Яны заяўляюць, што акцыяй пратэсту прыцягваюць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў незалежнага прафсаюзу адміністрацыяй прадпрыемства. Патрабуюць прафсаюзьнікі і свайго аднаўленьня на працы, бо лічаць, што звольнілі іх незаконна. Галадоўку актывісты распачалі ў будынку гарвыканкаму.
Актывісты вырашылі распачаць акцыю пратэсту ў гарвыканкаме са спадзевам: калі пра іхныя праблемы пачуе бабруйская ўлада, то дачуюцца і ў Менску. Акрамя як галадаць, каб абараніць сябе, заяўляюць прафсаюзьнікі, у іх сродкаў больш не засталося:
«Ніхто не зьвяртае ўвагі. Кругом адпіскі. Выйсьця ў нас іншага няма. А пагатоў прэзыдэнт выдаў распараджэньне пра барацьбу з дармаедамі. А нас з працы выкідаюць на вуліцу. Гэта ж таксама непарадак», — кажа галадоўнік Алег Шаўчэнка.
Ягоны калега Аляксандар Варанкін дадае:
«Каб вярнулі людзей на працоўныя месцы. У першую чаргу Жыбуля і Шаўчэнку, якім засталося да пэнсіі 2 і 2,5 года. Іх ніхто ня возьме на працу ў такім узросьце».
Пра пачатак галадоўкі актывісты абвясьці а дзясятай гадзіне раніцы. Разьмясьціліся яны ў фае на пятым паверсе гарвыканкаму. Першыя паўтары гадзіны чыноўнікі на іх не зьвярталі ўвагі. Потым зьявіўся падпалкоўнік міліцыі, які, паводле галадоўнікаў, заявіў, каб тыя пакінулі будынак. Паабяцаў актывістам знайсьці працу на біржы:
«Выштурхнуў нас падпалкоўнік Рудзько. За рукавы выцягваў. У сьпіну штурхаў. Зразумела, на біржы ў інтэрнэце напісана на тры старонкі працы — па мільёну, па паўтары. На такую працу ўсіх возьмуць. Але ж мы спэцыялісты, наладчыкі 5–6 разраду, і, як вы разумееце, мільён для нас — не заробак. У кожнага чалавека ёсьць права на працу. У прэзыдэнта ёсьць ужо ўказ пра барацьбу з дармаедамі. А нас як непатрэбны элемэнт выкінулі з працы», — наракае на абставіны галадоўнік Аляксандар Грамыка.
Прабыўшы ля гарвыканкаму гадзіну, пакуль у чыноўнікаў быў перапынак на абед, галадоўнікі зноў вярнуліся на пяты паверх. Там іх чакалі чыноўнік і міліцыянт. Гэтым разам гвалту не было. У міралюбнасьць прадстаўнікоў улады найстарэйшы з удзельнікаў акцыі пратэсту Мікалай Жыбуль ня верыць. Ідучы ў гарвыканкам, кажа, ён падобных паводзінаў чакаў:
«Цяпер во паводзяць сябе пакуль карэктна. Яны націскаюць, што трэба было падаць у суд. А тое, што мы тут знаходзімся, — гэта мы пераскочылі адну прыступку».
Але пазьней галодоўнікі мусілі пакінуць будынак выканкаму пад ціскам супрацоўнікаў ідэалягічнага аддзелу. Чыноўнікі, якіх суправаджаў міліцыянт, прыгразілі галадоўнікам адміністрацыйным арыштам. Паводле іх, галадоўка — гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Заўтра актывісты маюць намер працягнуць акцыю ў будынку выканкаму.
Галадаць актывісты зьбіраюцца два дні. Наважыліся яны на пратэст пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У ім прасілі кіраўніка дзяржавы разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прычынай для звальненьня, заяўляюць актывісты, стала іх сяброўства ў незалежным прафсаюзе.
У лісьце прэзыдэнту скаржнікі даводзілі, што з заводу звальняюць высокакваліфікаваных спэцыялістаў, шкодзячы вытворчасьці. У сваім звальненьні яны вінавацяць кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, які, на іхную думку, «абвясьціў вайну свабоднаму прафсаюзу».
Сёлета ў сакавіку сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага ўжо праводзілі падобную трохдзённую галадоўку пратэсту, але свайго не дамагліся. Адміністрацыя прадпрыемства пасьля галадоўкі пачала звальняць яе ўдзельнікаў.
Усіх актывістаў звольнілі па сканчэньні тэрміну дзеяньня кантракту. На падтрымку акцыі тымі, хто застаўся працаваць на заводзе, галадоўнікі не спадзяюцца.