Вынікі новага мэдычнага дасьледаваньня паказваюць, што людзі павінны зьвяртаць больш пільную ўвагу на якасьць свайго сну. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Бэт Уорд.
Разбуральнае ўзьдзеяньне дрэннага сну
Навукоўцы пад кіраўніцтвам прафэсара Валерыя Гафарава з Расейскай акадэміі мэдычных навук правялі дасьледаваньне, у якім узялі ўдзел 657 мужчын ва ўзросьце 25-64 гадоў. Усе яны ня мелі ў анамнезе інсультаў, сардэчных прыступаў або дыябэту.
Лекары выкарысталі агульнапрынятую шкалу якасьці сну, каб высьветліць якія канкрэтна ва ўдзельнікаў экспэрымэнту былі парушэньні і ці былі яны наогул. А пасьля параўналі атрыманыя дадзеныя з выпадкамі інсультаў і інфарктаў у гэтай групе людзей за наступныя 14 гадоў.
Прафэсар Гафараў са сваёй групай атрымаў вельмі трывожныя вынікі. Аказалася, што тыя ўдзельнікі экспэрымэнту, у якіх былі праблемы са сном, мелі ў два з паловай разы большую рызыку сардэчных прыступаў і ў чатыры разы большую рызыку інсультаў.
Замежная рэакцыя на новае дасьледаваньне
Новае адкрыцьцё было настолькі важным і сур’ёзным, што яго аўтары заклікалі ўключыць дрэнны сон ў пералік фактараў рызыкі разьвіцьця сардэчна-судзiнных хваробаў нароўні з курэньнем, недахопам фізычных практыкаваньняў і дрэнным харчаваньнем.
Высновы расейскіх навукоўцаў былі высока ацэненыя мэдыкамі ў іншых краінах.
Нэгатыўныя наступствы дрэннага сну для здароўя вывучаліся і раней. Была знойдзена сувязь паміж няспаньнем або недахопам сну зь вялікім спэктрам мэдычных праблем — ад хранічнага болю да дэмэнцыі.
Але менавіта новае дасьледаваньне, як сказаў доктар мэдыцыны Джэмі Фэрнандэз з гораду Тампа ў Флорыдзе (ЗША), стала адным зь першых, якія выразна паказалі сувязь паміж дрэнным сном і сардэчным прыступам ды інсультам.
Здаровы сон і здароўе мозгу
Здаровы і дастатковы сон важны ня толькі для добрага агульнага самаадчуваньня. Важны ён і для здароўя мозгу, нашай псыхікі.
Статыстыка, паводле доктара Фэрнандэза, сьведчыць, што дзьве траціны пацыентаў з парушэньнямі сну маюць тыя або іншыя псыхічныя праблемы.
Колькі трэба спаць
Доктар Фэрнандэз раіць 7-9 гадзін як аптымальную колькасьць сну, хаця розныя людзі могуць мець розныя патрэбы.
Менш за 6 гадзін сну могуць выліцца ў канцы жыцьця ў розныя захворваньні, у тым ліку ў высокую рызыку заўчаснай сьмерці.
Разам з тым, некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што сон ад 9 да 10 гадзін у суткі таксама можа выклікаць пагаршэньне здароўя.
Парады доктара Фэрнандэза
Калі ў вас ёсьць праблемы са сном, зьвярніце ўвагу на яго гігіену.
- Не бярыце снатворнае, выключыце кампутары, тэлевізары і мабільныя тэлефоны перад сном і, тым больш, не нясіце іх з сабой у ложак ці ў спальню.
- Старайцеся прытрымлівацца жорсткага графіка сну. Лепш за ўсё класьціся і ўставаць у адзін і той жа час, нават у выхадныя.
- Трэба зьвесьці да мінімуму спажываньне алькаголю, не даваць сабе цяжкай фізычнай нагрузкі перад сном і старацца ня спаць днём пасьля 15.00.
Калі ж у вас ёсьць праблемы з храпам ці апноэ (перапынкі ў дыханьні падчас сну), зьвярніцеся да свайго лекара.