Навуковыя дадзеныя, якія стаяць за гэтым крокам, шматабяцальныя, піша The New York Times.
Рашэньне FDA дазволіць амэрыканцам мяняць вакцыны пры выбары бустэрнай (другой або трэцяй) дозы падвяло рысу пад працяглымі дэбатамі, ці дапамагае стратэгія зьмешваньня абараніць людзей ад каранавірусу.
Тым ня менш сёньня ў інфармацыйнай прасторы можна сустрэць як засьцярогі супраць вакцынацыі наогул, так і засьцярогі ад зьмешваньня вакцын. Вось некаторыя аргумэнты навукоўцаў, чаму мяняць вакцыны карысна.
Чым адрозьніваецца Sputnik V, якім найбольш прышчапляюць у Беларусі
Імунізацыя ад каранавірусу звычайна складаецца зь дзьвюх ці болей дозаў адной і той жа вакцыны. Напрыклад, мРНК вакцына Moderna ўводзіцца дзьвюма ідэнтычнымі дозамі з розьніцай чатыры тыдні.
Падвойная доза можа стварыць значна большую абарону ад хваробы, чым аднаразовая іньекцыя. Першая доза прымушае В-клеткі імуннай сыстэмы выпрацоўваць антыцелы супраць патагенаў, а імунныя Т-клеткі вучацца распазнаваць і забіваць інфікаваныя клеткі.
Другая доза ўзмацняе гэтую рэакцыю. Пасьля яе В-клеткі і Т-клеткі размнажаюцца ў вялікай колькасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці трэба прышчапляцца тым, хто ўжо хварэў на COVID-19Адкрыцьцям паспрыяла пандэмія
У апошнія гады некаторыя дасьледнікі вакцын экспэрымэнтавалі зь пераключэньнем з адной вакцыны на іншую для другой дозы. Гэтую стратэгію спэцыялісты называюць гетэралягічным простым узмацненьнем.
Пандэмія падштурхнула да далейшых дасьледаваньняў гэтай магчымасьці. Адна зь першых дазволеных гетэралягічных бустэрных вакцын — Sputnik V, распрацаваная летась расейскімі навукоўцамі. Яна мае два розныя адэнавірусы для дастаўкі бялкоў каранавірусу, якіх пасьля атакуе імунная сыстэма чалавека. Першая доза зьмяшчае адэнавірус пад назвай Ad5, а другая — іншы, пад назвай Ad26.
Навукоўцы даўно падазравалі, што гетэралягічныя простыя бустэры часам працуюць лепш, чым дзьве аднолькавыя дозы. Распрацоўнікі Sputnik V баяліся, што першая іньекцыя Ad5 створыць антыцелы ня толькі супраць бялкоў каранавірусу, але і супраць самога Ad5. У такім выпадку другая іньекцыя Ad5 магла б быць зьнішчана імуннай сыстэмай чалавека да таго, як прышчэпка зможа павысіць абарону ад COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць прычын, чаму ад масак нельга адмаўляццаРанейшыя дасьледаваньні экспэрымэнтальных ВІЧ-вакцын таксама паказалі, што іх зьмешваньне можа выклікаць больш моцны адказ, чым некалькі дозаў адной і той жа вакцыны.
Розныя тыпы вакцын стымулююць імунную сыстэму па-рознаму, і пераключэньне паміж дзьвюма вакцынамі можа дапамагчы людзям узяць лепшае з абедзьвюх.
Пандэмія дала вучоным-мэдыкам магчымасьці праверыць гэтую ідэю. Паколькі вакцына AstraZeneca была хутка ўкаранёная ў Эўропе, стала ясна, што ў маладзейшых рэцыпіентаў існуе невялікая, але рэальная рызыка ўтварэньня тромбаў. Маладым людзям, якія ўжо атрымалі адну дозу AstraZeneca, прапанавалі ў якасьці другой дозы вакцыну Pfizer-BioNTech.
Дзьве гэтыя вакцыны зусім розныя. Формула AstraZeneca грунтуецца на адэнавірусе шымпанзэ. Pfizer і BioNTech робяць сваю вакцыну з мРНК. Калі дасьледнікі вывучылі імунны адказ на гэты гетэралягічны першасны бустэр, аказалася, што ён прадукуе больш антыцелаў, чым дзьве дозы адной толькі AstraZeneca.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Факты на стол. Пяць фэйкаў пра каранавірус і вакцынацыюВарыянт спалучэньня вакцын можа забясьпечыць гнуткасьць у выратаваньні жыцьцяў у сьвеце, дзе вакцыны супраць COVID-19 застаюцца вельмі дэфіцытнымі. Калі запасы адной вакцыны скончацца да таго, як людзі атрымаюць другую дозу, можна будзе пераключыцца на іншую вакцыну і таксама атрымаць моцны імунітэт.
Як з трэцяй прышчэпкай
Летам 2021 году вакцыны Moderna і Pfizer-BioNTech пачалі дэманстраваць некаторую страту эфэктыўнасьці супраць каранавірусу, хоць абедзьве заставаліся дзейснымі супраць шпіталізацыі. Тым ня менш навукоўцы пачалі настойваць на бустэрнай трэцяй дозе вакцыны для аднаўленьня імуннай рэакцыі.
У мінулым месяцы амэрыканская FDA дазволіла бустэр Pfizer-BioNTech для пэўных груп людзей, якія атрымалі дзьве дозы. Чакаецца, што неўзабаве тое самае адбудзецца і з Moderna.
Johnson & Johnson вырашыла выкарыстоўваць аднаразовую дозу для сваёй вакцыны, якая ў клінічных выпрабаваньнях аказалася менш эфэктыўнай, чым Moderna і Pfizer-BioNTech. Дасьледаваньне, апублікаванае ў мінулым месяцы, паказала, што вакцына Johnson & Johnson была эфэктыўная супраць шпіталізацыі на 71%, у параўнаньні з 88% для Pfizer-BioNTech і 93% для Moderna.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рызыка ад вакцынацыі для маладых мужчын сапраўды існуеУ ЗША правялі дасьледаваньні і выявілі, што ў тых, хто атрымліваў другую дозу Johnson & Johnson, колькасьць антыцелаў вырасла ўсяго ў чатыры разы. Пераход на бустэр ад Pfizer-BioNTech павысіў узроўні антыцелаў у 35 разоў. Бустэр ад Moderna павысіў іх у 76 разоў.
Ці будуць іншыя варыянты бустэраў
Цяпер праходзяць клінічныя выпрабаваньні больш за 100 вакцын супраць COVID-19. Адам Уітлі, імуноляг з Мэльбурнскага ўнівэрсытэту ў Аўстраліі, прадказаў, што некаторыя з гэтых новых вакцын могуць аказацца больш эфэктыўнымі ўзмацняльнікамі.
У адрозьненьне ад вакцын, вырабленых з мРНК ці адэнавірусаў, вакцыны такіх кампаній, як Sanofi-Pasteur і Novavax, утрымліваюць вялікую колькасьць вірусных бялкоў.
«Я падазраю, што пратэінавыя ўзмацняльнікі будуць сапраўды добрыя, — кажа доктар Уітлі. — Калі вы прыходзіце ў арганізм з адносна вялікім запасам бялкоў, гэта прыводзіць да даволі надзейнага імуннага адказу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трывога ў ЗША: Прышчэпленыя людзі могуць распаўсюджваць каранавірусНікалас Крэсман, прадстаўнік Sanofi, сказаў, што яго кампанія ўжо далёка прасунулася ў выпрабаваньнях сваёй бялковай вакцыны як узмацняльніка для людзей, што ўжо атрымалі іншыя вакцыны.
«Намер палягае ў тым, каб распрацаваць нашу вакцыну як унівэрсальную бустэрную вакцыну, здольную павысіць імунітэт незалежна ад першай вакцынацыі», — сказаў ён.
Пакуль ня ясна, колькі бустэраў ад COVID-19 нам спатрэбіцца, каб атрымаць працяглую абарону. Магчыма, аднаго ўколу будзе дастаткова. Але магчыма, што вакцыну давядзецца ўводзіць кожны год, як ад сэзоннага грыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы пацьвердзілі высокую эфэктыўнасьць вакцын супраць усіх варыянтаў каранавірусуКалі бустэры COVID-19 стануць штогадовымі, то стратэгія спалучэньня вакцын павінна дапамагчы большай колькасьці людзей прайсьці імунізацыю.
Так стаяць справы з грыпам. Кожны год вытворцы вакцын вырабляюць новыя партыі прышчэпак ад сэзоннага грыпу. Некаторыя зь іх уяўляюць сабой інактываваныя вірусы грыпу. Некаторыя ўтрымліваюць жывыя вірусы, занадта слабыя, каб заразіць людзей. Іншыя складаюцца толькі зь бялкоў грыпу. Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў не даюць перавагі ніякай зь іх, што, сярод іншага, ня толькі павышае імунны адказ у людзей, але і зьмяншае кошт бустэраў.