“Калектыў” пра калектыў

  • Аляксандар Лукашук
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Освальд сур’ёзна паставіўся да сваёй ролі чалавека, які атрымаў унікальны досьвед працы на савецкім заводзе – і выступіў у ролі Дантэ, які апавядае пра сваё падарожжа ў замагільны сьвет.

Невядома, хто выступаў у ролі Вэргілія – ім мог быць і Аляксандар Зігер, і Павал Галавачоў.*

Дантэ з Освальда атрымаўся таксама даволі нудны. Нататкі пра калектыў і працу на радыёзаводзе ўражваюць сваёй нецікавасьцю. Освальд завальвае чытача бессэнсоўнай статыстыкай – 87 000 вялікіх і моцных радыёпрымачоў, 60 000 тэлевізараў вырабляецца за год на заводзе, дзе працуюць 5000 рабочых, зь іх 58% жанчыны і дзяўчаты. Далей ён дае раскладку па цэхах і ўчастках, называе плошчу заводу і яго каардынаты, расьпісвае арганізацыю працы, ролю майстроў, сумна тлумачыць, хто такія ўдарнікі, і ўзьнікае ўражаньне, што ўсё гэта добрасумленна перапісанае са стэнда нагляднай агітацыі ці заводзкай брашуры.

Жыцьцё вяртаецца ў тэкст, калі ён спыняецца на хвіліну ў цэху, дзе працуюць прэсы:

Грукат у цэху амаль аглушае, мэтал трэцца аб мэтал, стальныя пілы ўгрызаюцца у жалезныя балванкі з хуткасьцю два сантымэтры за хвіліну, падлога пакрытая алеем для ахалоджваньня мэталу, і трэба глядзець пад ногі; рукі рабочых чорныя, як падлога, і, здаецца, былі такімі заўсёды...

Наступны цэх плястмасаў. Тут 47 жанчын і трое інвалідаў заліваюць чырвоны расплаўлены плястык у рознай формы прэсы, вырабляюць ручкі, кнопкі, трубкі і да т.п. У гэтых рабочых найгоршыя ўмовы на заводзе з-за гарачыні матэрыялаў і шкоднага полымя. Ім даюць 30 дзён адпачынку, максымум для рабочых.

За што пакараныя гэтыя грэшнікі, Освальд не паведамляе – але тэмпэратурныя ўмовы больш-менш адпавядаюць пакутам, зарэзэрваваным Дантэ для ерэтыкоў і блюзьнераў. Трэба прызнаць, што наступны від пакутаў, падрабязна апісаны Освальдам, ня мае аналягаў у Дантэ – гэта пакараньне сходамі.

Калектыўныя сходы на заводзе настолькі шматлікія, што галава круціцца.

Напрыклад, цягам аднаго месяца ў пляне наступныя сходы і лекцыі: адзін прафсаюзны сход, на якім абмяркоўваецца праца прафсаюзу па збору ўнёскаў, аплаце пуцёвак і г.д.; чатыры палітінфармацыі, кожны аўторак падчас абеду; два камсамольскія сходы, 6 і 21 кожнага месяца, адна вытворчая нарада, на якой рабочыя абмяркоўваюць, як палепшыць працу; два партыйныя сходы, якія склікае сакратар цэхавай партарганізацыі; чатыры пасяджэньні школы камуністычнай працы, абавязковыя, кожную сераду, адзін спартовы сход, неабавязковы – разам 15 сходаў штомесяц, 14 зь якіх абавязковыя для членаў кампартыі і 12 абавязковыя для ўсіх. Гэтыя сходы адбываюцца пасьля працы альбо ў абед, ніколі не ў працоўны час. Адсутнічаць ніяк не дазваляецца.


У сярэднім кальцы сёмага кола дантаўскага пекла расьце калючае сучкаватае кустоўе – гэта самагубцы, людзі, якія гвалтам пазбавілі сябе жыцьця, ім ужо ня дадзена будзе ўваскрэснуць. На заводзкіх сходах, паводле Освальда, пайшлі на крок далей за Дантэ – людзей ператваралі ў камяні.

Пасьля многіх гадоў жорсткай дысцыпліны, асабліва за сталінскім рэжымам, ніводзін рабочы ня будзе наклікаць на сваю галаву абавязковыя дысцыплінарныя захады з боку членаў партыі і парткаму з-за таго, што паспрабуе вышмыгнуць ці не зьвяртаць увагі на тое, што гаворыцца. Сапраўды, дзіўнае відовішча – сцэна, як мясцовыя члены партыі зьвяртаюцца з палітычным казаньнем да групы звычайна жывых, простых рабочых, якія нейкім дзіўным чынам ператварыліся ў камень. Ператварыліся ў камень – усе, за выключэньнем цьвёрдых камуністаў з вачыма, якія так і шныраць у пошуках няўвагі з боку любога рабочага, каб злавіць і атрымаць за гэта пахвалу.

А вось пра гэта ў Дантэ ёсьць: у тым самым сёмым коле, якраз на калючым кустоўі зьвілі гнёзды гарпіі – надта брыдкія істоты з чалавечым тварам, шырокімі крыламі і ўчэпістымі кіпцюрамі.

Дзіўная рэч пры назіраньні за палітычнымі лекцыямі – гэта тое, як слухачы ўпадаюць у надзвычай фэнамэнальны стан, яны адключаюцца ад зьнешняга ўмяшаньня ці гукаў. У гэтыя часы найлепш забыцца на свой звычайны шумлівы і жывы характар. Пад партрэтам Леніна два на два мэтры стаіць сакратар партыйнай пярвічнай арганізацыі, у нашым аддзеле – рабаваты мужчына сярэдняга ўзросту з прозьвішчам Сабакін, звычайнага выгляду ў акулярах. Яго твар у зморшчынах і іскаркі ў вачох ствараюць уражаньне, што зараз ён раскажа салёную гісторыю ці сьмешны жарт, але не. За ім 25 гадоў стажу ў партыі. Яго адносна высокая пасада сьведчыць пра яго эфэктыўнасьць. Ён стаіць і выкладае з нататак тыднёвую палітінфармацыю з поўнай адсутнасьцю энтузіязму і інтарэсу, як чалавек, якому ня трэба хвалявацца за сваю аўдыторыю ці пра тое, што нехта падымецца і пойдзе прэч.

Освальд мог вывучаць Дантэ ў школе (ён быў уключаны ў праграму), а вось пра Орвэла вядома дакладна – ён чытаў “1984”, і гэта можна адчуць у яго карцінках заводзкага жыцьця. Падрабязна апісаўшы, як заганяюць рабочых на дэманстрацыі двойчы на год, Освальд піша пра тых, хто любіць паспаць і потым выйсьці на вуліцу прагуляцца:

Іх могуць заштурхнуць у калёну міліцыя ці добраахвотныя “народныя дружыньнікі” ў чырвоных павязках. Любы, хто будзе спрачацца, можа стаць аб’ектам шчыльнага расьсьледаваньня пазьней – а гэтага трэба пазьбягаць у любой паліцэйскай дзяржаве...

Дантэ назваў сваё падарожжа ў пекла камэдыяй, бо пачыналася яно жахліва, а скончылася шчасьліва.

Тое, што пачынаецца добра і сканчаецца так, як у Освальда, называецца іначай. Антыўтопіі ня маюць шчасьлівых канцоў, асабліва ў жыцьці.

Лёс рукапісу аказаўся больш шчасьлівы – ён выпырхнуў праз жалезную заслону, на караблі пераплыў Атлянтыку, не згубіўся пры пераездах, быў знойдзены паліцыяй пры ператрусе кватэры Освальда і далучаны да матэрыялаў камісіі Ўорэна. Да яго бесьперашкодна зьвяртаюцца дасьледнікі, а Мэйлер апублікаваў большую частку ў сваёй кнізе.

Заслона, як гэта звычайна бывае пры сутыкненьні мэтафары з рэальнасьцю, аказалася не жалезная.

------------------------------------------------
*Галавачоў хоць быў і маладым хлопцам і сынам генэрала, але савецкую ўладу не любіў даўно: падлеткам яго моцна ўразіў аповед бацькавага знаёмага пра крывавае здушэньне паўстаньня ў Вугоршчыне, у кватэры ў Освальда ён казаў усё, што думае пра савецкую сыстэму, палохаючы асьцярожных гасьцей кшталту Цітаўца, які потым прызнаецца, што “віншаваў сам сябе з тым, што не рэагаваў на разглагольстваваньні Паўла Галавачова пра хібы сыстэмы”.




Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы