Кожная стадыя сну адыгрывае вырашальную ролю ў функцыях нашага арганізму. Здаровы сон — адна з галоўных умоваў агульнага здароўя чалавека. Пра тое, што з намі адбываецца падчас сну на сайце sharecare. com піша Алівія Дэлонг.
Атрыманьне дастатковай колькасьці сну важна па многіх прычынах, гэта запавольвае працэс старэньня, зьніжае ўзровень трывогі, павышае настрой, дапамагае падтрымліваць здаровую вагу і многае іншае. Нацыянальны фонд сну ЗША рэкамэндуе дарослым ад 18 да 64 гадоў спаць 7-9 гадзін у суткі.
Але што насамрэч адбываецца ў начны час? Вы можаце быць зьдзіўленыя, калі даведаецеся, што наш мозг не выключаецца падчас сну.
Канкрэтныя стадыі сну
Іх дзьве. Першая называецца NREM (ня хуткі рух вачэй). Гэтая стадыя займае каля 75 працэнтаў усяго сну і ўключае ў сябе яшчэ тры падстадыі — N1, N2, N3.
N1 або 1 этап: Гэта штосьці паміж няспаньнем і сном, самы лёгкі этап сну — ён займае каля 5 працэнтаў усяго часу спаньня.
N2, або 2 этап: Пачатак сну, агульная тэмпэратура цела зьніжаецца. Гэты этап займае ад 40 да 50 працэнтаў часу сну.
N3 або 3 і 4 этапы: Пачатак стадыі глыбокага сну, складае каля 20 адсоткаў часу сну
Другая стадыя сну называецца REM (хуткі рух вачэй). Яна займае каля 25 працэнтаў усяго начнога сну і пачынаецца прыблізна на 90-й хвіліне пасьля засынаньня. Фаза REM паўтараецца прыкладна чатыры-пяць разоў на працягу ўсёй ночы.
Гэтыя стадыі і этапы сну мы праходзім некалькі разоў за ноч. Спачатку надыходзіць лёгкі сон, пасьля глыбокі, пасьля зноў лёгкі і стадыя REM, пасьля мы прачынаемся на кароткі і ўсё паўтараецца зноў.
Падчас сну цела аднаўляецца фізычна
Падчас 3-га і 4-га этапаў стадыі NREM, калі мы спьтпім самым глыбокім сном, адбываецца фізычнае аднаўленьне арганізму. Мышцы расслабленыя, дыханьне запавольваецца, тканкі растуць і аднаўляюцца, адбываецца таксама аднаўленьне і назапашваньне энэргіі. На гэтым этапе арганізм выпрацоўвае гармоны, якія маюць вырашальнае значэньне для росту і разьвіцьця, у тым ліку разьвіцьцё цягліц.
Здаровы сон уплывае на апрацоўку інфармацыю і захаваньне ўспамінаў
Магчыма, нехта заўважыў, што пасьля неспакойнай ночы ёсьць праблемы з запамінаньнем і засяроджаньнем. Дасьледаваньні паказваюць, што сон мае вырашальнае значэньне для захаваньня успамінаў, прычым розныя фазы сну спрыяюць розным тыпам памяці, у тым ліку сэмантычнай і эпізадычнай памяці. Апошняй спрыяе стадыя NREM, а першай — REM і, часткова, 2-гі этап стадыі NREM.
Здаровае спаньне нараджае сны
Часам мы бачым сны, якія ўяўляюцца нам вар’яцкай сумесьсю фантазій і рэальнасьці. Гэта адбываецца пераважна падчас стадыі REM або глыбока сну. Экспэрты дагэтуль ня ведаюць дакладна, чаму мы бачым сны. Некаторыя мяркуюць, што сны могуць стымуляваць крэатыўнасьць і творчасьць. Іншыя лічаць, што сны дапамагаюць нам захаваць нейкую частку атрыманай за дзень інфармацыі. Большасьць людзей мае ад чатырох да шасьці сноў за ноч, але не заўсёды пра іх памятае. Ідэя, што сны спрыяюць творчасьці — даволі прывабная.
Як дамагчыся здаровага сну
Пазьбягайце працы з электроннымі прыладаў за некалькі гадзін да сну.
Рэгулярна займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі.
Пасьлядоўна трымайцеся свайго графіку сну, нават у выходныя. Самае важнае — час абуджэньня.
Не ўжывайце кафэін пасьля 14.00.
Не ўжывайце алькаголь 3 гадзіны перад сном.
Бывайце 15 хвілін на сонечным сьвятле кожную раніцу.
Калі ж маеце больш сур’ёзныя праблемы са сном, зьвяртайцеся да лекараў.