Справа Бяляцкага. XXVІ. Банкаўскія раздрукоўкі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
На падставе інфармацыі Міністэрства юстыцыі Літвы журналісты склалі храналёгію дзеяньняў у справе перадачы інфармацыі пра банкаўскія зьвесткі Алеся Бяляцкага.

2 лютага 2011 году. Ад Міністэрства юстыцыі Беларусі атрыманае хадайніцтва аб прававой дапамозе з просьбай падаць зьвесткі пра рух грашовых сродкаў на дзейных у Літве банкаўскіх рахунках прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча.

2 сакавіка. Гэтая просьба накіраваная для выкананьня ў адпаведныя банкі.

15 сакавіка. Банк DNB Nord падаў запатрабаваную ў хадайніцтве інфармацыю пра рахункі Бяляцкага.

15 сакавіка. Банк AО SEB адмовіўся выдаваць зьвесткі на Стэфановіча.

17 сакавіка. Міністэрства юстыцыі Літвы ў сувязі з гэтай адмовай падало пазоў на банк SEB у 2-гі Віленскі ўчастковы суд. Судзьдзя Юраце Гайдзіце-Лаўрыновіч абавязала банк выдаць інфармацыю.

Банк падпарадкаваўся рашэньню судзьдзі. Канчатковае рашэньне перадаць усе зьвесткі Менску прыняла і падпісала дырэктар Дэпартамэнту міжнароднага права Мін’юсту Літвы Аўшра Бярнацене.

28 сакавіка. Інфармацыя пра Бяляцкага адпраўленая Міністэрству юстыцыі Беларусі.

6 чэрвеня. Інфармацыя пра Стэфановіча адпраўленая Міністэрству юстыцыі Беларусі. Яшчэ чатыры заяўкі аб выдачы інфармацыі пра рахункі актывістаў «Вясны» задаволеныя не былі, у тым ліку паводле рашэньня таго ж Віленскага суду, як было з запытам на Тацяну Равяку. Суд адмовіў у выдачы яе банкаўскіх матэрыялаў, як мяркуе сама Тацяна, таму што яна ўзначальвае зарэгістраваную ў Літве арганізацыю «Дом правоў чалавека». Яшчэ тры запыты на вясноўцаў паступілі зь Менску пазьней і былі адхіленыя самім Мін’юстам Літвы.

21 чэрвеня. МЗС Літвы папрасіў Мін’юст часова прыпыніць выкананьне хадайніцтваў аб прававой дапамозе зь Беларусьсю.

4 жніўня. У Менску затрыманы Алесь Бяляцкі.

24 жніўня. Мін’юст Літвы накіраваў у Менск зварот, у якім заявіў, што перададзеная ім раней інфармацыя ад 28 сакавіка і 6 чэрвеня — несапраўдная і ня можа выкарыстоўвацца ў крымінальным працэсе.

Запыт аб рахунках Бяляцкага ў Польшчы быў накіраваны ў студзені 2011 году, спачатку непасрэдна ў банкі, а калі тыя адмовілі — у Генэральную пракуратуру Польшчы. Bank Śląski (Катавіцы) прадставіў у польскую пракуратуру зьвесткі па рахунку Бяляцкага за 2007–2011 гады 24 траўня 2011 году. Раздрукоўкі з Польшчы былі выдадзеныя ў Менск у канцы чэрвеня.

У жніўні прэсавы сакратар пракурора Польшчы Мацей Куяўскі паведаміў, што «са зьместу запыту на Бяляцкага не вынікала, што гаворка ідзе пра апазыцыйную дзейнасьць».

У абодвух выпадках у беларускага боку ў адпаведнасьці з двухбаковымі дамовамі аб прававой дапамозе не было падставаў накіроўваць такія запыты, а ў польскага і літоўскага — іх выконваць, паколькі крымінальнай справы на Бяляцкага яшчэ заведзена не было. Справа зьявілася толькі 4 жніўня 2011 году, у дзень ягонага арышту.

Тым ня меней гэтыя дакумэнты былі пакладзеныя ў аснову справы і разглядаліся судом. Польскія чыноўнікі, як і літоўскія, праявілі халатнасьць, якая скончылася прысудам праваабаронцу.

Пракурор Сайкоўскі агучвае пісьмовыя матэрыялы справы


Толькі на трэці дзень працэсу раздрукоўкі былі перакладзеныя з замежных моваў. Пракурор агучыў ліст ад 7 сакавіка 2011 году, у якім літоўскі банк NORD піша ў Мін’юст Літвы, што рахунак Бяляцкага быў адкрыты ў 2009 годзе і што раздрукоўкі руху на ім грошай ня могуць быць завераныя гербавай пячаткай, таму што банк такой ня мае.

Зьміцер Лаеўскі

Дасланыя зь Літвы дакумэнты адвакат Лаеўскі назваў «ніяк не заверанай ксэракопіяй»:

«Няма нічыіх подпісаў і пячатак амаль на ўсіх аркушах, толькі на адным аркушы ёсьць нейкі подпіс. На такія зьвесткі суд ня можа зьвяртаць увагу».

