Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве з паловай гадзіны ў міліцыі за галадоўку


Галадоўнікі разам. Сябры Свабоднага прафсаюза Беларускага зьлева направа -- Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варанкін, Аляксандар Грамыка.
Галадоўнікі разам. Сябры Свабоднага прафсаюза Беларускага зьлева направа -- Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варанкін, Аляксандар Грамыка.

У Бабруйску першы дзень бестэрміновай галадоўкі пратэсту чатырох сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага скончыўся затрыманьнем.

Галадоўнікаў Мікалая Жыбуля, Аляксандра Варанкіна, Алега Шаўчэнку і Аляксандра Грамыку арыштавалі на плошчы Леніна, куды яны прыйшлі, каб выказаць пратэст супраць незаконнага, як яны лічаць, звальненьня з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Разам зь імі ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных спраў забралі двух журналістаў — Артура Бондарава і Вячаслава Пыжко — ды старшыню заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова. У міліцыі затрыманыя прабылі дзьве з паловай гадзіны.

На плошчы Леніна галадоўнікі прабылі крыху больш за дзьве гадзіны. Як яны апавядаюць, да іх падышлі міліцыянты, забралі дакумэнты і загадалі ехаць ва ўпраўленьне для высьвятленьня асобаў. У міліцыі правялі з актывістамі прафіляктычную гутарку. Папярэдзілі пра недапушчальнасьць правядзеньня акцыі пратэсту. У адваротным выпадку, прыгразілі, ім пагражае адміністрацыйнае пакараньне — штраф.

«У СМІ прайшла інфармацыя, што наша акцыя — галадоўка, а яна падпадае пад артыкул „аб несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах“, а за гэта адміністрацыйны штраф», — пераказвае папярэджаньне міліцыянтаў галадоўнік Мікалай Жыбуль.

Нягледзячы на пагрозу, акцыю пратэсту прафсаюзьнікі будуць працягваць. Заяўляюць — датуль, пакуль іх не пачуе адміністрацыя прадпрыемства, мясцовая ўлада альбо прэзыдэнт. Пакуль жа замест дыялёгу іх запалохваюць:

«Я зразумеў яшчэ раз, што ўладам Бабруйску ніякай справы да нас няма. Яны выклікаюць праваахоўныя органы і адразу палохаюць нас, што нам будуць вялікія штрафы за тое, што мы вядзем незаконную акцыю. Ні мэр, ні ягоныя намесьнікі, ні дырэктар заводу — ніхто зь іх ня хоча ісьці да нас на кантакт», — абураецца галадоўнік Аляксандар Варанкін.

Паводле галадоўнікаў, іхную акцыю пратэсту падтрымлівае працоўны калектыў прадпрыемства, аднак актывісты прызнаюць, што далучыцца да яе наважыўся адзін працаўнік, іхны калега па прафсаюзе — Генадзь Лабачоў.

«Наагул народ у нас крыху запалоханы, але нас на заводзе людзі падтрымліваюць. Няхай і не афіцыйна, а пакуль маральна. Мы, так бы мовіць, не адны», — выказваецца галадоўнік Алег Шаўчэнка.

Журналістаў затрымалі, калі яны запісвалі гутарку з удзельнікамі акцыі пратэсту. Забралі ў міліцыю, каб высьветліць іхныя асобы. Зьняволеньне журналісты лічаць незаконным. Міліцыянтаў, заўважае Артур Бондараў, падчас гутаркі больш цікавілі пытаньні — каго яны прадстаўляюць і якія пытаньні задаваліся галадоўнікам:

Артур Бондараў
Артур Бондараў

«Нас таксама папярэдзілі, што калі ў нашым матэрыяле будзе згаданая галадоўка, то яе ўдзельнікам будзе пагражаць адміністрацыйнае пакараньне. І калі ў нашым матэрыяле будуць зьнятыя міліцыянты, то нам будзе пагражаць нейкая адказнасьць», — распавядае журналіст Артур Бондараў.

Самі галадоўнікі спадзяюцца, што іхную акцыю падтрымаюць і на іншых прадпрыемствах гораду і краіны. Дзе правядуць актывісты другі дзень галадоўкі — пакуль ня кажуць. Заяўляюць, што месца абмяркуюць яшчэ.

Бабруйскія пратэстоўцы: «Заўтра таксама выйдзем»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:31 0:00
Наўпроставы лінк

Тым часам у самім Бабруйску мала хто з гараджанаў ведае пра акцыю пратэсту былых работнікаў заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, але большасьць апытаных усё ж падтрымлівае намаганьні актывістаў па абароне сваіх правоў. Найбольш характэрныя меркаваньні:

Малады хлопец: «У Эўропе ёсьць незалежныя прафсаюзы, якія бароняць правы працоўных. У нас жа такога няма. Нашы прафсаюзы хутчэй падтрымліваюць кіраўніцтва. У нашай краіне правы працоўных ніяк не абароненыя».

Мужчына: «Я зьдзіўлены, што яны яшчэ працавалі, будучы ў незалежным прафсаюзе. Я, шчыра кажучы, зайздрошчу гэтым людзям, што яны маюць цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю. Гэта рэдкасьць для Беларусі».

Мужчына сталага веку: «Такія акцыі бываюць у нас рэгулярна. Некалі на шынным камбінаце галадаў Свабодны прафсаюз. Яны маюць права выказваць сваю пазыцыю як заўгодна. Паглядзіце, як на Захадзе паказваюць: якая несправядлівасьць — прафсаюз выходзіць на вуліцы. І іх не арыштоўваюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG