Газэта The New York Times пагутарыла зь лекарамі, каб стварыць своеасаблівы гід па сымптомах і лячэньні ковіду на 2024 год. Асноўныя рэкамэндацыі мэдыкаў — гэта адпачынак, дастатак вадкасьцяў і адпаведныя лекі.
Сымптомы хваробы
Найбольш распаўсюджаныя сымптомы ковіду ня моцна зьмяніліся з пачатку пандэміі чатыры гады таму і застаюцца практычна такімі самымі. Да іх адносяцца стомленасьць, боль у горле, закладзенасьць носа, катар, галаўны боль, ламота ў целе і кашаль. Яны актуальныя і для апошняга дамінуючага варыянту каранавірусу, які называецца JN.1.
У некаторых людзей могуць зьявіцца кан’юктывіт або праблемы са страўнікава-кішэчным трактам — млоснасьць, ваніты і дыярэя. Але такія сымптомы сустракаюцца радзей.
Паводле экспэртаў, самыя прыкметныя ў пачатку пандэміі сымптомы — страта пачуцьця густу і паху — цяпер сустракаецца радзей.
«Самая вялікая зьмена заключаецца ў тым, што сымптомы робяцца больш лёгкімі», — сказала доктар Аманда Каста з катэдры інфэкцыйных хваробаў унівэрсытэту ў Вашынгтоне. Гэта адбываецца таму, што практычна ў кожнага чалавека ўжо ёсьць пэўны імунітэт ад вакцын, перанесенай інфэкцыі або і таго і таго разам.
Для большасьці людзей цяпер ковід працякае лёгка, але для некаторых ён па-ранейшаму небясьпечны і нават сьмяротны. У такой краіне, як ЗША, паводле стану на сярэдзіну лютага, было больш за 21 000 шпіталізаваных з прычыны ковіду, а за першыя няпоўныя два месяцы 2024 году там зарэгістравана каля 10 000 сьмерцяў, зьвязаных з COVID-19.
Цяжкія формы хваробы цяпер значна менш распаўсюджаныя ў параўнаньні зь першымі гадамі пандэміі, «але мы ўсё яшчэ іх назіраем», — сказаў выданьню прафэсар-інфэкцыяніст мэдычнага цэнтру Джонса Гопкінса ў Балтыморы Сьцюарт Рэй. Часьцей за ўсё, паводле доктара Рэя, хварэюць людзі з аслабленай імуннай сыстэмай і спадарожнымі хваробамі, такімі як захворваньні сэрца, дыябэт і праблемы зь лёгкімі.
Старэйшыя за 65 гадоў людзі таксама знаходзяцца ў групе рызыкі цяжкіх інфэкцый.
Таксама лекары нагадваюць, што паколькі лёгкая форма ковіду можа выглядаць як звычайная прастуда ці грып, то важна праверыць, ці быў у вас кантакт з заражаным чалавекам. Гэта важна для таго, каб вытрымаць карантын, які цяпер складае пяць дзён. У ЗША лекары раяць самаізалявацца на пяць дзён пасьля станоўчага тэсту на каранавірус і яшчэ пяць дзён пасьля карантыну насіць маску. У іншых краінах рэкамэндацыі могуць адрозьнівацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па сьвеце крочыць новая вэрсія «Омікрону». Наколькі яна небясьпечнаяЯк і чым лячыцца
Большасьці людзей дастаткова самаізалявацца, абмежаваць фізычную нагрузку, піць дастаткова вадкасьцяў і прымяняць сымптаматычнае лячэньне — гэта значыць прымаць лекі ад павышанай тэмпэратуры, галаўнога болю і болю ў горле, а таксама паласкаць горла ў выпадку неабходнасьці.
Разам з тым лекары зьвяртаюць увагу, што цяпер ёсьць шэраг антыкаранавірусных лекаў, якія істотна аблягчаюць хваробу. Калі іх пачаць прымаць у першыя пяць дзён пасьля зьяўленьня сымптомаў, то яны значна аблегчаць ваш стан. Таму калі вы пажылы чалавек або ў вас ёсьць хранічныя захворваньні, трэба як мага раней зьвярнуцца да лекара пасьля кантакту з хворым або станоўчага тэсту.
Зьвяртацца да лекараў важна яшчэ і таму, што некаторыя антывірусныя прэпараты маюць супрацьпаказаньні і могуць ўплываць на іншыя лекі, якія вы бераце.
Таксама лекары зьвяртаюць увагу на тое, што супрацькаранавірусныя лекі малаэфэктыўныя для маладых здаровых людзей з моцным імунітэтам, таму ім яны не рэкамэндуюцца.
Калі ў вас высокая тэмпэратура або болі ў целе, можна прымаць лекі на аснове ібупрафэну. Можна таксама браць безрэцэптурныя лекі ад прастуды і грыпу з супрацьацёкавымі ўласьцівасьцямі або сродкі ад кашлю, хаця экспэрты не рэкамэндуюць іх катэгарычна, паколькі яны не дапамагаюць усім і здольныя выклікаць санлівасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19 у новым сэзоне. ПарадыКалі зьвяртацца па мэдычную дапамогу
Выклікаць лекара на дом ці званіць у хуткую дапамогу трэба тады, калі вы адчуваеце дыхавіцу (гэта значыць, ня можаце аддыхацца або дыхаеце хутка і неглыбока). Тады важна неадкладна зьвярнуцца па мэдычную дапамогу.
«Больш за ўсё нас турбуе дыханьне, — кажа доктарка Аманда Каста. — Гэта самая трывожная прыкмета, таму што чалавеку можа стаць горш вельмі хутка».
Тым, у каго зьяўляюцца праблемы з дыханьнем, доктарка раіць зьвяртацца ў аддзяленьні неадкладнай дапамогі, а не да лекара.
Экспэрты таксама кажуць, што варта зьвяртацца да лекара, калі хворы адчувае зблытанасьць сьвядомасьці ці боль у грудзях.
Калі сымптомы ня робяцца лягчэйшымі празь некалькі дзён ад пачатку хваробы або паляпшаюцца, а пасьля зноў пагаршаюцца, гэта можа быць прыкметай другаснай інфэкцыі, напрыклад, пнэўманіі. У гэтым выпадку таксама трэба як найхутчэй зьвярнуцца па мэдычную дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адрозьніць сымптомы грыпу, ковіду, сынтыцыяльнага вірусу і прастуды. Парады