Палітык, філёзаф, пісьменьніца і былая дэпутатка парлямэнту Беларусі Вольга Абрамава пракамэнтавала заяву дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Ігара Марзалюка пра тое, што «законапраект супраць хатняга гвалту "супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям"».
Вялікае, вельмі асабістае інтэрвію Вольгі Абрамавай для Радыё Свабода выйдзе на наступным тыдні. Прапануем фрагмэнт размовы на тэму хатняга гвалту.
— У адным з інтэрвію вы казалі пра тое, што нельга маўчаць пра зьдзекі зь бездапаможных дзяцей, пра гвалт у сямʼі. Тэма гвалту ў сямʼі — скразная ў вашай дакумэнтальнай аповесьці «Апаленая холадам». Калі вы былі дэпутаткай напачатку 2000-х, з ініцыятывы дэпутаткі Надзеі Цыркун прадпрымаліся спробы ініцыяваць закон аб папярэджаньні хатняга гвалту, мінула шмат гадоў, гэтага закону ўсё яшчэ няма, але пэўныя крокі ўжо прадпрынятыя. Як вы лічыце, наколькі глыбока гэты гвалт у сямʼі за закрытымі дзьвярыма распаўсюджаны ў нашым грамадзтве? Чаму важна не маўчаць пра яго? Як бы вы пракамэнтавалі сёньняшнюю заяву Ігара Марзалюка што да канцэпцыі закону?
— Я нешта не зразумела, Марзалюк прытрымліваецца традыцыйных каштоўнасьцяў ці ён супраць іх. Дамастрой трэба яшчэ дастаць, абцерці пыл і чытаць... Самае то будзе.
Суааўтаркамі закону аб папярэджаньні гвалту ў сямʼі былі дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Цыркун і Бурава, ініцыятаркай — Цыркун. Адмова ад прыняцьця закону стала доказам дамінаваньня патрыярхальных поглядаў як сярод дэпутатаў, так і сярод выканаўчай улады. У адной з вашых перадачаў Альгерд Бахарэвіч казаў, што Беларусь нясе на сябе адбітак сялянскай псыхалёгіі. У сяле гвалт у сямʼі лічыцца прыватнай справай. Там дзейнічае кругавая парука не выносіць сьмецьце з хаты.
Мая кніга «Апаленая холадам» — гэта адначасова і тэст на патрыярхальнасьць. Прыкладна 5 працэнтаў тых, хто палічым патрэбным паведаміць мне пра сваё бачаньне і ўспрыманьне кнігі, гэты тэст не прайшлі. Таксама мая кніга была спробай разбурыць дрэнныя стэрэатыпы. Паводле розных ацэнак ад 30 да 40 працэнтаў нашых людзей спазнаюць гвалт у семʼях — фізычны, эканамічны, псыхалягічны. Закон дапаможа змагацца з гвалтам і зьмяніць стаўленьне ў грамадзтве да гвалту ў сямʼі на нецярпімае.