Калі вы будзеце трымаць у добрым стане сваё сэрца, гэта дапаможа і вашаму мозгу застацца здаровым. Пра гэта на сайце sharecare. com піша аўтарка Ornish Lifestyle Medicine Кара Рычлінг.
Новыя дасьледаваньні паказваюць, што здаровы, спрыяльны для сэрца лад жыцьця, а таксама харчаваньне на расьліннай аснове могуць зьменшыць ня толькі рызыку сардэчна-судзінных хваробаў, але і рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра.
Мноства фактараў, ня зьвязаных з генэтычнай спадчынай, могуць адыгрываць ролю ў разьвіцьці і цячэньні хваробы Альцгаймэра, у тым ліку дыета, лад жыцьця і навакольнае асяродзьдзе. Навукоўцы выявілі, што існуе ўзаемасувязь паміж зьніжэньнем кагнітыўных здольнасьцяў і судзіннымі праблемамі, такімі як хваробы сэрца, і хваробамі абмену рэчываў, напрыклад, дыябэту.
Хвароба Альцгаймэра
Распаўсюджанасьць гэтага захворваньня расьце па меры старэньня насельніцтва. У 2016 годзе, напрыклад, у ЗША 5,4 мільёна чалавек мелі хваробу Альцгаймэра. Кожныя 6 сэкунд нехта ў Злучаных Штатах пачынае хварэць на гэтую хваробу.
Акісьляльных стрэс (або пашкоджаньне клетак свабоднымі радыкаламі) спрыяе назапашваньню бялковых бляшак у мозгу
Адзін з трох чалавек, старэйшых за 65 гадоў, памірае ад ускладненьняў, зьвязаных з хваробай Альцгаймэра або іншых формаў дэмэнцыі, што робіць яе шостай вядучай прычынай сьмерці ў сьвеце.
Хвароба Альцгаймэра зьяўляецца незваротным, прагрэсуючым захворваньнем, пры якім клеткі мозгу разбураюцца і паміраюць, і, з цягам часу, мозг рэзка зьмяншаецца ў аб’ёме. Гэта выклікае ўстойлівае зьніжэньне памяці і амаль усіх псыхічных функцый.
Ёсьць два тыпы хвароба Альцгаймэра — раньняга пачатку і позьняга, і абодва тыпы маюць генэтычны кампанэнт.
Бялковыя адкладаньні ў галаўным мозгу, вядомыя як бляшкі і клубкі, часта сустракаюцца ў хворых на гэтую хваробу. Акісьляльных стрэс (або пашкоджаньне клетак свабоднымі радыкаламі) спрыяе назапашваньню гэтых бляшак.
Сувязь паміж сэрцам і галавой
Многія людзі не разумеюць, што хвароба Альцгаймэра і хваробы сэрца зьвязаны паміж сабой праз ген апаліпапратэіну Е (APOE ). Гэты ген ўдзельнічае ў стварэньні бялку, які дапамагае несьці халестэрын і іншыя віды тлушчаў у крыві. Форма APOE зьяўляецца асноўным вядомым фактарам рызыкі і для хваробаў сэрца, і для позьняй формы хваробы Альцгаймэра.
Акрамя таго вядома, што такія праблемы, як высокі крывяны ціск і высокі ўзровень халестэрыну, таксама павялічваюць рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра.
каля 80% людзей з хваробай Альцгаймэра таксама мелі сардэчна-судзінныя хваробы
Паталягаанатамічныя дасьледаваньні паказваюць, што каля 80% людзей з хваробай Альцгаймэра таксама мелі сардэчна-судзінныя хваробы. І ўсё ж большасьць навукоўцаў згодная з тым, што дакладная прычына хваробы Альцгаймэра застаецца пакуль нявызначанай.
Агулам лічыцца, што яна выклікаецца спалучэньнем генэтычных прычын, ладу жыцьця і фактараў навакольнага асяродзьдзя, якія ўплываюць на мозг на працягу доўгага часу.
Адным з такіх фактараў зьяўляецца акісьляльны стрэс, калі вытворчасьць свабодных радыкалаў пераважвае здольнасьць нашага цела процідзейнічаць іх шкоднаму ўзьдзеяньню.
Акісьляльны стрэс і свабодныя радыкалы могуць выклікаць разьвіцьцё хваробы Альцгаймэра нароўні з іншымі хранічнымі захворваньнямі — такімі як хваробы сэрца, нырак, рак і дыябэт.
Зьніжэньне рызыкі з дапамогай дыеты і ладу жыцьця
Дасьледаваньні апошніх год, у прыватнасьці вялікае дасьледаваньне 2016 году, паказваюць, што спажываньне мяса павялічвае рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра, а таксама дыябэту 2 тыпу і хранічнага захворваньня нырак.
ключом да дыетычнай сувязі з хваробай Альцгаймэра зьяўляецца спажываньне мяса
Дасьледчыкі вывучылі тыповыя дыеты ў 10 краінах сьвету і іх сувязь з хваробай Альцгаймэра. Аказалася, што ключом да дыетычнай сувязі з хваробай Альцгаймэра зьяўляецца спажываньне мяса. Пэўную ролю адыгрывае таксама спажываньне яек і малочных прадуктаў з высокім утрыманьнем тлушчу.
Яшчэ адна выснова, зробленая навукоўцамі — пераход на здаровую дыету ў маладыя гады здольны зьменшыць рызыку захварэць на Альцгаймэра пазьней. Пад здаровай дыетай разумеецца харчаваньне пераважна на расьліннай аснове — садавіна, гародніна, суцэльнае збожжа, бабовыя і абмежаваньне колькасьці спажыванага цукру і насычаных тлушчаў.
Гены — не прысуд
Іншае дасьледаваньне, зробленае таксама ў 2016 годзе, паказала, што калі спажываць вялікую колькасьць рафінаванага цукру, солі, жывёльнага бялку і тлушчу, а таксама невялікую колькасьць садавіны і гародніны, рызыка разьвіцьця хваробы Альцгаймэра павялічваецца.
Адпаведна, навукоўцы робяць выснову, што нават калі вы ўспадкавалі ад продкаў генэтычную схільнасьць да хваробы Альцгаймэра, гэта не зьяўляецца прысудам.
Здаровы лад жыцьця, рацыён харчаваньня, кантроль стрэсу, мэдытацыя, рэгулярныя фізычныя практыкаваньні, любоў і падтрымка блізкіх здольныя сур’ёзна паўплываць на разьвіцьцё хваробы — або адкласьці, або зусім нівэляваць.