«Магу з упэўненасьцю сказаць, што віна за тое, што азэрбайджанскія грамадзяне загінулі ў катастрофе ў казаскім Актаў, ляжыць на прадстаўніках Расеі», — сказаў Аліеў.
«І мы патрабуем справядлівасьці, мы патрабуем пакараньня вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасьці і чалавечых паводзін», — дадаў ён.
Як паведамляе АЗЕРТАДЖ, пра гэта кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў сказаў на сустрэчы з членамі сем’яў загінулага ў авіякатастрофе экіпажу і бортправаднікамі, якія выжылі.
Адзначыўшы, што цяпер ідзе працэс расшыфроўкі чорных скрыняў, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Упэўнены, што ў хуткім часе мы даведаемся папярэдні вынік, і ўсё стане на свае месцы, уся карціна трагедыі будзе вядомая. І гэта, натуральна, будзе важным момантам у справе поўнага расьсьледаваньня гэтай трагедыі і пакараньня вінаватых у ёй».
28 сьнежня азэрбайджанскі прэзыдэнт Ільхам Аліеў размаўляў праз тэлефон з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, які выбачыўся за тое, што «трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі», і выказаў спачуваньні сем’ям загінулых.
Ужо на наступны дзень, 29 сьнежня, Ільхам Аліеў заявіў, што самалёт атрымаў пашкоджаньні «з прычыны абстрэлу зь зямлі». Паводле яго, паветранае судна AZAL зьбілі «не спэцыяльна», але некаторыя колы ў Расеі хацелі «замяць пытаньне».
Раней у Міністэрстве транспарту Казахстану паведамілі аб рашэньні накіраваць бартавыя самапісцы («чорныя скрыні») самалёта Azerbaijan Airlines, што пацярпеў крушэньне 25 сьнежня, у Цэнтар расьсьледаваньня і перадухіленьня авіяцыйных здарэньняў Бразыліі (CENIPA).
Самалёт Embraer авіякампаніі AZAL упаў недалёка ад казахстанскага гораду Актаў 25 сьнежня. Пры гэтым лайнэр рабіў рэйс з Баку ў Грозны. На борце знаходзіліся 67 чалавек, у тым ліку 5 членаў экіпажу. 38 чалавек загінулі, 29 выжылі. 42 чалавекі на борце былі грамадзянамі Азэрбайджану, 16 — грамадзяне Расеі, 6 — Казахстану, 3 — Кіргізстану.
У самой авіякампаніі AZAL («Азэрбайджанскія авіялініі») папярэдняй вэрсіяй катастрофы 27 сьнежня назвалі «фізычнае і тэхнічнае вонкавае ўмяшаньне».
Форум