Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас размовы ў Магілёве з работнікамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан».
«Як бы ні было непапулярна: дэкрэт № 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў. Гэта няправільна кажуць. Дэкрэт № 3 сёньня працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінаватая была (панакіроўвалі гэтыя „лісты шчасьця“ каму трэба і каму ня трэба), — прыпыніць выплату на гэты год. Але за гэты час мы выверым усе сьпісы. Крайні тэрмін — 1 кастрычніка», — цытуе БелТА заяву Лукашэнкі ў Магілёве.
Ён падкрэсьліў, што лічыць ненармальнай сытуацыю, калі мільёны людзей працуюць, а 300–350 тысяч швэндаюцца незразумела дзе.
«350 тысяч, якія павінны працаваць і не працуюць. І не нясуць ніякай нагрузкі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны ведаць, што я ад гэтага не адступлю. Мы павінны навесьці ў краіне парадак. Надышоў час, калі трэба наводзіць парадак і з занятасьцю людзей».
Сярод станоўчых вынікаў прымяненьня дэкрэту Аляксандар Лукашэнка назваў тое, што людзі пачалі больш даражыць працоўнымі месцамі, узрасла колькасьць зваротаў у службы занятасьці.
«Гэты дэкрэт — лякмусавая паперка ў сацыяльнай сфэры. Ён высьвеціў вельмі многія нэгатыўныя пытаньні. Мы ад яго адмаўляцца ня будзем, але прывядзем усё ў парадак, каб людзі ня крыўдзіліся», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.