Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкі відэаблогер стварыў канал «Real life in Belarus», «каб разварушыць народ»


Полацкі відэаблогер Сяргей Канаплёў
Полацкі відэаблогер Сяргей Канаплёў

«Дзяржава вырашыла забраць у мяне апошнія грошы»

Жыхар Полацку Сяргей Канаплёў кажа, што натхніўся прыкладам гамельчука Максіма Філіповіча, які рашуча выступіў супраць Дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве:

зараз дзяржава вырашыла забраць у мяне апошнія грошы

«Адна хваля незадавальненьня — гэта добра, а дзьве — яшчэ лепей. Тым болей, мы жывём на розных краях рэспублікі... Калі каротка, то афіцыйна я беспрацоўны. Жыву на 30 рублёў у месяц. Так, грошай мала, але я іх зарабляю і з гэтага плачу дзяржаве падаткі. Многія скажуць, што жыць на 30 рублёў у месяц немагчыма, але я так жыву ўжо каля трох гадоў. Я — дармаед? У мяне цяжкая жыцьцёвая сытуацыя? Нехта скажа „так“, а я скажу „не“. Гэта мой выбар. Я ніколі нікога не напружваў і дапамогі не прасіў. Але зараз дзяржава вырашыла забраць у мяне апошнія грошы».

Не жадаю „быць скотам“

Сяргей Канаплёў ня ўсё жыцьцё быў «дармаедам»: працоўны досьвед у яго дастаткова багаты. А чаму зараз застаўся бяз працы, ён тлумачыць так: «Не жадаю „быць скотам“, выбачайце за слова. Я шмат працаваў у Расеі, працаваў дызайнэрам. Давялося працаваць і на „Масфільме“, і ў выдавецтве, якое выпускае папулярныя часопісы. І я бачыў, як працуюць людзі, і як да іх ставіцца кіраўніцтва. Як яно мусіць ставіцца, калі людзі працуюць добра! У 2008-м годзе я вырашыў вярнуўся ў Беларусь. Спрабаваў і тут уладкавацца, але даводзілася ўвесь час атрымліваць „пляўкі ў твар“, выбачаюся! Такое сьвінскае стаўленьне, што горш не прыдумаць. Нават апісаць цяжка. Ты для начальства — ніхто! Прычым што ў дзяржаўнай „канторы“, што ў „прыватніка“. Хочуць — у калгас цябе накіруюць, хочуць — заробак „абрэжуць“. І супрацьстаяць ты ня можаш аніяк.

Аднойчы я прыйшоў уладкоўвацца па накіраваньні з цэнтру занятасьці. У той час на тую вакансію быў абвешчаны заробак памерам 1,5 мільёны. Я адпрацаваў паўтара месяцы, а заплацілі мне 600 тысяч. Дзякуй за такі заробак! Па тых часах гэта было настолькі мала, што не хапала ні на што. Памятаю, я ішоў па тэрыторыі прадпрыемства, нёс нейкую дэталь, а ў мяне галава кружылася ад голаду...»

«Галоўнай тэмай мусіў быць не Дэкрэт № 3. У нашай краіне і без яго хапае праблемаў і тэмаў для с відэаролікаў».

Сяргей Канаплёў кажа, што думка зрабіць уласны канал была ўжо даўно:

ішоў па тэрыторыі прадпрыемства, нёс нейкую дэталь, а ў мяне галава кружылася ад голаду..

«Праўда, галоўнай тэмай мусіў быць не Дэкрэт № 3. У нашай краіне хапае праблемаў і тэмаў для стварэньня відэаролікаў. Гэта і нашы „хвалёныя“ дарогі, і пасылкі з Кітаю, і добраўпарадкаваньне вуліц, і падатак на збор грыбоў і ягад. Тэмаў шмат, але тут прыйшоў „ліст шчасьця“, і ўсе астатнія тэмы тут жа збляклі. У „лісьце шчасьця“ пазначана сума 360 рублёў. Аднак, сыходзячы з таго, што я аплачваў падаткі, выніковая лічба — 322 рублі з капейкамі. Атрымліваецца, падаткавікі самі пацьвярджаюць, што я ўдзельнічаю ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. Так, не дужа актыўна — усяго 37 рублёў падатку, але ж я заплаціў! І ў мяне сустрэчнае пытаньне да дзяржавы: якія паслугі яна мне дала? Адукацыю? Не! Ахову? Не! Нармальныя дарогі? Не» Сьпіс магу працягваць... Я толькі дзіўлюся зь людзей, якія кажуць: «Мяне дэкрэт ня тычыцца, бо я працую». Як можна так меркаваць?

Яны ж сёньня працуюць, а заўтра —не! Іх у любы момант могуць звольніць, бо яны — марыянэткі. Іх за розныя вяровачкі торгаюць, а яны ня могуць нічога сказаць у адказ. Бо баяцца — скарачэньняў, начальства... Або такая сытуацыя: муж працуе афіцыйна, плаціць падаткі, а жонка — хатняя гаспадыня. Паводле дэкрэту яна «дармаед». Муж моўчкі плацяць за яе падатак і разважае: «А што я магу зрабіць? Лепей моўчкі заплаціць. Бо, калі пачнеш „брыкацца“, то вылеціш з працы, адбяруць візу, гэтак далей»... Такая ў людзей пазыцыя: А што я магу зрабіць"... І нічога не робяць».

BАўтар здымае свае відэаролікі «у палявых умовах» — у майстэрні
BАўтар здымае свае відэаролікі «у палявых умовах» — у майстэрні



«Я хачу разварушыць людзей, каб яны пачалі адстойваць свае правы»

Свой канал на youtube.com, створаны менш як тыдзень таму, Сяргей Канаплёў назваў «Real life in Belarus». У прэзэнтацыйным роліку ён прадэкляраваў сваю мэту: гаварыць праўду пра тое, што ў краіне ня ўсё так добра, як паказваюць па тэлевізары.


У сваіх відэароліках Сяргей Канаплёў апавядае пра тое, як хадзіў у падатковую інспэкцыю,

як безвынікова шукаў «свайго» дэпутата.

А што да дэкрэта, то гэтай тэме аўтар прысьвяціў некалькі відэаролікаў. Адзін зь іх называецца «Полацак, хопіць спаць! Не- Дэкрэту № 3»

На думку Сяргея Канаплёва, гэты дэкрэт стаўся аб’яднаўчай сілай, здольнай разварушыць краіну:

Калі толькі сядзець па кухнях ды скардзіцца, нічога ня будзе

«Я не належу ні да адной з палітычных партый. Глядзіце: раней асноўнай апазыцыйнай партыяй быў БНФ, і зь ім шмат хто спрачаўся — каму сымболіка ня тая, каму бел-чырвона-белы сьцяг не падабаецца... А зараз народ аб’яднаўся супраць гэтага дэкрэта. І гэта вельмі важна: каб людзі не засыналі, а асэнсоўвалі свае правы. Я хачу разварушыць людзей, каб яны пачалі адстойваць свае правы. Калі толькі сядзець па кухнях ды скардзіцца, нічога ня будзе. Трэба дзейнічаць!»

Дарэчы, сам сябе Сяргей Канаплёў называе не відэаблогерам, а «чалавекам, які проста гаворыць» — у адрозьненьне ад тых, хто маўчыць. І ягоныя сродкі для зваротаў да «маўклівых» суайчыньнікаў самыя простыя — стары відэарэгістратар замест камэры, «студыя» у памяшканьні майстэрні, дзе «заднікам» на сьцяне стаў знойдзены ў сарайчыку скрутак сіняй паперы, з такой раней рабілі вокладкі для сшыткаў...

«Тэлестудыя» Сяргея Канаплёва
«Тэлестудыя» Сяргея Канаплёва

Чаму дэкрэт б’е не па багатых „ухілістах“, а па маламаёмасных грамадзянах?

«Я нікога не абражаю, нікога брудам не паліваю, — гаворыць спадар Канаплёў. — Проста выказваю сваё меркаваньне. Усе ўжо стаміліся слухаць пра заробак памерам 500 даляраў. І аргумэнты кіраўніцтва, што трэба падвышаць эфэктыўнасьць вытворчасьці. Што тут падвышаць? Народ падобны да загнанага каня, якога больш гуманна застрэліць, чымсьці прымушаць высільвацца за 500 „баксаў“. Калі я слушна зразумеў нашага прэзыдэнта, то мэта Дэкрэту № 3 — папоўніць бюджэт за кошт сродкаў людзей, якія працуюць па „шэрых“ схемах, добра зарабляюць, карыстаюцца дабротамі грамадзтва, але нічога не плацяць. Калі ўсё слушна, то чаму змаганьне йдзе ня зь імі? Чаму дэкрэт б’е не па багатых „ухілістах“, а па маламаёмасных грамадзянах?»

«Ня ўводзьце карныя дэкрэты, а зьмяніце падатовае заканадаўства»

Гэтага яшчэ няма ў відэароліках, але аўтар каналу «Real life in Belarus» гатовы даць парады кіраўніцтву краіны:

«Калі хочаце змагацца з «падаткавымі ўхілістамі», то ўводзьце ня карныя дэкрэты, а мяняйце падатковае заканадаўства. Хочаце, каб работнікі «выйшлі зь ценю»? Дык зрабіце так, каб людзі не баяліся падатковых службаў! Уводзьце ільготы, зрабіце амністыю для тых, хто завінаваціўся. Па-разумнаму матывуйце людзей і асьвятляйце ўсё гэта ў СМІ, каб чалавек сам захацеў прыйсьці ў падатковую і сказаў: «Я хачу ўдзельнічаць у дзяржаўных выдатках, гэта мая дзяржава, і таму вазьміце мае грошы. Хочаце яшчэ парадаў, як зьмяніць гэты дэкрэт, каб народ не ўспрымаў яго варожа? Магу падказаць».

Сяргей Канаплёў добра ўсьведамляе, што ягоныя выказваньні месцамі вельмі рэзкія, а крытыка сыстэмы кіраваньня даволі вострая. Але ён не баіцца наступстваў. Кажа, што ўсім нам ужо досыць баяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG