Успаміны Зяленскага пра размову з Лукашэнкам у першыя дні расейскага ўварваньня яўна непрыемныя для апошняга. Найперш, яны сьведчаць пра тое, што Беларусь страціла свой ваенны сувэрэнітэт. Высьвятляецца, што прэзыдэнт РФ, расейскія генэралы не пытаюцца ў Лукашэнкі дазволу на выкарыстаньне беларускай тэрыторыі ў вайне. Дык ці пытае Пуцін дазволу ў Лукашэнкі наконт разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі, ракет «Арэшнік»?
Сьцісла:
- Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, Лукашэнка апраўдваўся за саўдзел у агрэсіі.
- З словаў Зяленскага вынікае, што Лукашэнка не даваў згоды на выкарыстаньне беларускай тэрыторыі, нават пярэчыў, а Пуцін скарыстаўся сытуацыяй насуперак думцы афіцыйнага Менску.
- Гэтыя апраўданьні Лукашэнкі не здымаюць зь яго адказнасьці і таўра суагрэсара. Захад глядзіць не на словы, а на справы. Бо рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымліваў агрэсію Расеі.
- Крамлю наўрад ці спадабаюцца гэтыя апраўданьні бліжэйшага саюзьніка. Там ня могуць не падумаць, што Лукашэнка вядзе падвойную гульню, хоча «саскочыць».
Хоць прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму рана пісаць мэмуары, але ён паглыбіўся ва ўспаміны ў інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману. Вялікі рэзананс атрымаў сюжэт пра перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у першыя дні вайны.
Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, Лукашэнка апраўдваўся за саўдзел у агрэсіі: «Ён сказаў, што «гэта ня я, гэта Пуцін запусьціў ракеты з маёй тэрыторыі». Гэта яго словы, у мяне ёсьць сьведкі. Ён папрасіў прабачэньня, сказаў: «Павер, Валодзя, гэта ня я, я яму сказаў „ня трэба“, гэта было безь мяне». І яшчэ адна рэпліка Лукашэнкі, якую ўзгадаў Зяленскі: «Я не кантралюю, — ён мне казаў, — я не кантралюю, гэта проста ракеты, гэта Пуцін». І, паводле вэрсіі прэзыдэнта Ўкраіны, Лукашэнка прапанаваў у якасьці кампэнсацыі, каб Кіеў ударыў па Мазырскім НПЗ.
На наступны дзень пасьля публікацыі прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант пацьвердзіла, што ў першыя дні расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну адбылася размова з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, але зьняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што Лукашэнка нібыта прасіў прабачэньня.
Дык прасіў ці не? Тут проста гульня словаў, інтэрпрэтацый. Вось, напрыклад, паміж кіраўніцтвам Азэрбайджану і Расеі дасюль ідзе дыскусія, ці было выбачэньне за зьбіты самалёт.
Што можна дакладна канстатаваць, дык гэта тое, што Лукашэнка імкнуўся апраўдвацца за саўдзел у агрэсіі. Пытаньне пра ролю Лукашэнкі ў нападзе на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі ня толькі гістарычнае. Тут гаворка і пра палітычную, і пра юрыдычную адказнасьць. Ці даваў Лукашэнка згоду выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі дзеля нападу на суседа? Ці ведаў ён пра пляны Ўладзіміра Пуціна?
З словаў Зяленскага вынікае, што Лукашэнка адмаўляў сваю згоду на выкарыстаньне беларускай тэрыторыі, нават пярэчыў, а Пуцін скарыстаўся сытуацыяй і, насуперак думцы афіцыйнага Менску, пайшоў атакай на Кіеў празь мяжу Беларусі з Украінай.
Такая вэрсія мае права на існаваньне. На яе карысьць гавораць іншыя факты.
Атацы на Кіеў зь беларускай тэрыторыі папярэднічалі вялікія вайсковыя вучэньні. На поўдні Беларусі зьявілася расейскае войска: паводле ацэнак ваенных экспэртаў, каля 30 тысяч. 16 лютага 2022 году, за восем дзён да пачатку вайны, тагачасны міністар замежных спраў Уладзімер Макей сабраў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, на якой упэўнена казаў, што ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля вучэньняў. То бок ён агучыў пазыцыю афіцыйнага Менску.
Сам Лукашэнка на пачатку вайны заявіў: «Тая астатняя частка групоўкі Расейскай Фэдэрацыі — я гэта шчыра і адкрыта кажу — якая была на паўднёвых межах нашай Беларусі, натуральна, Генэральным штабам Расеі, хутчэй за ўсё — я ж гэта толькі са СМІ ведаю — задзейнічана ў гэтай апэрацыі».
То бок, Лукашэнка прызнае, што даведаўся пра ўварваньне расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну з мэдыя. Тое самае тады ён казаў Зяленскаму, пра што мы даведваемся толькі цяпер.
Каму выгадныя цяперашнія прызнаньні ўкраінскага прэзыдэнта? Выказваюцца думкі, што гэта выгадна Лукашэнку. Маўляў, яны абяляюць яго, рэабілітуюць, здымаюць зь яго таўро суагрэсара, дадаюць шанцаў на ўдзел у будучых перамовах аб міры.
Аднак Захад глядзіць не на словы, а на справы. А справы такія, што Менск ня толькі не пратэставаў публічна супраць выкарыстаньня Расеяй беларускай тэрыторыі для нападу на паўднёвага суседа, — рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымліваў агрэсію Расеі ў пляне вайсковым (лягістыка, вайсковая інфраструктура ды інш.), палітычным, эканамічным (ВПК), інфармацыйным, дыпляматычным. І ад статусу суагрэсара яму не адхрысьціцца ніякімі словамі.
А вось мінусаў для Лукашэнкі ад прызнаньняў Зяленскага шмат. Найперш, яны сьведчаць пра страту ваеннага сувэрэнітэту Беларусі. І тут ключавая фраза Лукашэнкі, якую цытуе Зяленскі, такая: «Я не кантралюю, — ён мне казаў, — я не кантралюю... гэта Пуцін». Высьвятляецца, што прэзыдэнт РФ, расейскія генэралы ня толькі не пытаюцца дазволу ў Лукашэнкі на выкарыстаньне беларускай тэрыторыі ў вайне, але нават не інфармуюць яго пра гэта. Даводзіцца атрымліваць інфармацыю са СМІ. Беларусь стала прахадным дваром для расейскіх войскаў.
І ў зьвязку з гэтым узьнікае пытаньне: а ці пытаецца Пуцін дазволу ў Лукашэнкі наконт разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі, ракет «Арэшнік»?
Зь іншага боку, Крамлю наўрад ці спадабаюцца гэтыя апраўданьні бліжэйшага саюзьніка. Там ня могуць не западозрыць, што Лукашэнка вядзе падвойную гульню, хоча «саскочыць».
Таму Лукашэнка пакуль не камэнтуе гэтыя словы Зяленскага па сутнасьці. На Раство ў храме ён закрануў гэтую тэму мімаходзь: «Чаму Валодзя Зяленскі сябе так паводзіць? Мы ж нармальна зь ім былі, у добрых адносінах. І мая маленькая сям’я таксама. Чаго ён вякае, чаго яму не хапае? Яму даюць каманду. Трэба ўсяляк рабіць усё, каб уцягнуць краіну ў вайну».
Сказаць нешта сутнаснае ў сваё апраўданьне Лукашэнку асабліва няма чаго. Таму ён і схаваўся за плячыма Натальлі Эйсмант.
Форум