Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машына часу няўмольна вяртае Беларусь у вечар 19 сьнежня 2010 году


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Ахамянуўшыся пасьля пэўнага шоку ад шырокіх акцый пратэсту, існы рэжым пераходзіць у наступ. Ён адмаўляецца ад зробленых саступак і вяртаецца да агрэсіўнай тактыкі супраць палітычных апанэнтаў. Такое галоўнае ўражаньне ад выступу Лукашэнкі ў Магілёве.

Калі раней паведамлялася, што прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне дэкрэту № 3, то цяпер Лукашэнка гэта адмаўляе. Пасьля 1 кастрычніка ўсе прэтэнзіі ўладаў адносна дармаедаў адновяцца. Цяпер проста кароткая перадышка.

Калі раней Лукашэнка хоць ускосна прызнаваў, што незадаволеньне насельніцтва мела пад сабой падставы, што нельга людзям забараняць пратэставаць, то цяпер ён агулам вінаваціць усіх, хто выходзіць на вуліцы, прадстаўляе іх як ворагаў, як «пятую калёну», або — на прыкладзе Магілёва — як дармаедаў, якія ня хочуць працаваць.

Ну, і татальная дыскрэдытацыя апазыцыі. Да іх прыклейваюць ярлыкі «баевікі», «правакатары». Гаворыцца, што яны хочуць заварыць у Беларусі крывавую кашу. У мэтадах асабліва не цырымоняцца. 19 сакавіка ў эфіры перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менску Іван Курбакоў заявіў, што ў затрыманых у менскім тралейбусе анархістаў былі нажы і кастэты. Аднак суды над затрыманымі былі адкрытыя, і там ніякай інфармацыі пра халодную зброю не гучала, пратаколаў аб выманьні гэтых прадметаў не было прадстаўлена.

Вось Лукашэнка ўжо другі дзень запар апавядае пра нібыта прарыў празь беларуска-ўкраінскую мяжу аўтамабіля са зброяй. Але пры бліжэйшым аглядзе выяўляюцца дзіўныя факты.

Па-першае, украінскія памежнікі рашуча адмаўляюць, што з тэрыторыі Ўкраіны ехала такая машына.

Па-другое, першапачаткова Дзяржаўны памежны камітэт паведамляў, што ў машыне быў пісталет маркі ТТ з двума магазынамі, а таксама «прадмет, вонкава падобны да тратылу і электрадэтанатараў». А ўжо ў паведамленьні тэлеканалу «Беларусь-1» там былі і ручныя гранаты, і самаробнае выбуховае прыстасаваньне.

Па-трэцяе, вось вэрсія Лукашэнкі, выкладзеная ў Магілёве: «Я паглядзеў гэты сюжэт — там ня ўсё паказалі. Мяне насьцярожыла, што знойдзены аўтамат бяз нумара».

Не зьдзіўлюся, калі хутка там знойдуць гармату. Спадарства, вы ўжо неяк дамоўцеся і ня блытайцеся ў паказаньнях. Мусіць, моцна сьпяшаюцца.

Наступны сюжэт — гэта вонкавы сьлед у апошніх падзеях. Напачатку «Советская Белоруссия» пераконвала, што за акцыямі пратэсту стаіць Расея. І сам Лукашэнка адразу пасьля вяртаньня з Сочы намякаў на гэтую вэрсію.

Цяпер зьявілася новая ўстаноўка: за ўсімі гэтымі правакацыямі стаіць Захад. 20 сакавіка Лукашэнка, прымаючы міністра абароны Раўкова, абвінаваціў ва ўсім заходнія фонды і спэцслужбы. І вось сёньня, 21 сакавіка, у Магілёве кіраўнік Беларусі заявіў, што беларускія баевікі рыхтаваліся ў лягерах ва Ўкраіне, Польшчы, Літве, празь дзьве апошнія краіны ідуць і грошы.

Узьнікае падазрэньне, што, як і 19 сьнежня 2010 году, рыхтуецца геапалітычны разварот.

Узьнікае падазрэньне, што, як і 19 сьнежня 2010 году, рыхтуецца геапалітычны разварот

І, нарэшце, кульмінацыя застрашваньня Лукашэнкам грамадзтва перад Днём Волі — гэта інфармацыя пра затрыманых баевікоў:

«Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (ня тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лягерах са зброяй. Дарэчы, адзін зь лягераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў... Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

Прыём ня новы, ён выкарыстоўваўся шмат разоў. Напрыклад, 8 траўня 2005 году, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Перамогі, Лукашэнка заявіў:

«Мы зусім нядаўна, я ня ведаю, як поўна паказала гэта наша тэлебачаньне, выявілі цэлыя склады зброі пад Менскам. Таксама нядаўна з дэмакратычных краін атрымалі чарговую порцыю наркотыкаў, якія затрымалі нашы праваахоўныя органы — ужо на мільёны даляраў! Але ж мы нікога не прасілі вазіць сюды зброю і наркотыкі» (Советская Белоруссия, 2005, 10 траўня).

Аднак гэтая тэма ня мела працягу, не знайшла асьвятленьня ў дзяржаўных СМІ. Мабыць, паказваць не было чаго.

Ёсьць падазрэньне, што і гэтая справа ня дойдзе да суду.

Такое ўражаньне, што нейкая машына часу няўмольна вяртае Беларусь у фатальны позьні вечар 19 сьнежня 2010 году.

21.03.2017 г.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG