Толькі чацьвёрты раз у гісторыі Беларусі ўлады апублікавалі зьвесткі пра фактычнае беспрацоўе: за 2016 год беспрацоўнымі сябе назвалі 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.
Звычайна Белстат штомесяц публікаваў лічбы афіцыйна зарэгістраваных у органах занятасьці, такіх было каля 1%. Цяпер жа апублікаваў вынікі абсьледаваньня хатніх гаспадарак (як прынята ў бальшыні краінаў сьвету). Новыя лічбы падобныя да расейскіх (у Расеі ў 2016 годзе было 5,5% беспрацоўных), але ніжэйшыя за ўкраінскія (каля 10%), балтыйскія (каля 7% у Літве, каля 10% у Латвіі), польскія (каля 6%) і сярэднія па Эўразьвязе (8,3%).
Белстат называе лічбу эканамічна актыўнага насельніцтва роўнай паказьніку рабочай сілы. У 2016 годзе рабочай сілы было 4,458 млн, у 2015-м — 4,537 млн. Гэта значыць, беспрацоўных у 2016-м, паводле Белстату, было каля 258,6 тысячы чалавек. Афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у органах занятасьці было толькі 35,3 тысячы — больш за 86% беспрацоўных не зарэгістраваліся афіцыйна.
Але «дармаедам» за 2015 год было разаслана 470 тысяч лістоў, што амаль удвая больш за колькасьць беспрацоўных у 2016-м. У лік «дармаедаў» трапілі і тыя, хто вучыўся за мяжой (іх належала вызваляць ад збору), і «дачнікі», і фрылансэры, а таксама памылкова — вайскоўцы, хворыя і нават памерлыя. Пасьля апошняга дня, калі можна было сплаціць «падатак на дармаедаў», грошы сплацілі толькі 11% тых, хто атрымаў лісты. Яшчэ 15–25% атрымальнікаў лістоў могуць быць вызваленыя ад збору пасьля адпаведнага звароту.
Выходзіць, што тыя 350–400 тысяч «дармаедаў», якіх ня вызвалілі ад збору (якія не прадставілі «апраўданьняў» накшталт навучаньня за мяжой), разам з 43 тысячамі афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, — гэта 8,6–9,7% эканамічна актыўнага насельніцтва на 2015 год. Лічба гэтая заўважна большая за 5,8% беспрацоўных, прызнаных у 2016 годзе.
Што тут ня так?
Прэзумпцыя вінаватасьці «дармаеда»
Былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў кажа Свабодзе, што лічыць 5,8% беспрацоўных у Беларусі падобнымі да праўды:
«Калісьці, у былыя гады, калі Белстат друкаваў лічбы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, меншыя за 1%, было бачна і па артыкулах НІСЭПД, і мы казалі, што лічбы значна большыя. Часам беспрацоўе магло даходзіць адсоткаў да 15, калі былі моцныя крызісы ў краіне, а так звычайна 5–6% было. Думаю, каля 6% так і будзе, калі лічыць па міжнародных мэтодыках.
А калі лічыць, як падатковая інспэкцыя... Яны паказваюць тое, што сказаў прэзыдэнт, а ня тое, што ёсьць. Як сказаў Лукашэнка калісьці, што ў нас паўмільёна дармаедаў, так яны і выконваюць лічбу.
Ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці — той, каго вінавацяць, не павінен даказваць, што „ён не вярблюд“, а даказваць павінен той, хто вінаваціць. У нас наадварот: падатковая рассылае паперы, дзе вінаваціць людзей і прымушае плаціць, а яны павінны ісьці і даказваць, што „не вярблюды“. Таму розьніца ў лічбах — разумееце, дзе лухта, там цяжка адказаць. Думаю, падатковая лухціць, каб выканаць лічбу».
Праблема не ў беспрацоўі і «дармаедах»
Эканаміст Леанід Заіка прапануе зьвяртаць увагу не на лічбы Белстату, а на іншыя праблемы — падзеньне эканомікі.
«Падлічваць цяпер беспрацоўных сэнсу няма — трэба ўсталёўваць новыя правілы ўліку беспрацоўя, давяраць частку пытаньняў прафсаюзам і наагул зыходзіць з таго, што беларусам трэба стымуляваць выезд з краіны і пошук месца працы ў сумежных дзяржавах!» — кажа Заіка.
Ён заўважае, што паказьнік працоўнай сілы — гэта толькі найманыя працаўнікі. Паводле нямецкай мэтадалёгіі, гэта «несамастойныя» працаўнікі, якія мусяць камусьці прадаваць сваю працоўную сілу, а не забясьпечваць сябе самастойна. Але акрамя такіх, ёсьць таксама людзі вольных прафэсіяў, прадпрымальнікі, вайскоўцы і міліцыянты, тыя, хто вучыцца на іншую спэцыяльнасьць, часова беспрацоўныя — усе яны таксама фактычна эканамічна актыўныя. Разам зь імі сапраўды эканамічна актыўнага насельніцтва ў Беларусі — 7–7,5 млн чалавек, здольных ствараць валавы ўнутраны прадукт.
Сёньня ў нас сустрэча позьняга марксізму з раньняй беларускай неадукаванасьцю
«Да сацыяльных утрыманцаў аднесьлі тых, хто не наймаецца на працу, але ж гэта дурасьць! — кажа ён. — ВУП ствараецца за кошт і працы, і капіталу, і зямлі. А ў Беларусі настолькі непісьменнае кіраўніцтва і чыноўнікі, якія вырашылі, як марксісты, што толькі найманыя працаўнікі эканамічна актыўныя. Ня ведаю, чаму яшчэ наш пралетарыят не паўстаў, як у той скульптуры „Булыжнік — зброя пралетарыяту“. Сёньня ў нас сустрэча позьняга марксізму з раньняй беларускай неадукаванасьцю».
Заіка лічыць, што беспрацоўе ў Беларусі «на нармальным узроўні», і разважае, што беларусаў пераключылі на тэму беспрацоўя і «дармаедаў» з больш важнай тэмы — падзеньня эканомікі.
«Беларуская эканоміка рухнула на 30 мільярдаў даляраў з 2014 году, а зьнешняя запазычанасьць сумарна складае 70 мільярдаў — такая цана памылак ураду. А кажуць не пра тое, што ўрад трэба адаслаць у адстаўку, не пра тое, што дрэнная эканамічная палітыка і абсалютна непрафэсійны падыход да вырашэньня эканамічных праблемаў — усе займаюцца падлікам гультаёў».