Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень галадоўкі ў Бабруйску ля прахадной заводу: «Няхай бачаць, што творыцца на прадпрыемстве»


Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў
Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

Звольненыя сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў другі дзень галадоўкі вырашылі правесьці каля прахадной прадпрыемства.

Чацьвёра галадоўнікаў — Мікалай Жыбуль, Аляксандар Варанкін, Алег Шаўчэнка і Аляксандар Грамыка, а таксама старшыня заводзкай суполкі прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў. Ён мае паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы сваіх калегаў прафсаюзьнікаў у форс-мажорных сытуацыях. Да акцыі пратэсту далучыўся працаўнік заводу, таксама сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Лабачоў. Ён галадае на сваім працоўным месцы.

Паводле галадоўнікаў, сёньня завод мае наведаць дэлегацыя партнэраў з Расеі, таму і вырашылі яны правесьці сваю акцыю каля прахадной. Рэакцыі на зьяўленьне групы звольненых працаўнікоў пакуль з боку адміністрацыі няма. «Але яна абавязкова будзе, — заяўляюць прафсаюзьнікі, — бо кіраўніцтва заводу бачыла іх каля прахадной».

«Мы хочам паказаць расейскім партэрам, што творыцца на прадпрыемстве. Працаўнікі ж прадпрыемства выказваюць нам падтрымку. Кажуць, што за свае правы трэба змагацца да канца. Нэгатыўнага стаўленьня ад нашых калегаў няма. Ніхто, аднак, ня выказаўся, што далучыцца да галадоўкі. Працаўнікі цэху, у якім я працаваў, наколькі я ведаю, выказалі нам падтрымку. Для нас гэта дужа важна, што нас не забылі», — паведаміў галадоўнік Алег Шаўчэнка.

«Я не магу бязьдзейна назіраць, як мае калегі галадаюць», — тлумачыць сваё далучэньне да акцыі пратэсту Генадзь Лабачоў.

Прафсаюзьнікі заяўляюць, што акцыяй пратэсту прыцягваюць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў незалежнага прафсаюзу адміністрацыяй прадпрыемства. Патрабуюць актывісты і свайго аднаўленьня на працы, бо лічаць, што звольнілі іх незаконна.

Галадоўку актывісты распачалі 5 лістапада ў будынку гарвыканкаму. Зь яго іх выгналі, прыгразіўшы адміністрацыйным арыштам.

У сваім звальненьні галадоўнікі вінавацяць кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, які, на іхную думку, «абвясьціў вайну свабоднаму прафсаюзу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG