Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт адмовіў у дапамозе». Жанчыны зьбіраюцца змагацца за закон аб процідзеяньні хатняму гвалту


Жанчыны, якія выступаюць за прыняцьце закону аб процідзеяньні хатняму гвалту, вырашылі сабрацца ў галерэі «Ў», каб вызначыцца з агульнымі дзеяньнямі.

Інфармацыя пра сустрэчу разьмешчана ў «Фэйсбуку» ў суполцы «Маршыруй, дзетка!».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 5 кастрычніка выказаўся рэзка супраць законапраекту «Аб процідзеяньні хатняму гвалту», «Усё гэта дурасьць, узятая перш за ўсё з Захаду, — казаў Лукашэнка. — Вы можаце не перажываць, і народ хай не хвалюецца — мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцыяў і нашага жыцьцёвага досьведу».

Ён абурыўся тым, што выкарыстоўваецца «модная на захадзе фармулёўка», бо «у іх неўзабаве сем’яў ня будзе: мужык з мужыком жэніцца або замуж выходзіць, дзяцей няма каму нараджаць, а мы ў іх пазычаем нейкія нормы паводзінаў у сямʼі».

Паводле Лукашэнкі, займацца законапраектам супраць хатняга гвалту мусіла не Міністэрства ўнутраных справаў, а іншыя структуры: «прадстаўнікі органаў улады на месцах», грамадзкія арганізацыі, урад і ягоная адміністрацыя.

З боку праваахоўнікаў трэба проста «ўлічыць думку» міліцыі, дадаў Лукашэнка, але заявіў, што можна абысьціся зьменамі ў дзейныя законы, а не прымаць асобны супраць хатняга гвалту.

Над канцэпцыяй законапраекту працавалі фонд ААН у галіне народанасельніцтва і міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы», а таксама Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын.

«Ужо немагчыма маўчаць і нічога не рабіць»

Актывістка Сьвятлана Гатальская сказала карэспандэнту Свабоды, што ініцыятыва пра сустрэчу ўзьнікла пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што закон аб прадухіленьні хатняга гвалту прымаць ня трэба.

«Я і мае каляжанкі вельмі чакалі вырашэньня гэтай справы. Мы вельмі спадзяваліся, што законапраект будзе прыняты, бо мы вельмі добра разумеем, чаму гэта актуальна для нашай краіны. Кожная трэцяя жанчына ў Беларусі мае патрэбу ў дапамозе ад дзяржавы. І прэзыдэнт адмовіў у гэтай дапамозе. Я, усе мае сяброўкі і калегі былі ў шоку. І проста прыйшоў такі момант, калі немагчыма маўчаць і нічога не рабіць», — сказала Сьвятлана Гатальская.

«Бязьдзеяньне ўжо немагчымае»

На гэты момант каля 80і чалавек пацьвердзілі ўдзел у сустрэчы ў галерэі «Ў». Сярод іх кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова, кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады гендэрнай палітыкі Ірына Альхоўка, якая ў складзе рабочай групы пры МУС працавала над канцэпцыяй закону, Аляксандра Дзікан з Цэнтру па прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы», прадстаўніцы Асацыяцыі маладых беларускіх хрысьціянскіх жанчын.

«Мы падумаем разам, што мы можам зрабіць. Бо немагчыма гэта так пакінуць. Закон неабходны гэтай краіне, неабходны ўсім жанчынам, якія знаходзяцца ў сытуацыі хатняга гвалту і ніяк не могуць зь яе выйсьці, на жаль, самастойна. Таму сёньня мы будзем думаць разам, што мы можам зрабіць, якія дзеяньні. Бо бязьдзеяньне ўжо немагчымае», — сказала Сьвятлана Гатальская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG