З пачатку 2025 году ў Беларусі стала лягчэй забраць дзіця ў бацькоў за палітыку. Цяпер сям’я можа атрымаць статус той, што знаходзіцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы» (СНС, па-расейску СОП), калі кагосьці з бацькоў судзілі паводле артыкулу 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях («Распаўсюд эстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Гэта адзін з самых папулярных палітычных артыкулаў у Беларусі. Паводле яго могуць прыцягнуць да адказнасьці, калі чалавек апублікаваў спасылку на амаль любое недзяржаўнае мэдыя, разьмясьціў у сетках фота з забароненым лягатыпам або паставіў падабайку пад допісам на старонцы фрэнда-«экстрэміста» ці пакінуў камэнтар у «экстрэмісцкім» пабліку. Сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які складае Міністэрства ўнутраных справаў, штодня расьце і налічвае тысячы пазыцый.
Некаторыя бацькі думаюць, што такую меру ўзаконілі напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, каб шантажаваць людзей уласнымі дзецьмі. Але пагрозы забраць дзяцей зь сям’і за палітыку і рэальныя выпадкі забіраньня былі ў Беларусі яшчэ 15 гадоў таму.
У 2010 годзе ў зьняволеных кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп ледзь не забралі трохгадовага сына. Дзіця тады ўдалося «адбіць» бацькам Ірыны. У 2020 годзе ў прытулак на два дні забралі 6-гадовага сына менскай актывісткі Алены Лазарчык. У тым жа годзе пагроза забраць дзяцей у прытулак прымусіла тэрмінова выехаць зь Беларусі дырэктарку горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольгу Вялічку. У 2022 годзе менскую керамістку Натальлю Карнееву затрымалі, а ейную 10-гадовую дачку на 2,5 месяца зьмясьцілі ў прытулак. Увесь гэты час іншыя сваякі спрабавалі аформіць апеку на дзяўчынку і вярнуць дзіця ў сям’ю. У 2023 годзе зь сям’і затрыманых журналістаў Вячаслава Лазарава і Тацяны Пыцько забралі аднагадовую дачку. Некалькі тыдняў дзіця правяло ў дзіцячай лякарні, пакуль сваякі здолелі аформіць дакумэнты і вярнуць дзіцятка.
«Дзеці не сябры БРСМ, а ў бацькі — артыкул 19.11»
Беларус Васіль* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, што іхнай сям’і летась далі статус «у сацыяльна небясьпечным становішчы» з палітычных прычынаў. Паводле яго, яшчэ ў пачатку 2024 году негалосна ўвялі распараджэньне, каб тыя, хто меў палітычныя адміністрацыйныя артыкулы, траплялі ў сьпіс на наданьне сям’і статусу СНС. З назіраньняў Васіля, узмоцнена ўзяліся выконваць яго толькі ў пачатку навучальнага году.
«Мне ў школе сацыяльны пэдагог сказала, што на камісіі ў выканкаме на сям’ю максымум 15 хвілін адводзяць. Чалавек, які супрацьпажарныя апавяшчальнікі ўсталёўваў, паказаў стос папераў. Гэта былі заказы толькі на той дзень, амаль усе з прычыны СНС. Казаў, што вельмі шмат працы, што дзяржава добрыя грошы выдаткавала на гэтую справу», — успамінае ён.
Са словаў Васіля, мэдык зь дзіцячай амбуляторыі расказала яму, што за апошні час ёй дадалі некалькі сем’яў праз палітычна матываваны статус «СНС».
«Што да маёй сям’і, дык з пратаколаў у школе і ў выканкаме вынікала, што мы выдатная сям’я з выключна пазытыўнымі характарыстыкамі ад усіх службаў. У хібы запісалі (прычым вялікімі літарамі), што дзеці не сябры БРСМ, а ў матывацыйнай частцы — што гэта ўсё праз тое, што ў бацькі была адміністрацыйка паводле артыкулу 19.11 („Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў“. — РС)», — успамінае Васіль.
Паводле яго, на камісіі ў школе ўсе сябры камісіі сядзелі моўчкі, гаварыла толькі завуч у выхаваўчай працы. З аднаго боку, яна казала, што хібы ў сям’і можна выправіць. З другога — пагражала.
«Маўляў, зьбірайцеся выяжджаць сям’ёю. Вам тут зробяць такое жыцьцё, што завыеце. Ня станеце на шлях выпраўленьня або яшчэ раз засьвеціцеся — заводзіцца справа і дзяцей забіраюць зь сям’і. На камісіі ў выканкаме павярхоўна паглядзелі школьны пратакол. Кажуць: „Якія вы добрыя, мяркуючы па характарыстыках, але мы з вамі ўсё ж папрацуем тры месяцы“. І аднагалосна даюць статус СНС», — успамінае ён.
Васіль расказаў, што з праверкамі дадому прыходзяць шэсьць разоў на тыдзень у любы час.
«Да ўсяго прывыкаеш, але які гэта стрэс для бацькоў і дзяцей! СНС замест дапамогі дзецям калечыць іхную псыхіку, настройвае супраць бацькоў: у мяне праблемы праз тату або маму, значыць, я ад іх дыстанцыююся і ня буду браць прыклад ні ў чым», — разважае Васіль.
Ён мяркуе, што дзяржава ў статусе СНС знайшла мэтад, як падпарадкаваць сабе ўсю сям’ю.
«Бацькі не варухнуцца, бо ёсьць пагроза страціць дзяцей. Дзеці ў прымусовым парадку выхоўваюцца ў прапагандысцкім рэжыме, бо раней мерапрыемствы, якія нікому не патрэбныя, мала хто наведваў і прымусіць не было рычагоў», — кажа суразмоўца.
Праз такі ціск ён зь сям’ёй пакінуў Беларусь.
«Я асабіста маральна гатовы быў да ўсялякага, ажно да нейкага публічнага „пераабуваньня“ ці нават тэрміну ў турме. Але дзяцей нікому ня дам гвалціць, няхай і пад выглядам клопату», — кажа суразмоўца.
«У пастаянным напружаньні жылі, што забяруць»
Сужэнцаў Сяргея і Ірыну затрымалі ў 2024 годзе за фота з маршу пратэстаў. Больш за тры месяцы яны правялі ў СІЗА. У сям’і двое непаўналетніх дзяцей. Сьледчыя папярэдзілі пару, што будуць разглядаць пытаньне пра тое, каб забраць дзяцей.
«Я асабліва ў гэта ня верыў. Думаў, што хутчэй ідзе псыхалягічны ціск на палітвязьняў… Думаю, сьледчыя атрымлівалі асалоду, калі казалі, што могуць забраць дзяцей, зьдзекаваліся з нас», — мяркуе Сяргей.
Потым абаіх бацькоў асудзілі на «хімію». Яны выйшлі з-за кратаў і даведаліся, што іхных дзяцей сапраўды маглі адправіць у прытулак.
Суразмоўца расказвае, што сьледчыя пачалі адпаведную працэдуру. Дзеці на той момант жылі з бабай і дзедам. Тыя меліся сабраць тэчку дакумэнтаў: даведкі аб заробку або пэнсіі, прайсьці мэдыцынскую камісію. Сяргей мяркуе, што і першае, і другое сьведчыла б супраць таго, каб дзеці маглі заставацца жыць з бабуляй і дзядулем. Дадому з праверкамі ўмоваў жыцьця прыходзілі камісіі са школы.
«Мае бацькі жылі ў пастаянным напружаньні, што забяруць», — кажа бацька.
Аднак потым, працягвае Сяргей, у іх памяняўся сьледчы, ён сказаў, што забіраць дзяцей зь сям’і было б няправільна, і ўся працэдура заціхла.
«Хутчэй гэта быў псыхалягічны ціск на нас, каб бацькі панэрваваліся і дзеці… Многія органы задзейнічалі, каб стварыць бачнасьць працы дзеля забіраньня дзяцей зь сям’і», — робіць выснову былы палітвязень.
Больш забраць дзяцей не пагражалі. Сям’я ўрэшце выехала зь Беларусі. Бацька расказвае, што на малодшага сына дашкольнага ўзросту паўплывала доўгая адсутнасьць бацькоў, хоць яму не казалі, дзе яны. Цяпер малы ня хоча нікуды адпускаць бацькоў, ходзіць за імі, «як хвосьцік».
«Вы не даяце рады як маці»
Беларуска Аліна расказала, што яе пасадзілі ў 2022 годзе за ўдзел у маршах. Пакуль яна была ў турме, ейнае дзіця жыло з бацькам. Аліна з ім была ў разводзе.
«Яму сталі пагражаць у нейкіх бізнэс-пытаньнях. Сказалі: „Мы цябе таксама пасадзім, а дзіця ў прытулак забяром“», — расказвае Аліна.
Яна не разумее, як маглі б забраць дзіця, калі ў яго шмат іншых сваякоў, якія клапаціліся б пра яго.
Аліна расказвае, што калі яна выйшла з турмы, ёй не аддалі пашпарта. Жанчына перакананая, што яго затрымалі ў судзе. Яна хацела перавесьці дзіця ў іншую школу, бліжэй да дому, але не магла аформіць нічога без дакумэнтаў. Таксама не магла адвесьці сына ў паліклініку. Кажа, што зьвярталася ў пракуратуру, Вярхоўны суд, аднак ёй не аддавалі дакумэнта.
«Мы бачым, што вы не даяце рады як маці… У нас ёсьць установа, дзе яму могуць аказаць нармальную дапамогу, дзе яго ня будуць абмяжоўваць у ягоных правах», — пераказвае Аліна размову з судзьдзёй, зь якой яна спрабавала вырашыць пытаньне асабістых дакумэнтаў.
Аліна пакінула Беларусь разам зь дзіцем. Яна расказала, што пасьля гэтага ёй тэлефанавалі са школы і пагражалі судом праз тое, што яна вывезла дзіця, якое займалася спортам. Маці пагражалі, што ёй выставяць рахунак за тое, што дзіця мела бясплатныя паслугі, рыштунак — і зьнянацку кінула школу.
«Яны хацелі, каб мы пачалі прасіцца і каяцца»
Аляксея пасадзілі за краты ў 2020 годзе за ўдзел у пратэстах.
«Увосень 2020 году ў СІЗА да нас прыходзілі, выцягвалі з камэры на неафіцыйныя допыты. Прыходзілі з розных органаў. Аднойчы, наколькі зразумеў, гэта была апэрацыя з РАУС. Адразу, як ён (супрацоўнік сілавых службаў. — РС) прыйшоў, прабіраць пачаў. Куча фатаздымкаў, тыцкаў пальцам — каго ведаеш, каго ня ведаеш», — кажа ён.
Суразмоўца ўдакладняе, што ў зьняволеньні гэта была звычайная практыка — праводзіць такія гутаркі без пратаколаў, супрацоўнікі пры гэтым зьняволеным не прадстаўляліся.
«І пасьля таго, як у яго ня стала аргумэнтаў, каб мяне прысароміць або каб я пакаяўся, ён пачаў: „Вось ты тут сядзіш, цяпер мы жонку тваю ў абарот возьмем, яна 100% замяшаная будзе, мы знойдзем. І дачка ў дзіцячы дом пойдзе“. Яны хацелі, каб мы пачалі прасіцца і каяцца. У яго быў такі тон, кшталту: „Чаго табе не хапала?“», — успамінае Аляксей.
Дачцэ тады было 11 гадоў. Суразмоўца не выключаў, што жонку таксама могуць пасадзіць, а дзіця забраць.
Аляксей успамінае, што гутаркі пра тое, што могуць забраць дзіця, вяліся неаднойчы. У іншы раз, калі Аляксея выклікалі «на кабінэт» (на допыт. — РС), ён чакаў у калідоры і чуў, як сьледчыя паміж сабой размаўляюць.
«Словы сьледчага былі: „Павылазілі дарослыя, і дзеці малыя ў людзей. Дзяцей пазабіраюць у іх“. Яны самі разгубленыя былі, ня ведалі, што будзе», — успамінае Аляксей.
У 2024 годзе на ягоную жонку Кацярыну і праўда завялі крымінальную справу. Аднак пасьля допыту яе ўвечары адпусьцілі.
«Калі я выйшла ад іх, то, пэўна, шчасьлівейшага голасу дачкі я ня памятаю, калі чула», — успамінае суразмоўца.
Урэшце ўся сям’я выехала зь Беларусі.
«Як правіла, вяртаюць бацькам»
Настаўніца адной зь беларускіх школаў расказала, што раней статус СНС пераважна давалі сем’ям, дзе бацькі або злоўжывалі алькаголем, або не працавалі.
«Спачатку паступае сыгнал (што дзіця ў сям’і ў небясьпецы. — РС). Ты праводзіш сацыяльнае расьсьледаваньне, гэта значыць настаўнікі пішуць характарыстыкі. На ўсё ёсьць тэрміны. Ты павінен зрабіць гэта хутка, бо лічыцца, што ёсьць пагроза жыцьцю і здароўю дзіцяці», — расказвае суразмоўца.
Потым на паседжаньні рады прафіляктыкі справу разглядаюць і прымаюць рашэньне. Складаюць плян, як дапамагчы дзіцяці. У ім задзейнічаюць ня толькі школу, але і паліклініку, міліцыю. Са словаў пэдагога, гэтыя інстанцыі часта фігуруюць толькі фармальна. Пэдагог мае наведваць дзіця дома прынамсі раз на тыдзень.
Кожныя тры месяцы сытуацыю сям’і разглядаюць паўторна, правяраюць, ці ёсьць зрухі. Прыкладам, ці беспрацоўны бацька ўладкаваўся на працу, расказвае настаўніца. Калі паляпшэньняў няма, то статус СНС могуць падаўжаць. Калі ёсьць зьмены да лепшага, то сям’ю могуць выключыць са сьпісу СНС. Калі сытуацыя толькі пагаршаецца, то могуць падняць пытаньне пра тое, каб забраць дзіця зь сям’і. Справу перадаюць у камісію ў справах непаўналетніх. Яна звычайна падтрымлівае рашэньне школы, адзначае пэдагог.
Дзіця забіраюць у сацыяльна-пэдагагічны цэнтар, дзе яно жыве і вучыцца, на паўгода. Пасьля гэтага справу зноў разглядаюць. Калі бацькі выправіліся, то ім вяртаюць дзіця. Калі не — забіраюць у прытулак назусім.
«Як правіла, вяртаюць, калі бацькі праяўляюць хоць якую зацікаўленасьць», — кажа суразмоўца.
Настаўніца адзначае, што школа не зацікаўленая ў вялікай колькасьці сацыяльна небясьпечных сем’яў, бо гэта шмат дадатковай працы, папераў, праверак. Да таго ж будуць прэтэнзіі з боку кіраўніцтва, што пэдагогі з такімі сем’ямі недапрацоўваюць. Аднак калі пісаць у справаздачах, што такіх сем’яў зусім няма, пэдагогаў могуць абвінаваціць у тым, што яны кепска выяўляюць праблемныя сем’і.
«Калі ёсьць магчымасьць зацягнуць і схаваць, то будуць цягнуць і хаваць. Калі відаць, што пагроза сапраўды ёсьць або сытуацыя можа недзе ўсплыць, калі суседзі ўвесь час на сям’ю скардзяцца ў міліцыю, то прызначаюць статус СНС», — тлумачыць пэдагог, што такім чынам школа быццам здымае зь сябе на паперах частку адказнасьці і прыцягвае іншыя службы сабе на дапамогу ў працы з такімі дзецьмі.
Форум