Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.
Канваір спыніўся каля кратаў, якія аддзялялі купэ сталыпінскага вагона з шасьцю арыштантамі ад праходу і сказаў: Кенэдзі забілі.
Цягнік ішоў наперад, стукалі колы, ужо месяц палітычнага дывэрсанта Сяргея Ханжанкова (артыкулы 65, 67, 69 КК БССР) везьлі ў месца адбываньня пакараньня – Мардовія, Дубраўлаг. Маршрут пачаўся ў Менску і праходзіў празь перасыльныя турмы Смаленск-Вязьма-Ражск-Пенза-Рузаўка-Поцьма, звычайнаму цягніку на такі маршрут хапіла б двух дзён, але ў турэмнай сыстэмы свае хуткасьці.
Навінаў з волі пасьля месяцаў у турме і на перасылках страшэнна бракавала – і ў лягеры новы зэк адразу накіраваўся ў бібліятэку. Газэты друкавалі спачуваньне ад савецкага ўраду, асаблівых дэталяў не было, чуткі вэрсіі ўспыхвалі як салома на ветры – хто забіў, што будзе, як гэта адаб’ецца на лягерным рэжыме? Неўзабаве ў лягеры стала вядомае імя забойцы – Лі Гарві Освальд.
– А ведаеце, як яго звалі ў Менску? “Лихаря”!
Ханжанкоў гаворыць дакладна, па дзелу, выразна памятае ўсе дэталі падзеяў, якія адбываліся паўстагодзьдзя таму. Мы сядзім у яго пакоі ў тым самым доме, дзе ён тады, да арышту, жыў з бацькамі. Калі правесьці простую лінію ад дому Освальда праз цэнтар парку Горкага, яна выведзе якраз да Ханжанкова, на рог вуліц Першамайскай і Пуліхава. Штодня пешкі ён выпраўляўся ў політэхнічны інстытут, ішоў часам праз парк, мінаў плянэтарый або праходзіў каля кінатэатру “Летні”, выходзіў на плошчу Перамогі і шпацыраваў далей.
– З Освальдам не сустракаўся, але, канечне, ведаў пра дзікі выпадак, што нейкі амэрыканец прыехаў жыць у Менск, ходзіць на танцы ў Дом афіцэраў, клюб Дзяржынскага. Гэта было незвычайна, пра гэта гаварылі, і была такая агульная думка, што амэрыканец, як бы гэта сказаць, ну, дзівак.
Ён хадзіў тымі самымі вуліцамі і бачыў тое самае, што й Освальд, толькі ня так, як амэрыканец.
Ханжанкоў нарадзіўся на Калыме ў 1942-м, дзе пасьля адбыцьця пяцігадовага тэрміну працаваў бацька; яго дзед, матчын бацька, быў сасланы на Салаўкі, потым расстраляны – і ў 1955-м, калі сям’я пераехала ў Менск, пра савецкую ўладу ён разумеў ужо нашмат болей за Освальда.
Досьвед савецкага жыцьця хутка адукаваў амэрыканца і амаль выраўняў сьветапоглядную розьніцу, прынамсі, у дачыненьні да дзьвюх вежаў станцыі глушэньня погляды двух маладых людзей супалі дакладна. Толькі Освальд абмежаваўся запісамі, а Ханжанкоў вырашыў іх узарваць.
Калі бацькі Ханжанкова пераехалі ў Менск, яны зьнялі пакой у доме на рагу праспэкту і вуліцы Казлова. Акно выходзіла ў двор.
– А гэта глушылкі, – адразу патлумачыла гаспадыня заваконны пэйзаж.
Ханжанковы купілі лямпавы прымач “Менск-55”, які выраблялі на мясцовым радыёзаводзе – і Сяргей уключыў кароткія хвалі.
– Усё было цікава. Асабліва “Радыё Свабода”, якое тады называлася “Вызваленьне”. Самыя цікавыя перадачы былі, канечне, па “Свабодзе”. “Голас Амэрыкі” – больш амэрыканскія справы, Бі-Бі-Сі, “Нямецкая хваля” таксама... А “Свабода” была самая актуальная. Кожныя паўгадзіны – навіны, а потым культура, белыя плямы гісторыі, цікава было ўсё.
Такім чынам Ханжанкоў пазнаёміўся з глушылкамі другі раз – “Свабоду” глушылі мацней за ўсіх. І студэнт аўтадарожнага факультэту, вайсковая спэцыяльнасьць – сапёр, вырашыў глушылкі ўзарваць. Разам з двума сябрамі (адзін – студэнт, другі – былы зэк) пачаў рыхтавацца – здабываць тол, шукаць дэтанатар, вывучыў мясцовасьць, вызначыў месца закладкі зараду, як вучылі на вайсковай катэдры, каб сталёвая канструкцыя павалілася і нічога не разбурыла. Час павінен быў быць позьні, надвор’е пажадана дрэннае, каб не было мінакоў. Пасьля – уцёкі за мяжу.
Яго арыштавалі ў аўтобусе, у руках была валізка з толам – бо быў яшчэ адзін сябар, школьны, які хутка данёс у КДБ. Там адразу пабачылі пэрспэктыву для ордэнаў і мэдалёў – і замест прафіляктычнай гутаркі празь сябра пачалі распрацоўку. Прапаноўвалі здабыць зброю, зьмяніць аб’ект – узарваць які-небудзь завод, зьвязацца з замежнікамі. Ханжанкова, аднак, цікавіла толькі “Радыёстанцыя № 3”, як афіцыйна называлася глушылка – ён хацеў узарваць менавіта сымбаль савецкай улады і яшчэ раскідаць улёткі.
