Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень галадоўкі ў Бабруйску: галадоўнікаў запрасілі ў гарвыканкам, а потым у міліцыю


У Бабруйску звольненыя з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага працягваюць галадоўку.

У Бабруйску звольненыя з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага працягваюць галадоўку. Мікалай Жыбуль, Аляксандар Грамыка, Аляксандар Варанкін ды Алег Шаўчэнка акцыяй пратэсту дамагаюцца, каб іх звальненьне было скасавана, бо лічаць яго незаконным. Да галадоўкі сёньня далучыліся дзьве жанчыны.

Другі дзень галадоўкі яе ўдзельнікі правялі, як і першы, на плошчы Леніна. Паводле актывістаў, каб ня даць сябе затрымаць, яны пастаянна мянялі месца свайго знаходжаньня на ёй. Інцыдэнтаў зь міліцыяй і чыноўнікамі сёньня не было. На групу пратэстоўцаў ніхто не зьвярнуў увагі.

Усе галадоўнікі сёньня пабывалі ў міліцыі. На іх склалі пратаколы апытаньняў. Міліцыянты, паводле актывістаў, выпытвалі ў іх, хто арганізаваў акцыю і як яна фінансуецца. Адзін з галадоўнікаў, Аляксандар Варанкін, падводзячы вынікі двух дзён галадоўкі, зазначыў:

«Пазытыўны бок — тое, што народ беларускі даведаўся, што творыцца на дзяржаўных нашых прадпрыемствах. А нэгатыўны — тое, што ўлада ня хоча слухаць народ наагул. Толькі міліцыя нас слухала. Нас, простых рабацяг, затрымлівалі, як нейкіх рэцыдывістаў. Улада ня хоча ісьці да народу, а ідзе толькі ад народу».

Сёньня галадоўнікаў на плошчы было болей. Да звольненых сяброў Свабоднага прафсаюзу далучылася іхная каляжанка Аксана Кернажыцкая. Яна яшчэ працуе на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Чаму жанчына вырашылі падтрымаць галадоўнікаў?

«Найперш, я з гэтымі хлопцамі шмат год адпрацавала, а па-другое — я наступная на звальненьне. У жніўні наступнага году ў мяне сканчаецца кантракт. Нам што трэба: каб аднавілі на працы звольненых і адказ ад кіраўніка дзяржавы. Мы яму пісалі ліст — павінен быць адказ. Але я сумняваюся, што першае і другое пытаньне будзе вырашана на сто працэнтаў», — выказваецца пра пэрспэктывы дасягненьня мэтаў галадоўкі Аксана Кернажыцкая.

На акцыю пратэсту прафсаюзьнікі наважыліся пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У ім кіраўніка дзяржавы прасілі разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прычынай для звальненьня, заяўляюць актывісты, стала іх сяброўства ў незалежным прафсаюзе.

Падтрымаць пратэст сяброў Свабоднага прафсаюзу вырашыла і супрацоўніца раённай бібліятэкі Сьвятлана Грыцэнка. У працоўны час яна галадае ў бібліятэцы:

«Я падтрымліваю сваіх калегаў ды сяброў, якія пацярпелі. Мне таксама не падоўжылі кантракт, але я змагла абараніцца ў судзе. Цяпер будзем сядзець толькі на вадзе», — пракамэнтавала сваё рашэньне Сьвятлана Грыцэнка.

Сьвятлана Грыцэнка
Сьвятлана Грыцэнка

Сёньня падтрымаць галадоўнікаў прыяжджаў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Са сваімі калегамі ён сустрэўся на плошчы Леніна. Гаворачы пра акцыю пратэсту, прафсаюзны лідэр адзначыў, што ў ёй удзельнічае эліта працоўнай клясы Беларусі:

«Гэтыя людзі ратуюць гонар і годнасьць беларускіх працаўнікоў. Гаворыцца, што беларускія працоўныя — гэта пакорлівы народ і што зь іх можна любыя зьдзекі ўчыняць, а высьвятляецца, што яны могуць за сваю чалавечую годнасьць пастаяць. Але паколькі ўлада не дэмакратычная і не гуманная, і ёй няма ніякіх спраў да здароўя людзей, то няма вялікага сэнсу такім спосабам змагацца зь ёй», — заявіў Свабодзе Аляксандар Ярашук.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

На думку прафсаюзнага лідэра, варта шукаць іншыя, акрамя галадоўкі, спосабы супраціву беззаконьню на прадпрыемствах.

12 лістапада чатырох галадоўнікаў запрасілі да старшыні гарвыканкаму. А 13 лістапада яны пойдуць зноў у міліцыю, дзе, як мяркуюць актывісты, на іх складуць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG