Самы загадкавы тып дачыненьняў – сяброўства.
Яно, як і любоў, узьнікае не на зямлі, але, у адрозьненьне ад любові, якая прагне растварэньня адно ў адным, сяброўства патрабуе дыстанцыі.
Нібыта, не сваякі, не калегі й не таварышы. Сябры. Мы часта спрашчаем гэты панятак, спрабуючы растлумачыць яго іншымі, якія намацваюцца проста й ясна. Вось і Іван Насовіч апісвае сябра словамі сваяк, брат, таварыш. Але ад гэтага нічога не прасьвятляецца.
Сябра – не таварыш
Мой колішні выкладчык Пятро Садоўскі нават выкарыстоўвае панятак сяброўства (як нейкую ідэальную меру дачыненьняў), каб выкрыць фальшывасьць таварышаваньня. У ягоным артыкуле на сайце Радыё Свабода шмат прыкладаў на гэтую тэму, пачынаючы ад “нізкай” этымалёгіі слова “таварыш” і сканчаючы нізкім маральным кшталтам таварышаваньня -- Беларусі з Вэнэсуэлай або Нямеччыны з Расеяй. Якуб Лапатка ў камэнтарах да гэтага тэксту спадара Садоўскага заўважае: “Сябраваць дзяржавамі і народамі немагчыма”.
Дзяржавамі немагчыма – згодны, а народамі... Тут ёсьць нюансы.
Да прыкладу, Павал Севярынец у сваёй кнізе “Люблю Беларусь” чарговы раз акцэнтуе ўвагу на здольнасьці беларусаў ахвяравацца і, як вынік, на любові да беларусаў з боку ўсіх іхных суседзяў.
Праўда, можна на ўсё гэта паглядзець і інакш. Беларусаў любяць усе, бо беларусы, у адрозьненьне ад усіх астатніх, ніколі ні на што не прэтэндуюць, у тым ліку, на сябе й сваю краіну. Прынамсі, да апошняга часу было так. І калі за саветамі ў прыймовым пакоі крамлёўскага чыноўніка армянін сядзеў са скрыняй каньяку, а літовец з чамаданам каўбасаў, і зьяжджалі яны, адпаведна, са скрыняй і чамаданам фондаў, дык бескарысьлівы беларус прыходзіў ні з чым, і сыходзіў, бяссрэбранік, ні з чым. Нават саромеўся думаць пра тое, каб нечым недзе падмазаць.
Гэткая сьвятасьць, між іншым, часьцяком межавала з дурасьцю. І калі літовец за саюзныя грошы на манумэнтальную прапаганду аднавіў з руінаў Троцкі замак, беларус за тыя ж грошы мэтадычна качаў бэтон у прыдарожныя канструкцыі “Наша цэль камунізм”.
Слова на мяжы
Сяброўства і гучыць на кожнай мове па-сакральнаму, не чапляецца за глебу паходжаньня і параўнаньня. Быццам вісіць у паветры. Таму расейскі “друг” у беларускім кантэксьце выглядае грубавата і па-прасьцецку. Ну, быццам друг – гэта той, каго можна без рэвэрансаў пабразгаць па плячы й заклікаць на піва. Польскі прыяцель – таксама ня сябра, а нехта, дачыненьні з кім маюць легкаважны ці хуткацечны характар. І наш “сябра” ў вуснах расейца ці паляка гучыць паблажліва й фамільярна.
Іншымі словамі, калі карыстацца апазыцыяй Пятра Садоўскага, таварыш – гэта зямная прафанацыя ідэальнага – сябра, які ў кожнай мове мае сваё, прывязанае да гэтай тэрыторыі і гэтай нацыі слова-азначэньне, якое, пераходзячы мяжу, “зазямляецца”, набываючы сэнс таварышаваньня.
Нешта падобнае, дарэчы, адбываецца і зь любоўю, якая ў нас значыць нешта сакральнае, у расейцаў дапаўняецца сэнсам нашага “зямнога” каханьня, у палякаў набліжаецца да простага ўпадабаньня чагосьці, тады як польская сакральная міласьць у нас – гэта проста нешта мілае, а ў расейцаў і ўвогуле амаль што міласьціна.
Зьнікае, нібы аблачынка
У нашым сёньняшнім разуменьні сяброўства высьпелілася з кніг Дзюма й Рэмарка, з асяродкаў шасьцідзясятнікаў, што чыталі папу Хэма, слухалі Высоцкага й глядзелі кіно пра вайну. Нашы ўласныя сябры прыходзілі са школы, з войска, са студэнцкіх аўдыторыяў, зь першае працы на заводзе.
Жыцьцёвы досьвед навучыў нас, што сябры найлягчэй набываюцца ў маладым веку, а страчваюцца праз усё жыцьцё.
У адрозьненьне ад іншых тыпаў дачыненьняў, у тым ліку й ад любові, сяброўства страчваецца зусім лёгка, яно быццам увесь час чакае нейкай дробнай нагоды, каб выпарыцца й зьнікнуць, нібы аблачынка. А нават і без нагоды. Сяброўству вельмі хутка надакучвае яно само. Таму выпрабоўваць ягонае цярпеньне доўгімі й блізкімі кантактамі ня варта.
Адкуль бяруцца сябры?
Паколькі сяброўства -- зьява не зусім зямная, мы ня можам самі сваёй воляй ствараць сабе сяброў, але можам быць гатовымі да іх зьяўленьня. Гэта значыць, паводзіць сябе адпаведным чынам.
Зразумела, трэба праяўляць узаемавыручку, здольнасьць ахвяраваць сабою дзеля сябра, поўнае паразуменьне... Аднак, усе гэтыя праявы ўласьцівыя і для іншых тыпаў дачыненьняў – любові, братэрства, таварышаваньня... Шукаючы нейкую толькі сяброўству ўласьцівую рысу, я сфармуляваў яе для сябе так: сябра – той, хто ніколі не адкажа табе адмовай.
Гэта, вядома, ідэал. Але ўявіце, што ў вас ёсьць такі чалавек, і жыцьцё ніколі не падасца вас бессэнсоўным.
Сяброўства ўвесь час зьнікае, сыходзіць, прападае, нібы ведае, што зьдзейсьнены ідэал перастае быць ідэалам. Зь іншага боку, гэта той цуд, які можа паўтарацца. Але паўтор сяброўства паміж табой і тым, хто перастаў быць табе сябрам, -- гэта ўжо справа рукатворная і залежыць не ад зорак, а ад цябе. Толькі памятай, што сяброўства не кіруецца зямнымі правіламі.
Сэрбскі пісьменьнік Ёвіца Ачын выснаваў некалі, што ў сяброўства ў прынцыпе віртуальная прырода, бо ідэальнае, на ягоную думку, сяброўства – па перапісцы: “Сяброўская перапiска захоўвае перапiску зь сяброўствам, нават калi сяброў няма”.
А ці ёсьць у вас нехта, каго б вы без нацяжак маглі назваць сваім сябрам? Падказка: калі ёсьць, вы мусіце пачувацца шчасьлівым чалавекам. Толькі, крый божа, не называйце. Каб не спалохаць сяброўства.