Былы палітвязень ня верыць Аляксандру Лукашэнку, які сказаў 21 сакавіка ў Магілёве, што ўжо «некалькі дзясяткаў затрымалі (ня тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лягерах са зброяй»:
— Мяркую, што гэта няпраўда, ніхто не затрыманы. Магу згадаць, як у 2010 годзе, калі мяне толькі прывезьлі ў калёнію, даведаўся, што супроць мяне будуць зноў даваць паказаньні наконт зброі. Што нейкія падрыхтаваныя адмыслова людзі будуць казаць пра нас, што мы нібыта зьбіраліся завозіць зброю ў Беларусь. Ажно фурамі нібыта будзем завозіць. Тады я параіўся з адвакатам, і ўдалося давесьці да апэратыўнікаў, што зьявіцца наша інфармацыя пра іх мэтады ў друку. І тады гэтая правакацыя не адбылася. Але згадаю, што потым, 20 сьнежня 2010 году, Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што знойдзены ў лесе вялікія склады са зброяй, якіх потым нікому так і не паказалі. Магчыма, тое, пра што я даведаўся ў калёніі, было падрыхтоўкай да сьнежаньскай заявы Лукашэнкі? Ня ведаю, але дакладна, што ніводная заява Лукашэнкі ці ягоных структураў пра зброю ў апазыцыі не пацьвердзілася, бо яе проста там няма. Ён вельмі баіцца і зноў ужывае тыя страшылкі пра зброю ў апазыцыі, якім ужо столькі гадоў.
— А чаго баіцца, на вашу думку, Лукашэнка? Гэтая боязь зьвязаная з акцыяй 25 сакавіка?
— Канечне. Ён баіцца, што шмат людзей выйдзе, што яму ня будзе як з гэтага становішча выйсьці, што можа атрымацца Майдан — вось чаго ён баіцца.
— Вы мяркуеце, акцыі дармаедаў яго гэтак напалохалі?
— Не зусім ужо напалохалі, у нас яшчэ вельмі моцныя сілавыя структуры, якія на ягоны загад будуць і біць, і паліваць людзей з вадамётаў. Але ён ужо адчувае гэтую рысу невяртаньня — што ня хутка, ня сёньня ці заўтра, але ён страціць уладу. Таму цягне час, змагаецца, каб яго не судзілі, не даводзілася куды ўцякаць.
— Чаму, на вашу думку, ніводнага разу ўлада ня выбачылася за дэзынфармацыю адносна нібыта знойдзенай у апазыцыі зброі?
— Ды ў іх ніхто пра гэта не пытаецца. Яны прызвычаіліся гэта рабіць ужо 20 гадоў, бо няма ж ніякага грамадзкага кантролю. Вось каб людзі выйшлі: а ну пакажы мне гэта! Ты казаў, дык давай! Але ж ён ведае, што за свае словы адказваць ня будзе. Што ён, што ўся вэртыкаль улады — яны не адказныя за свае словы. Кажуць адно, а насамрэч ёсьць другое. Так прызвычаіліся, бо ведаюць, што ніхто за гэта не спытае, за гэта ня будуць судзіць, бо суд у іх на тым жа ланцужку, што іншыя структуры.
Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч у 2009 годзе быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту супроць прадстаўніка ўлады, а потым асуджаны на 5 год за захоўваньне некалькіх патронаў.