Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 35 гадоў ліцэю БДУ


Выпускны баль у ліцэі БДУ, ілюстрацыйнае фота
Выпускны баль у ліцэі БДУ, ілюстрацыйнае фота

Падзеі 10 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 студзеня 1990 году адбыліся першыя заняткі ліцэю Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе, ён забясьпечвае профільнае навучаньне ў 10–11-х клясах, рыхтуе да паступленьня ў ВНУ. Яго вучні рэгулярна становяцца прызэрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд у самых розных прадметах. У 2004 годзе ліцэю далі прэмію ўраду за дасягненьні ў галіне якасьці.

У 2020 годзе больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары. Пасьля выбараў зь ліцэю звольнілі больш за дзясятак выкладчыкаў, за гэты час зьмяніліся тры дырэктары.

У кастрычніку 2023 году кіраваць ліцэем БДУ прызначылі Тацяну Мамчыц, начальніцу вучэбна-мэтадычнай часткі Інстытуту нацбясьпекі (у савецкія часы — школа КДБ). У траўні 2024 году ў Ліцэі БДУ адкрылі дошкі ў гонар Лукашэнкі, а ў чэрвені — прысвоілі ліцэю імя заснавальніка ВЧК-КГБ Дзяржынскага.

Дзень у гісторыі

1569 — у Люблінскім замку пачалося паседжаньне сэйму, якое папярэднічала Люблінскай уніі.

1863 — у Лёндане пачало працаваць першае ў сьвеце мэтро.

Лёнданскае мэтро, станцыя «Бэйкер-стрыт», літаграфія
Лёнданскае мэтро, станцыя «Бэйкер-стрыт», літаграфія

1946 — у Лёндане пачалася першая сэсія Генэральнай асамблеі ААН.

1989 — пасьля 72-гадовага перапынку пачала працаваць Менская духоўная вучэльня — спачатку як аднагадовыя курсы псаломшчыкаў.

1991 — прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў запатрабаваў ад Вярхоўнага Савету Літвы адмены акту аб незалежнасьці і аднаўленьня савецкай Канстытуцыі. Гэтае патрабаваньне было падмацавана вайсковай сілай, што скончылася штурмам віленскага тэлецэнтру і ахвярамі сярод цывільных асобаў. Пазьней літоўскі суд асудзіў шэраг вінаватых у гэтай справе, некаторыя дагэтуль у міжнародным вышуку. Генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам, а пазьней быў намесьнікам міністра абароны Беларусі, Менск адмовіўся выдаць Літве.

Вільня ў студзені 1991 году
Вільня ў студзені 1991 году

2023 — Радыё Свабода адкрыла новы офіс у Вільні.

У гэты дзень нарадзіліся

1892Мэльхіёр Ваньковіч, польскі пісьменьнік, родам зь Беларусі. Дзяцінства правёў у Менску, шмат падарожнічаў па Беларусі, сябраваў зь беларускімі літаратарамі ды шмат рабіў дзеля пашырэньня беларускае літаратуры ў Польшчы. Пра сваё менскае дзяцінства Ваньковіч напісаў кнігу «Шчанячыя гады», што выйшла ў канцы 30-х гадоў.

1896 Георгі Лаўроў, архітэктар знакавых будынкаў у Беларусі.

1905 Тацяна Бірыч, беларускі афтальмоляг, доктар мэдычных навук.

1930 Фёдар Капуцкі, хімік, рэктар БДУ ў 1990–1996 гадах.

1934Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны.

Леанід Краўчук
Леанід Краўчук

1966 Яраслаў Раманчук, беларускі палітык і эканаміст.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

У памяці

1684 Крыштаф Жыгімонт Пац, вялікі канцлер літоўскі.

1778 Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнавец, стваральнік адзінай сыстэмы расьліннага і жывёльнага сьвету.

1906 Цэлястын Цеханоўскі, лекар, паплечнік Каліноўскага (памёр на катарзе).

2004Алесь Усюкевіч, сакратар падпольнага Саюзу вызваленьня Беларусі, які дзейнічаў у Наваградку ў 1946–1947 гг. Памёр у ссылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG