Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенка спрабуе даказаць, што ня крала тэлефон: «Я прадставіла суду пахвілінную шкалу майго знаходжаньня ў басэйне»


Ірына Верамеенка
Ірына Верамеенка

Гарадзенка Іна Верамеенка, якую зьвінавацілі ў крадзяжы тэлефона ў басэйне, кажа, што прызнальнае паказаньне яна напісала пад псыхалягічным ціскам сьледчага. Яна абскардзіць рашэньне суду.

Гарадзенку Іну Верамеенку суд аштрафаваў на 12 мільёнаў 600 тысяч рублёў нібыта за крадзеж тэлефона ў басэйне.

Жанчына знайшла тэлефон у шафцы для пераапрананьня. Але паколькі ішла плаваць, то патэлефанавала на адзін з нумароў, які быў у тэлефоне, пасьля таго як выйшла з басэйну. Выявілася, што трапіла на ўласьніцу тэлефона. Аддала яго гаспадыні, але тая ўжо выклікала міліцыю, і Верамеенку забралі ў пастарунак.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Верамеенка падзялілася ўражаньнямі ад перажытага:

— На мяне склалі пратакол і зьмясьцілі мяне ў ізалятар часовага ўтрыманьня, хоць я прасіла сьледчага гэтага не рабіць, паколькі маю хранічныя захворваньні. Правялі ў тры гадзіны ночы ў кватэры ператрус — дзеля чаго? Сьледчы мяне слухаць не захацеў. Я адседзела трое сутак у такіх жудасных, нялюдзкіх умовах, у брудзе і смуродзе. У мяне балела галава, я пісала заявы, каб мяне выпускалі на вуліцу, але на гэта ніхто не рэагаваў. І калі вярталася дамоў, то ўжо куртку зьняла зь сябе, бо яна так прапахла гідкім пахам, што брыдка было ісьці побач зь людзьмі. Потым яшчэ некалькі дзён праходзіла псыхалягічную рэабілітацыю, паколькі ўжо ня ведала, на якім сьвеце жыву.

Спадарыня Іна кажа, што ўпершыню сутыкнулася з падобнай сытуацыяй і перад судом пайшла да пракурора Горадні.

— Я сутыкнулася з такім абыходжаньнем пракурора Клішына, што ледзь выйшла адтуль. Ён быў вельмі агрэсіўны да мяне, заявіў, што чытаў справу і перакананы, што я скрала тэлефон, ніякіх довадаў не выслухоўваў. Потым выскачыў на калідор і крычаў на мяне... Я нічога не змагла яму распавесьці, бо чула толькі адно: раз ты ўзяла чужы тэлефон, то, значыцца, скрала яго...

Спадарыня Іна кажа, што ў ізалятары сьледчы прапанаваў ёй падпісаць прызнаньне ў крадзяжы, пасьля чаго яе выпусьцяць. Маўляў, яна заплаціць штраф, і на гэтым усё скончыцца. Інакш яе перавядуць у турму на два месяцы, а пасьля суду будзе значна большы штраф.

— Ён мяне вельмі напалохаў турмой, націснуў на мяне, недасьведчаную ў гэтых справах, псыхалягічна. А мой адвакат мне нічога не падказаў у той момант. І я, баючыся турмы, падпісала гэтыя прызнальныя паказаньні.

У судзе гэтыя прызнальныя паказаньні і леглі ў аснову абвінавачаньня. Паводле Верамеенкі, уласьніца тэлефона і дзьве яе сяброўкі сьведчылі, што яна залезла да іх у шафку і скрала тэлефон. Але Верамеенка прадставіла суду паказаньні чыпа, які выдаюць, калі заходзіш у басэйн, а таксама раздрукоўкі відэакамэр. Паводле іх можна было прасачыць за яе перамяшчэньнямі ў басэйне з дакладнасьцю да хвіліны.

— Я цалкам прадставіла суду пахвілінную шкалу майго знаходжаньня ў басэйне. Там дакладна было відаць, што я прыйшла да шафкі, калі гэтыя дзяўчаты ўжо выйшлі з пакоя для пераапрананьня. Але маіх паказаньняў ніхто ня слухаў. Судзьдзя паўтараў на мае доказы: памылка, апіска, хадайніцтва адхіліць. А дзяўчаты, якія сьведчылі супраць мяне, казалі словамі нібы з-пад капіркі. Мне было вельмі крыўдна гэта слухаць. Я спрабавала ўдакладняць, дзе яны былі ў той ці іншы момант, бо яны таксама мелі ў басэйне чыпы. Але мне нават не адказвалі на пытаньні.

Спадарыня Іна кажа, што на той момант нават ня ведала, што сьледчы ня можа сам прымаць рашэньне аб тым, каб перавесьці яе ў турму. Пазьней, пачынаючы адстойваць свой гонар і годнасьць, яна даведалася ад юрыстаў, што такія рашэньні прымае пракурор. А сьледчы, кажа Іна Верамеенка, абышоўся зь ёй папросту несумленна.

Цяпер Верамеенка з дапамогай праваабаронцаў БХК склала скаргу ў абласны суд. Яе разгледзяць 11 жніўня. Іна Верамеенка кажа, што хоча дамагчыся справядлівасьці, хоць і ня мае вялікіх спадзеваў на гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG