Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Літвы назваў заявы Лукашэнкі пра ваенныя лягеры «высмактанымі з пальца небыліцамі»


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Літвы Лінас Лінкявічус называе словы Лукашэнкі пра тое, што ў Літве маглі рыхтаваць узброеных правакатараў, выдумкай і высмактанымі з пальца небыліцамі.

«Хацелася б ад кіраўніка дзяржавы чуць абгрунтаваныя заявы. У дадзеным выпадку гэта высмактаныя з пальца небыліцы», — сказаў міністар сёньня агенцтву BNS.

Лінкявічус заклікаў беларускія ўлады спыніць на тле напружанай сытуацыі ў Беларусі штучны пошук ворагаў за мяжой і ўнутры краіны.

Ён сказаў, што Літва ўважліва назірае за затрыманьнямі, якія адбываюцца ў Беларусі, і заклікае беларускія ўлады прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў, паважаць правы чалавека, прытрымлівацца прынцыпаў прававой дзяржавы, бо ад гэтага будуць залежаць адносіны Менску з Эўрапейскім Зьвязам:

«У недалёкім мінулым мы бачылі пазытыўныя знакі. І мы б хацелі, каб сытуацыя не разьвярнулася ў горшы бок. Спадзяёмся, што мы ня вернемся да сытуацыі, калі ў Беларусі былі палітычныя зьняволеныя», — сказаў літоўскі міністар замежных спраў.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі «баевікоў», якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. Кіраўнік Беларусі сказаў, што іх, магчыма, «рыхтавалі» ў Літве і Польшчы:

«Яны ня толькі ня спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (ня тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лягерах са зброяй. Дарэчы, адзін зь лягераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія — ва Ўкраіне, па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (ня буду сьцьвярджаць, але дзесьці там). Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG