Раней славацкі прэм’ер заяўляў, што можа ў найбліжэйшым часе наведаць Маскву, каб абмеркаваць пастаўкі расейскага газу ў Славаччыну ў сувязі з тым, што Ўкраіна мае намер 1 студзеня спыніць яго транзыт. У Крамлі афіцыйна не анансавалі прыезд Робэрта Фіцы.
Каля 22:30 па маскоўскім часе прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што сустрэча завяршылася і што сумесная заява для прэсы па яе выніках не прадугледжана. Ён не сказаў, ці былі дасягнутыя ў ходзе сустрэчы якія-небудзь дамоўленасьці і ці абмяркоўваліся іншыя пытаньні, акрамя паставак газу. Фіца пакуль не камэнтаваў сустрэчы.
Гэта першы прыезд славацкага лідэра ў Маскву пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Пасьля лютага 2022 году заходнія палітыкі, тым больш кіраўнікі краін, наведваюць Расею вельмі рэдка. У Маскве ў апошнія тры гады бывалі толькі канцлер Аўстрыі і палітычны саюзьнік Фіца, прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.
Раней Фіца заяўляў, што прыедзе ў Маскву 9 траўня наступнага году на сьвяткаваньне 80-годзьдзя перамогі СССР у ІІ усясьветнай вайне.
Фіца, як і Орбан, прыхільнік неадкладнага пачатку перамоваў аб міры ва Ўкраіне. Пры гэтым ён устрымліваецца ад якой-небудзь крытыкі Масквы за ўварваньне ва Ўкраіну і, наадварот, крытыкуе Кіеў, абвінавачваючы яго ў імкненьні працягваць вайну. На тыдні ён выступіў са сьцьвярджэньнем, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі нібыта прапаноўваў Славаччыне 500 мільёнаў эўра з замарожаных расейскіх актываў у выпадку, калі Славаччына пагодзіцца на запрашэньне Ўкраіны ў NATO. Фіца таксама рэзка крытыкуе рашэньне Ўкраіны адмовіцца працягваць пагадненьне аб транзыце расейскага газу.
Пасьля прыходу да ўлады ўраду Фіцы ў канцы мінулага году Славаччына адмовілася ад ваеннай дапамогі Ўкраіне, хаця і не блякуе падаўжэньня і пашырэньня санкцый у дачыненьні Расеі. Апазыцыя крытыкуе Фіцу ў тым ліку за прарасейскую пазыцыю.
Форум