Многія людзі маюць праблемы са сном або проста ня маюць дзеля жыцьцёвых абставінаў магчымасьці добра выспацца.
Лекары кажуць, што недахоп сну асабліва адбіваецца на трох галінах дзейнасьці чалавека: эмацыйнай, фізычнай і пазнавальнай. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Алівія Дэлонг.
Эмацыйны эфэкт
Калі ваш партнэр ці партнэрка заўважаюць, што вы больш раздражнёныя пасьля ночы, гэта можа азначаць, што вы ня выспаліся.
Лекары называюць гэта адмоўнай рэактыўнасьцю. Дастаткова недаспаць дзьве гадзіны ў параўнаньні з вашай звычайнай нормай, і вы будзеце назаўтра глядзець на рэчы хутчэй у адмоўным ключы, чым станоўчым.
Узьдзеяньне на памяць
Дасьледаваньні паказваюць, што ў людзей, якія сьпяць дастаткова, вобласьці мозгу, адказныя за дакладнасьць і хуткасьць памяці, больш актыўныя чым у тых, хто сьпіць недастаткова.
Іншыя дасьледаваньні выявілі, што калі чалавек запамінае нешта перад сном, ён памятае гэта значна даўжэй.
І наадварот. Лекары кажуць, што калі чалавек не высыпаецца, ён пачынае забываць элемэнтарныя рэчы, напрыклад месца, дзе паклаў ключы ад машыны або рэчы, якія зьбіраўся купіць у краме.
Больш за тое, нявыспаны чалавек мае праблемы з прыняцьцем рашэньняў.
Фізычны эфэкт
Недахоп сну (як і яго збытак) моцна ўплывае на абмен рэчываў.
Вялікае дасьледаваньне, праведзенае у Паўднёвай Карэі сярод 133 тысяч мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 40 да 69 гадоў, паказала, што ў тых, хто сьпіць або менш за шэсьць гадзін або больш за дзесяць гадзін, лёгка разьвіваецца так званы мэтабалічны сындром. Сярод прыкметаў гэтага нездаровага стану: высокі ціск, лішняя вага і падвышаны ўзровень халестэрыну.
Асабліва лекары зьвяртаюць увагу на недахоп сну і яго сувязь з атлусьценьнем. Аказваецца недасыпаньне прыводзіць да зьніжэньня ўзроўню гармону лептыну, які сыгналізуе пра насычэньне, і падвышае ўзровень грэліну, які павялічвае пачуцьцё голаду.
Таксама недахоп сну павялічвае цягу да салодкага.
Траўматызм
Сярод іншых непажаданых эфэктаў недасыпаньня: рост колкасьці аварыяў на дарогах і траўмаў на працоўным месцы.
Так што калі вы маеце праблемы са сном, самае лепшае, што можна зрабіць, гэта выспацца або пацікавіцца ў лекара, як нармалізаваць сон.