Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я выключаю, што ЗША ў бліжэйшыя гады паспрабуюць гвалтоўна далучыць да сябе тэрыторыі іншых дзяржаў», — прэм’ер-міністарка Італіі


Дональд Трамп і Джорджа Мэлёні, Мар-а-Лага, 4 студзеня 2024 году
Дональд Трамп і Джорджа Мэлёні, Мар-а-Лага, 4 студзеня 2024 году

Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні 9 студзеня дала вялікую прэс-канфэрэнцыю, падчас якой пракамэнтавала шэраг пытаньняў міжнароднай палітыкі, паведамляе Euronews.

Некалькі дзён таму Мэлёні пабывала ў Мар-а-Лага ў Флорыдзе, дзе сустрэлася з абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

«Я выключаю, што ў бліжэйшыя гады ЗША паспрабуюць гвалтоўна далучыць да сябе тэрыторыі, якія ўяўляюць для іх цікавасьць», — заявіла італьянская прэм’ер-міністарка, камэнтуючы нядаўнія выказваньні Трампа пра Панаму і Грэнляндыю.

На думку Мэлёні, гэтыя заявы абранага прэзыдэнта ЗША — «хутчэй пасланьне іншым буйным гульцам на сусьветнай арэне, чым варожыя прэтэнзіі да гэтых краінаў», «спосаб сказаць, што ЗША ня будуць бязьдзейнічаць перад тварам іншых актараў у сфэрах, якія становяць стратэгічную цікавасьць для ЗША і Захаду».

«Панамскі канал мае вырашальнае значэньне для сусьветнага рынку і для ЗША. Грэнляндыя — стратэгічна важная тэрыторыя, багатая на сыравіну. Гэта тэрыторыі, на якіх мы бачым, як расьце ўплыў Кітаю», — растлумачыла Мэлёні.

Журналісты таксама спыталі Мэлёні пра магчымую адмову ЗША ад падтрымкі Ўкраіны, пра сяброўства ў NATO і гіпатэтычны «справядлівы мір» Украіны з Расеяй.

«Я ня думаю, што ЗША адвернуцца ад Украіны. Трамп гаварыў пра „мір празь сілу“. Калі сёньня і гавораць пра мір, дык толькі таму, што Расея крыху загрузла ва Ўкраіне дзякуючы мужнасьці ўкраінскага народу і падтрымцы Захаду. Трампу гэта добра вядома», — сказала Мэлёні.

Прэм'ер-міністарка Італіі таксама заявіла, што гатовая «падтрымаць тыя варыянты, якія падтрымае Ўкраіна», і што гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, на яе думку, «маюць вырашальнае значэньне для дасягненьня міру ў гэтай краіне».

«У мінулым Расея парушала падпісаныя ёй пагадненьні. Без гарантыяў бясьпекі мы ня можам быць упэўненыя, што гэта не паўторыцца» — заявіла Мэлёні.

На прэс-канфэрэнцыі прэм'ер-міністарцы таксама задалі некалькі пытаньняў пра Ілана Маска, самага багатага чалавека сьвету паводле Forbes, уладальніка Tesla і сацсеткі X. Кажучы пра магчымае ўмяшаньне Маска ў міжнародную палітыку, Мэлёні заступілася за яго, скрытыкаваўшы пры гэтым Джорджа Сораса.

«Маск — вельмі вядомы і багаты чалавек, які выказвае сваю пазыцыю. Але ён ня першы і не адзіны. Вядомых і заможных людзей, якія выказваюць свае погляды, я бачыла шмат. Праблема ў тым, што многія выкарыстоўваюць гэтыя рэсурсы для фінансаваньня партыяў, асацыяцыяў і палітыкаў па ўсім сьвеце, каб уплываць на палітыку той ці іншай краіны. Маск гэтага ня робіць: я ня чула, каб ён фінансаваў палітычныя партыі. Гэта робіць Джордж Сорас. Гэта называецца ўмяшаньнем у справы нацыянальных дзяржаў», — заявіла Мэлёні.

  • Трамп неаднойчы заяўляў пра свае прэтэнзіі на Панамскі канал і Грэнляндыю «дзеля эканамічнай бясьпекі». На прэс-канфэрэнцыі 7 студзеня ён адмовіўся выключыць магчымасьць выкарыстаньня вайсковых ці эканамічных мераў для дасягненьня сваёй мэты — вярнуць кантроль ЗША над Панамскім каналам і набыць Грэнляндыю, якая знаходзіцца пад кіраваньнем Даніі. Данія адмаўляе магчымасьць угоды па Грэнляндыі.
  • Міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро, камэнтуючы заявы Трампа, сказаў, што Эўразьвяз не дапусьціць уварваньня ў свае межы іншых краін, хто б гэта ні быў. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц таксама перасьцярог Трампа ад гвалтоўнай зьмены межаў дзяржаваў.
  • Акрамя гэтага, Трамп раней заяўляў, што Канада павінна стаць 51-м штатам ЗША, і прапаноўваў Джастыну Трудо стаць «губэрнатарам» новага штату, а 8 студзеня апублікаваў у сваёй сацсетцы Truth мапу з Канадай у складзе ЗША. Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо заявіў у сацсетцы Х, што «няма ні найменшага шанцу», што Канада ўвойдзе ў склад ЗША. У камэнтарах да гэтага паста Ілан Маск абразіў канадзкага прэм’ера, назваўшы яго дзяўчынкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG