У Бабруйску працягваецца галадоўка пратэсту. Чацьвёра звольненых працаўнікоў Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў дамагаюцца свайго аднаўленьня на прадпрыемстве. Сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Жыбуль, Аляксандар Грамыка, Аляксандар Варанкін ды Алег Шаўчэнка лічаць, што іх звольнілі за прыналежнасьць да гэтага прафсаюзу. У другі дзень галадоўкі прафсаюзьнікі зноў выйшлі на плошчу Леніна — да гарвыканкаму. Пакуль, як яны паведамляюць, усё на плошчы ціха.
На сёньня галадоўнікі атрымалі позвы ў міліцыю. Мяркуюць, што на іх складуць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. На 12 лістапада актывістаў запрасілі на прыём да старшыні гарвыканкаму.
Тым часам да акцыі пратэсту далучыліся дзьве жанчыны: працаўніца заводу Аксана Кернажыцкая і супрацоўніца раённай бібліятэкі Сьвятлана Грыцэнка.
Бібліятэкарка тлумачыць сваё рашэньне далучыцца да галадоўкі салідарнасьцю з працаўнікамі заводу:
«Я ведаю, што такое быць звольненай. Адчула гэта на сабе. Праз суд я дамаглася аднаўленьня на працы. Цяпер я хачу, каб звольненых прафсаюзьнікаў таксама вярнулі на завод».
Праз гіпэртанічны крыз спыніў удзел у галадоўцы Генадзь Лабачоў. Высокі ціск у яго выявілі ў завадзкім мэдпункце.
Бестэрміновую галадоўку звольненыя прафсаюзьнікі пачалі 11 лістапада на плошчы Леніна. Празь дзьве гадзіны іх затрымалі, правялі прафіляктычную гутарку, пасьля якой вызвалілі. Міліцыянты папярэдзілі пра недапушчальнасьць правядзеньня акцыі пратэсту. Разам з галадоўнікамі затрымалі і двух журналістаў. Іх папярэдзілі, што калі зьявяцца матэрыялы пра галадоўку, то яе ўдзельнікаў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.