А з Рамана Пратасевіча спрабуюць стварыць жывую ілюстрацыю магчымай жыцьцёвай і палітычнай альтэрнатывы.
Сьцісла:
- Прарыў рэжыму інкамунікада ў адносінах да Віктара Бабарыкі ўпісваецца ў агульны трэнд, які спрабуе рэалізаваць беларускі рэжым, праводзячы паступовыя памілаваньні палітвязьняў.
- Робіцца спроба пэўнай гуманізацыі вобраза галоўнага кандыдата ў прэзыдэнты на фінішы выбарчай кампаніі.
- Улады імкнуцца стварыць своеасаблівы пул былых апазыцыянэраў, якія пакаяліся, каманду прыдворных «праваабаронцаў».
- Гэта тонкі сыгнал Захаду, спроба згуляць на кантрасьце з Расеяй. Маўляў, там галоўных апазыцыянэраў забіваюць, а вось у Беларусі галоўны апанэнт Лукашэнкі дагэтуль жывы.
Раніцай 8 студзеня ў канале Рамана Пратасевіча зьявіліся фота і відэа зь Віктарам Бабарыкам, зробленыя ў наваполацкай калёніі. Дагэтуль палітвязьня трымалі ў поўнай ізаляцыі амаль два гады. І ягонае зьяўленьне стала галоўнай палітычнай навіной, прынамсі для незалежнага грамадзтва. Усе радуюцца: цяпер ёсьць доказ, што чалавек жывы. І гэты факт шмат што гаворыць пра сытуацыю, у якой апынулася краіна.
Відавочна, зьяўленьне Віктара Бабарыкі ў інфармацыйным полі не выпадковае. Прарыў рэжыму інкамунікада ў адносінах да яго ўпісваецца ў агульны трэнд, які спрабуе рэалізаваць беларускі рэжым. 12 лістапада адбылося спатканьне Марыі Калесьнікавай з бацькам. Было восем хваляў памілаваньняў у другой палове мінулага году. Гэта ўсё падзеі з аднаго шэрагу.
Каму Аляксандар Лукашэнка падае сыгналы і што хоча сказаць? Тут зашыфраваны шэраг мэсэджаў, схавана некалькі завуаляваных сэнсаў і другіх і трэціх плянаў.
Калі меркаваць пра тое, якое пасланьне адрасуецца беларускаму грамадзтву, то можна казаць пра спробу пэўнай гуманізацыі вобразу галоўнага кандыдата ў прэзыдэнты на фінішы выбарчай кампаніі.
Аднак у гэтым пляне лягічнай было б паказаць Бабарыку перад сьвятам Раства Хрыстовага ці акурат пад Новы год. Гэта добра ўпісвалася б ва ўяўленьні пра калядная казкі ці навагоднія цуды.
Але мінулі і Новы год, і Раство, і толькі цяпер, за тры тыдні да асноўнага дня галасаваньня, беларусам паказалі палітвязьня. Значыць, гэта менавіта крок пад выбары.
Прычым паказалі не Міколу Статкевіча ці Паўла Севярныца, а менавіта Віктара Бабарыку, галоўнага прэтэндэнта на кандыдата ў прэзыдэнты 2020 году, асноўнага апанэнта Лукашэнкі. Тут мэсэдж такі: вось што бывае з тымі, хто кідае выклік Лукашэнку.
І адначасова гэта спроба палітычнай дыскрэдытацыі Бабарыкі. На фота, апублікаваных Пратасевічам, відаць, як палітвязень ад рукі піша тэкст на папяровых аркушах. Прапагандысты камэнтуюць, што гэта нібыта прашэньне аб памілаваньні. Хоць насамрэч гэта можа быць лістом да блізкіх людзей. Але для ўладаў паказаць маральна зламанага Бабарыку было б ідэальным варыянтам. Дарэчы, Пратасевіч не пацьвердзіў, што палітвязень напісаў прашэньне аб памілаваньні.
Іншы момант. Два месяцы таму ўлады паказалі спатканьне Марыі Калесьнікавай з бацькам. Прычым публіка даведалася пра гэта з паведамленьня таго ж Рамана Пратасевіча. А цяпер ужо сам Раман выступіў у галоўнай ролі. Як высьветлілі журналісты рэсурсу «Люстэрка», Пратасевіч езьдзіў да Бабарыкі ў калёнію ня раз.
Зьяўленьне гэтага пэрсанажа побач са знакавымі палітвязьнямі не выпадковае. Тут грамадзтву паказваюць дзеля ілюстрацыі жывы прыклад, магчымую альтэрнатыву. Вось, маўляў, што трэба рабіць палітычным праціўнікам, каб стаць вольнымі. Раскаяцца, ці, як пісалі савецкія газэты ў 1937 годзе, «раззброіцца» перад рэжымам, «перакавацца», прысягнуць на вернасьць, а ў ідэале — заклікаць галасаваць за Лукашэнку. Вось паглядзіце на «зваршчыка» Рамана, рабіце высновы — і будзе вам шчасьце. То бок цяпер Пратасевіч ня проста чалавек, якога зламалі, гэта ўжо вобраз, брэнд. Асабліва пасьля скандальнага інтэрвію, якое зрабіла зь ім Ксенія Сабчак.
Улады імкнуцца стварыць цэлы пул былых апазыцыянэраў, якія пакаяліся. Юрый Васкрасенскі даўно эксплюатуе тэму вызваленьня палітвязьняў, тэлефануе родным зьняволеных, угаворвае іхных блізкіх пісаць прашэньні аб памілаваньні. Цяпер у падобнай ролі выступае і Пратасевіч. Ствараецца каманда прыдворных «праваабаронцаў». Аднак пакуль што гэтая каманда не павялічваецца.
Падобную думку выказвае мой калега Юры Дракахруст у камэнтары рэсурсу «Салідарнасць»:
«Удзел Пратасевіча ў гэтай гісторыі — гэта пасланьне частцы беларускага грамадзтва, а таксама і Захаду, што ў нас цяпер вось такая грамадзянская супольнасьць. Вы хацелі, каб была ня толькі дзяржава, але і грамадзянская супольнасьць? Калі ласка, яна ў нас ёсьць — і яна з тварам Ромы Пратасевіча».
Адначасова зьяўленьне на інфармацыйным экране Віктара Бабарыкі — гэта тонкі сыгнал Захаду. Тут спроба згуляць на кантрасьце з Расеяй. Паглядзіце, маўляў, там галоўных апазыцыянэраў, апанэнтаў Уладзіміра Пуціна забіваюць: такі лёс напаткаў Барыса Нямцова, Аляксея Навальнага. Прычым апошні загінуў акурат перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў РФ. А ў Беларусі напярэдадні выбараў галоўны апанэнт Лукашэнкі жывы, амаль здаровы, у новай робе, на ўтульнай канапе. Таму з намі можна размаўляць.
Хоць Захад пакуль не рэагуе на гэтыя сыгналы, але яны працягваюцца. Афіцыйны Менск мае спадзеў, што нешта памяняецца, асабліва з прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа. І тады ўсе гэтыя раней не заўважаныя крокі могуць пайсьці ў залік.
Форум