прасамі і цыгарэтамі, бо „дрэнна сябе паводзілі“, ня кормяць і выкідваюць на вуліцу. Вось гэта традыцыйныя каштоўнасьці, гэта норма для нашых вялікіх беларускіх сямейных каштоўнасьцяў», — напісала ўчора ў фэйсбуку Вольга Гарбунова стваральніца і кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава».
Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў законапраект аб хатнім гвалце, беларусы пачалі пісаць уласныя гісторыі пра гвалт у сем’ях. Пад хэштэгамі #мистерпрезидент, #традиционнаясемья, #это_наши_традиции, карыстальнікі фэйсбука пішуць шакуючыя гісторыі пра тое, як бацькі зьдзекуюцца зь дзяцей і жонак.
«Мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцыяў і нашага жыцьцёвага досьведу. [ ] Добрая папруга часам таксама карысная для дзіцяці», — сказаў учора Аляксандар Лукашэнка, крытыкуючы законапраект аб хатнім гвалце.
Фізычныя пакараньні дзецям Лукашэнка назваў «нашай традыцыяй, нашым жыцьцём, і мы будзем выхоўваць так, як трэба».
Прыводзім тут публічныя допісы наконт хатняга гвалту.