Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дрэнны сон уплывае на ціск


Апублікаваныя ў пачатку чэрвеня 2019 году вынікі новага дасьледаваньня сьведчаць, што дрэнны сон можа прывесьці да рэзкага скачку крывянога ціску ў тую ж ноч і на наступным дзень. Пра гэта піша амэрыканскі бізнэс-партал marketwatch.com

Новае дасьледаваньне

Мэдыкі з Унівэрсытэту Арызоны правялі экспэрымэнт з удзелам 300 мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 21 да 70 гадоў. Усе ўдзельнікі ня мелі ніякіх праблем з сэрцам у анамнезе. Кожны зь іх атрымаў па два электронныя бранзалеты, адзін зь якіх кожныя 45 хвілін мераў ціск, а другі быў «актыграфічным маніторам», які вызначаў эфэктыўнасьць сну.

Аказалася, што тыя з удзельнікаў, хто меў нізкую эфэктыўнасьць сну, мелі і больш высокі крывяны ціску у тую ж неспакойную ноч. У гэтых жа людзей быў і больш высокі сысталічны (або верхні) крывяны ціск на працягу наступнага дня.

Аўтары дасьледаваньня кажуць, што ў сьвеце існуе даволі шмат літаратуры пра ўплыў сну на здароўе чалавека, у тым ліку і пра тое, што дрэнны сон зьвязаны з сардэчна-сасудзістымі хваробамі. У гэтым дасьледаваньні навукоўцы хацелі, як яны кажуць, атрымаць фрагмэнт такой гісторыі, і гэта ў іх атрымалася.

Чым пагражае недахоп сну

Раней лекары падлічылі, што ў тых, хто мала сьпіць, рызыка сьмерці ад ішэмічнай хваробы сэрца павялічваецца на 48%, а рызыка памерці ад інсульту павялічваецца на 15%. Гэтыя лічбы паходзяць з апублікаванага яшчэ ў 2011 годзе дасьледаваньня, падчас якога была прааналізаваная сувязь паміж станам здароўя і сном 475 000 чалавек, старэйшых за 25 гадоў.

Навукоўцы таксама сьцьвярджаюць, што недахоп сну на працягу доўгага часу зьвязаны з кальцыфікацыяй артэрый, гіпэртаніяй, выдзяленьнем так званага С-рэактыўнага бялку, зьвязанага са стрэсам і запаленьнем, а таксама зьніжэньнем узроўню інсуліну, які рэгулюе ўзровень цукру ў крыві.

Адсутнасьць доўгіх пэрыядаў адпачынку ў выглядзе добрага сну спрыяе выдзяленьню хімічных рэчываў, якія не дазваляюць арганізму нармалізаваць частату сардэчных скарачэньняў і зьнізіць артэрыяльны ціск.

Дапаможа і дыета

Калі размова заходзіць пра здаровы сон і яго сувязь з сардэчным здароўем, лекары кажуць, што зьнізіць крывяны ціск дапамагаюць і дыеты, у прыватнасьці, дыета Dash. Гэтая дыета рэкамэндуе спажываць садавіну, гародніну, арэхі, цэльназерневыя прадукты, птушку, рыбу і нятлустыя малочныя вырабы.

Дыета Dash вельмі блізкая да так званай міжземнаморскай дыеты, але, у адрозьненьне ад апошняй, выключае ўжываньне вяршкоў і алькагольных напояў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG