Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста-фрылансэра абвінавацілі ў абразе чыноўнікаў


Аляксей Атрошчанка
Аляксей Атрошчанка

Гомельскі журналіст-фрылансэр Аляксей Атрошчанка, якога ў чэрвені міліцыя затрымлівала ў Лоеве разам з Кастусём Жукоўскім, атрымаў 1 ліпеня праз пошту два адміністрацыйныя пратаколы.

«Склаў гэтыя пратаколы ўчастковы інспэктар Лоеўскага РАУС Андрэй Хічоў. Наколькі можна было разабрацца ў мудрагелістым почырку ўчастковага, вінаваціць ён мяне ў абразе „службовых асоб дзяржаўнага органу пры выкананьні імі службовых абавязкаў, паўнамоцтваў..., здымаючы ўсё на відэаздымкі“. Даслоўна так. Выглядае, падчас відэаздымкі каля камбінату будматэрыялаў я яшчэ й нядобра выказваўся на адрас кіраўніцы спраў Лоеўскага райвыканкаму Ірыны Пастуховай і намесьніцы старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Натальлі Кавуравай», — паведаміў Службе маніторынгу ГА «БАЖ» Аляксей Атрошчанка.

Ён дадаў, што другі пратакол, складзены ўчастковым інспэктарам Хічовым, датычны ўжо «непадпарадкаваньня законным патрабаваньням начальніка міліцыі Ўладзімера Бухаўцова».

«Нібыта я адмаўляўся садзіцца ў службовы аўтамабіль, каб мяне везьлі ў РАУС дзеля складаньня пратаколу за абразу вышэйпамянёных чыноўніц. Відаць, чыноўніцы й выклікалі міліцыянтаў, бо затрымліваць нас з відэакамэрай прымчалі спачатку двое супрацоўнікаў ДАІ, а пасьля і сам начальнік міліцыі з двума памагатымі. Мне было заяўлена: „Вы парушаеце відэаздымку. Паехалі!“ Ну, і павялі».

Ехаць у райаддзел міліцыі супрацоўнікі ДАІ загадалі і Жукоўскаму — ён быў за рулём уласнай машыны. З Жукоўскім гутарыў намесьнік начальніка міліцыі Генадзь Маджара — справа дайшла да ўжываньня сілы і рукапрыкладзтва. На гэта Жукоўскі падаў заяву ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, а таксама напісаў скаргу начальніку абласной міліцыі.

«Нас трымалі ў міліцыі амаль шэсьць гадзінаў, але пратаколаў не складалі. Цяпер іх дасылаюць пачкамі — пераводзяць стрэлкі на нас», — лічыць спадар Атрошчанка.

21 чэрвеня Кастусь Жукоўскі з Аляксеем Атрошчанкам здымалі ў Лоеве мясцовы камбінат будматэрыялаў, які знаходзіцца ў гаротным стане. Першымі да іх падʼехалі чыноўніцы з райвыканкаму, запатрабавалі дакумэнты.

«Жукоўскі паказаў ім пасьведчаньне рыбака-аматара. Чыноўніцы, відаць, пакрыўдзіліся і выклікалі міліцыю», — лічыць Аляксей Атрошчанка.

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч публічна абяцаў «не пакінуць без увагі» інцыдэнт у Лоеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG