Поза начнога сну можа мець вялікі ўплыў на здароўе. Напрыклад, сон на сьпіне трымае галаву, шыю і хрыбетнік ў зручным нэўтральным становішчы. Сон, на баку можа паменшыць кіслотны рэфлюкс. А сон на жываце, паводле лекараў, ня вельмі добрая ідэя для суставаў.
Пра выгады і шкоды розных поз на сайце sharecare.com піша Алівія Дэланг.
Зародкавая поза
Самай папулярнай позай сну зьяўляецца зародкавая. Гэтак навукоўцы называюць позу, калі чалавек сьпіць з падкурчанымі нагамі. Паводле статыстыкі 41% людзей сьпяць менавіта так.
Лекары кажуць, што такая поза карысная цяжарным жанчынам. Сон на левым баку можа стымуляваць добры прыток крыві па ўсім целе і да плода. Ён таксама можа абараніць матку ад ціску на яе асноўнай крывяносныя судзіны.
Калі вы сагняцеся ў клубок занадта моцна, гэта можа прывесьці да боляў у сьпіне і суставах
Зародкавая поза карысная для тых, хто храпе, бо дазваляе дыхальным шляхам заставацца адкрытымі.
Але ёсьць і рызыкі. Калі вы сагняцеся ў клубок занадта моцна, гэта можа прывесьці да боляў у сьпіне і суставах.
Так што спрабуйце трымаць цела трохі раўней, менш падцягваць ногі да тулава і, нават, пакласьці маленькую падушку паміж каленяў, калі адчуваеце дыскамфорт у сьцёгнах.
На баку
15% дарослага насельніцтва аддаюць перавагу сну на баку. Добрая навіна заключаецца ў тым, што гэта выдатная пазыцыя для тых, хто мае з кіслотны рэфлюкс або храпе. Сон на адным з бакоў выцягвае пазваночнік і дапамагае трымаць дыхальныя шляхі адкрытымі.
Лепш за ўсё падчас сну на баку трымаць ногі і тулава роўна. Варта таксама мяняць бакі, каб на твары з аднаго боку не ўтвараліся лішнія маршчыны.
На жываце
Спаньнем на жываце вы можаце зрабіць свайго партнэра больш шчасьлівым, бо ў гэтай позе амаль ніхто не храпе. Але ў гэтай позы, апрача адсутнасьці храпу, амаль няма перавагаў.
Сон на жываце можа аказваць непатрэбны ціск на мышцы і суставы. З прычыны адгінаньня шыі назад пазваночнік застаецца напружаным, што можа выклікаць здранцьвеньне, паколваньне, боль і нават пашкоджаньне нэрваў у гэтых частках цела.
На сьпіне
Толькі 8% людзей сьпяць на сьпіне. Парадокс заключаецца ў тым, што паводле Нацыянальнага фонду сну ЗША, спаньне на сьпіне зьяўляецца найлепшай позай для чалавека. Калі вы лежыце на сьпіне, галава, шыя і хрыбетнік знаходзіцца ў стане спакою ў нэўтральным стане. Ціск на гэтыя часткі цела зьведзены да мінімуму.
для тых, хто храпе або мае болі ў сьпіне, гэтая поза не найлепшая
Тым ня менш, калі вы пакутуеце на апноэ (эпізадычнае спыненьне дыханьня падчас сну) поза на сьпіне можа пагоршыць праблемы з дыханьнем. Таксама і для тых, хто храпе або мае болі ў сьпіне, гэтая поза не найлепшая.
Калі вы маеце адну з гэтых праблемаў і любіце спаць на сьпіне — падкладзіце пад калені падушку, каб зьменшыць ціск на хрыбетнік. Таксама вельмі важна дастаткова падтрымліваць галаву і цела падушкай.
Якая ж поза найлепшая?
Для большасьці людзей найлепшай позай зьяўляецца спаньне на сьпіне. Але, у прынцыпе, адмоўныя і станоўчыя бакі ёсьць у кожнай позе. Таму найлепш іх пэрыядычна мяняць. Калі ж раніцай вы адчуваеце боль або дыскамфорт у нейкай частцы цела, гэта якраз і ёсьць сыгнал да зьмены позы.