NORD-банк як камэрцыйная ўстанова сапраўды можа ня мець гербавай пячаткі, якую звычайна маюць толькі дзяржаўныя ўстановы. А вось Мін’юст Літвы, які перадаваў гэтыя паперы беларускаму боку, дакладна мае гербавую пячатку. Але і ён не заверыў раздруковак, якія ў выніку выглядалі як ксэракопіі. Такі «дакумэнт» сапраўды можна падрабіць на любым кампутары. Альбо ўнесьці праўкі ў той, які быў прысланы з банку. Таму гэтыя дакумэнты, іх праўдзівасьць выклікалі сумнеў і ў Бяляцкага, і ў ягонага адваката.

Якасьць дакумэнтаў з польскага банку была такая самая — старонкі бяз подпісаў і пячатак. Адвакат Лаеўскі і іх назваў «нічым і нікім не заверанай ксэракопіяй». Табліцы зь нібыта рухам грашовых сродкаў па рахунку Алеся, перададзеныя з гэтага банку, ніяк не былі завераныя: «Гэты дакумэнт ня ёсьць доказам і ня можа ў прынцыпе дасьледавацца», — заявіў Лаеўскі.

Ён зьвярнуў увагу суду, што дамовы Беларусі аб прававой дапамозе зь Літвой і Польшчай патрабуюць, каб кожная старонка перададзеных матэрыялаў была завераная подпісам службовай асобы і гербавай пячаткай дзяржавы, якая іх выдае. Гэтага зроблена не было. І на гэтую акалічнасьць судзьдзя не зьвярнуў увагі, у сваім выраку вызначыўшы, што праўдзівасьць дакумэнтаў нібыта пацьвярджаецца суправаджальнымі лістамі зь Мін’юсту Літвы і Генпракуратуры Польшчы.

Адвакат у ходзе працэсу пярэчыў такой лёгіцы: пад гэтыя суправаджальныя лісты можна падкласьці і падробленыя дакумэнты.

Чаму адначасова і Літва, і Польшча перадалі ў Беларусь дакумэнты, неадпаведныя патрабаваньням двухбаковых дамоваў зь Беларусьсю? Гэта можна патлумачыць хіба толькі практыкай, якая склалася ў двухбаковых дачыненьнях: з краіны ў краіну перадаецца маса дакумэнтаў, у тым ліку і банкаўскіх. А чыноўнікі не абцяжарваюць сябе выкананьнем фармальнасьцяў. І беларускі бок, Міністэрства юстыцыі, пракуратуру, суды гэта задавальняе. Парушэньні «ўсплылі» толькі ў працэсе Бяляцкага.

У абароны былі прэтэнзіі ня толькі да афармленьня банкаўскіх матэрыялаў зь Літвы і Польшчы, але і да мэтаду іх атрыманьня. Адвакат Лаеўскі зазначыў, што сам зварот зь Менску ў літоўскі Мін’юст і польскую пракуратуру быў дасланы ў студзені 2011 году, за восем месяцаў да таго, як на Бяляцкага была заведзеная крымінальная справа. Гэта супярэчыць беларуска-літоўскай і беларуска-польскай дамовам аб прававой дапамозе, якія патрабуюць, каб бок, які дасылае запыты, указваў, якая справа заведзеная і што інкрымінуецца грамадзяніну. Гэта на першы погляд фармальны, але вельмі істотны момант, бо калі нейкія дзеяньні ня ёсьць злачыннымі паводле заканадаўства аднаго з бакоў дамовы, то гэта можа даваць падставы не выконваць запыт.

Але суд ня стаў вывучаць фармальны бок працэдуры атрыманьня дакумэнтаў, якія склалі аснову абвінавачаньня. Ня сталі таксама сьледзтва і суд дасьледаваць, ці былі грошы, пра якія йшлося ў раздрукоўках, прыбыткамі Бяляцкага. Суд кіраваўся лёгікай сьведак-падаткоўцаў: «Усё, што прыйшло на рахунак, — даход». Не накіравалі сьледзтва і суд запыты ў міжнародныя арганізацыі, якія прысылалі грошы на рахунак Бяляцкага, каб тыя патлумачылі, на якія мэты яны іх пераводзілі, ня высьветлілі яны ўрэшце, якім чынам гэтыя грошы былі патрачаныя.

У цэлым, паводле Лаеўскага, сьледзтва так і ня вызначыла, што з тых сумаў, якія былі агучаныя, лічыцца прыбыткам Бяляцкага. Калі Алесь здымае грошы з рахунку, ці значыць гэта, што «Бяляцкі імі распараджаецца», як сьцьвярджае пракурор?

Гэта азначае тое, што ён зрабіў банкаўскую апэрацыю — зьняў грошы з рахунку, а зь якой мэтай ён гэта зрабіў, суд і сьледзтва так і не ўстанавілі, разважае Валянцін Стэфановіч. Бяляцкі мог перадаць грошы іншым праваабаронцам, аплаціць друк кніг, перадаць сем’ям палітвязьняў. І ён гэта рабіў. Але сьледзтва і суд не высьвятлялі ані мэтаў пераводу гэтых грошай на рахунак Алеся, ані іх фактычнага расходаваньня.

Інакш кажучы, суд не ўстанавіў фактаў выкарыстаньня Бяляцкім грамадзкіх грошай на асабістыя мэты.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.