Суд вызначыў максымальны тэрмін – 10 гадоў зьняволеньня, які ён адседзіць ад званка да званка. (Два сябры напішуць просьбы аб памілаваньні і выйдуць на волю празь пяць гадоў, даносчык на судзе праходзіў сьведкам.) На ўсе звароты бацькоў у судовыя інстанцыі, пракуратуры, прэзыдыюмы вярхоўных саветаў, зьездаў і сходаў прыходзіў адказ – злачынства цяжкае, віна даказаная, падставаў для перагляду няма, для амністыі таксама.*
Ханжанкоў сеў раней за герояў забароненага эфіру – Сіняўскі, Даніэль, Галанскоў, Кузьняцоў, Гінзбург...
Ролю Освальда, дакладней, ролю КДБ у забойстве Кенэдзі ў лягеры абмяркоўвалі. Пераважала думка, што наўрад ці забойства арганізаванае савецкім бокам. Хрушчоў быў ня Сталін, мог дамаўляцца з Кенэдзі, навошта было прыбіраць знаёмага лібэральнага партнэра, якога мог зьмяніць куды больш жорсткі лідэр – такі быў палітычны аналіз за калючым дротам, трэба прызнаць, значна больш слушны, чым многія тэорыі, зьлепленыя на свабодзе.
У мардоўскіх лягерах увогуле сядзелі разумныя людзі – і працягвалі там адукацыю. Выпісвалі газэты, часопісы, спэцыялізаваліся на нейкай тэме і потым чыталі лекцыі. Ханжанкоў атрымліваў “Известия”, “Новый мир”, дзе ўпершыню прачытаў аповесьці Быкава, і часопіс “Авиация и космонавтика“.
Ён стаў аўтарытэтам у касьмічных справах і даволі хутка прыйшоў да высновы, што гонку ў космасе Савецкі Саюз прайграе – часопіс быў рэфэратыўны, і можна было зразумець, што і чаму робяць амэрыканцы.
Калі мара і задача, якую паставіў Кенэдзі – палёт на Месяц – стала рэальнасьцю, Ханжанкоў зрабіў і павесіў на сьценку бараку схему палёту і тлумачыў іншым, што і як адбываецца, перасоўваючы значку ракеты па траекторыі палёту.
Цемнаваты пакой на нізкім першым паверсе, у якім жыве Ханжанкоў, прыкладна такіх самых памераў, як быў у Освальда. Пэйзаж за вакном толькі іншы – менскі двор, забудаваны рознымі будкамі, перагароджаны, застаўлены аўто. Пад стольлю на шафе стаіць карычневая скрыня лямпавага прымача “Менск-55” з аблупленым лякам, замест верхняга сьвятла гаспадар уключае жалезную лямпу на шнуры, на кніжнай паліцы некалькі дзясяткаў кніг.
У плястыкавых пакетах захоўваюцца складзеныя ў акуратныя стосы некалькі тысячаў паштовак і лістоў – лягерная перапіска. Яе памер у разы пераўзыходзіць перапіску Освальда, далучаную да матэрыялаў Камісіі Ўорэна. Зэк Ханжанкоў сам меў права на адзін ліст у месяц, але атрымліваць пошту дазвалялі. Увесь лягерны тэрмін ён захоўваў лісты ад маці, ад малодшага брата, паштоўкі ад сваякоў, а дома захоўвалі яго допісы. Цэнзура не дазваляла пісаць пра лягер, палітыку, іншых зэкаў – але кожны радок сьведчыць пра насычанае інтэлектуальнае жыцьцё аўтара: ён абмяркоўвае дасягненьні навукі, прачытаныя творы навамірскіх аўтараў, дае парады.
Пасьля распаду СССР пра яго пісалі газэты, бралі інтэрвію, ён езьдзіў на зьезды палітзэкаў. Але хваля цікавасьці хутка спала, у Менску дэмакратычная апазыцыя ім не зацікавілася, зь беларускімі вязьнямі сталінскага ГУЛАГу ў яго было няшмат агульнага, у лягеры было некалькі зэкаў зь Беларусі, але з крымінальным ухілам, і Ханжанкоў застаўся сам.
Падчас гутаркі я думаў – вось бы Мэйлеру ў Менску не гістарычнай лепідаптэралёгіяй ЗША займацца, а напісаць пра раўналетка Освальда – слухача амэрыканскіх радыёстанцыяў, які дагэтуль ні аб чым не шкадуе і ўпэўнены ў сваім выбары.
Але Бог з Мэйлерам, яму якая была б прычына пісаць кнігу пра Ханжанкова – герой не яго радзімы.
Хаця...
На зоне была кравецкая майстэрня, і зэкі пад кіраўніцтвам Ханжанкова пашылі мадэль карабля, у якім амэрыканцы садзіліся на Месяц – у натуральную велічыню. Мадэль расклалі перад баракам, сабраліся зэкі, і Ханжанкоў з вышыні другога паверху чытаў лекцыю.
Прыбегла ахова – і таксама засталася слухаць.
– Нашы – на Месяцы! – так ён скончыў.
І, пабачыўшы мой запытальны погляд, патлумачыў:
– Нашымі ў лягеры мы называлі амэрыканцаў.
------------------------------------------
*Аляксандар Салжаніцын так ахарактарызуе яго: "Узгадваецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў за спробу – ці нават намер – узарваць глушыцель у Менску... Хоць, зыходзячы з агульначалавечых каштоўнасьцяў, нельга зразумець гэтага злачынцу іначай як барацьбіта за ўсеагульны мір”.
Працяг заўтра.
ПапярэдніЯ разьдзелЫ:
Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг