Сёньня працягваем размову пра магчымасьці прадухіленьня артэрыяльнай гіпэртэнзіі — стабільна павышанага артэрыяльнага ціску з пашкоджаньнем унутраных органаў, найперш сэрца, галаўнога мозга і судзінаў — у сталым узросьце.
У папярэднім тэксьце гаворка ішла пра тое, як правільна саліць ежу. Сёньня засяродзімся на выніках навуковых дасьледаваньняў, якія раскрываюць ролю кальцыю ў разьвіцьці артэрыяльнай гіпэртэнзіі.
у сталым узросьце разьвіцьцё артэрыяльнай гіпэртэнзіі правакуе як недахоп, так і залішняе спажываньне кальцыю
Згодна з сучаснымі дадзенымі, у сталым узросьце разьвіцьцё артэрыяльнай гіпэртэнзіі правакуе як недахоп, так і залішняе спажываньне кальцыю. Празьмернае спажываньне кальцыю можа мець месца пры актыўным карыстаньні вітамінамі і біялягічна актыўнымі дабаўкамі, таму перад тым як пачаць іх прымаць неабходна пракансультавацца са сваім лекарам. Яны могуць быць зусім не нэўтральнымі і не палепшаць стан здароўя менавіта ў вашым выпадку.
Лічыцца, што пасьля 50 гадоў спажываньне кальцыю павінна знаходзіцца ў дыяпазоне ад 1,0 да 1,5 грамаў, і менавіта гэта станоўча адбіваецца на пказьніках артэрыяльнага ціску. У звычайных, даступных сярэднестатыстычнаму беларусу, прадуктах болей за ўсё (у разьліку на 100 грамаў прадукту) кальцыю знаходзіцца ў галяндзкім ці расейскім сыры — 1040 мг, таксама шмат кальцыю ў кунжуце — 800 мг, брынзе — 530 мг, у плаўленым сырку ўтрымліваецца 300 мг кальцыю.
празьмернае ўжываньне алькаголю прыводзіць да разьвіцьця артэрыяльнай гіпэртэнзі
Зь іншых харчовых прадуктаў, якія ў сталым узросьце могуць паўплываць на узровень артэрыяльнага ціску, карысным можа быць спажываньне добрага, якаснага сухога чырвонага віна ў аб'ёме 150 — 200 мл не часьцей чым 5 разоў на тыдзень. Але, з другога боку, калі гэтая доза перавышаецца, то эфэкт будзе адваротным — празьмернае ўжываньне алькаголю прыводзіць да разьвіцьця артэрыяльнай гіпэртэнзіі.
Вядома, што мяккім супрацьгіпэртэнзіўным эфэктам у сталым узросьце валодае рыбны тлушч у дазіроўцы 2,7 грам штодзень.
Практычная парада: для прафіляктыкі павышэньня артэрыяльнага ціску ў сталым узросьце трэба спажываць кальцый у памеры 1,0 — 1,5 грамаў штодзень. Найбольш простым шляхам для гэтага зьяўляецца спажываньне галяндзкага ці расейскага сыру. Трэба кантраляваць спажываньне алькаголю, паколькі ў вялікіх дозах ён прыводзіць да павышэньня ціску. Карысным у якасьці прафіляктычнага сродку для прадухіленьня стабільна высокага артэрыяльнага ціску можа быць штодзённае спажываньне рыбнага тлушчу у аб’ёме каля 2,7 грам.