26 студзеня 2025 году адбудуцца сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. У іх зноў будзе ўдзельнічаць Аляксандар Лукашэнка. З 2001 году вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі. У 2020-м кампанія скончылася масавымі затрыманьнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаныя былі эміграваць.
Перад кожнымі выбарамі, як таго патрабуе працэдура, Аляксандар Лукашэнка публікаваў сваю перадвыбарчую праграму. Пакуль іх шэсьць, і шмат у чым яны падобныя. Свабода пагартала гэтыя абяцаньні і паглядзела, што зь іх было выканана. Апошнюю ягоную перадвыбарчую праграму 2020 году, якая друкавалася ў газэце «Звязда», выдалілі з сайту, але яна дасяжная ў вэб-архіве.
«Барацьба з карупцыяй»
Амаль у кожнай сваёй праграме Лукашэнка згадваў барацьбу з карупцыяй, а ў 1994 годзе гэта быў адзін з асноўных ягоных лёзунгаў.
1994 год: «Барацьба з карупцыяй, разгром мафіёзных структур, якія кіруюць у дзяржаве»
2001 год: «Бязьлітасная барацьба з карупцыяй, фанабэрыяй, хамствам, кумаўством і „сямейнымі“ кланамі будзе ўзмоцненая»
2006 год: «Мы не адступаем ад палітыкі рашучай барацьбы з карупцыяй — гэтай іржой, здольнай разьесьці любую дзяржаву»
2010 год: «Мы працягнем бязьлітасную барацьбу з карупцыяй і прычынамі, якія яе спараджаюць»
2015 год: «Непрымірымая барацьба з карупцыяй»
У 1994 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 553 злачынствы, зьвязаныя з хабарам. Праз два гады знаходжаньня ва ўладзе Лукашэнкі — 690. У 2001-м, калі Лукашэнка другі раз пераабіраўся на пасаду, — ужо 971 крымінальная справа за хабар. У 2006-м, падчас трэціх выбараў, — 1045, а ў 2010-м — 1323 такія злачынствы.
Апошняя дасяжная статыстыка (мінулы год) — 676 справаў за хабар. Больш, чым у 1994 годзе. Пры гэтым жыхароў у Беларусі стала менш на 10,6%.
Штогод міжнародная арганізацыя Transparency International складае рэйтынг успрыняцьця карупцыі, апошнія гады Беларусь там губляе пазыцыі. Летась краіна апусьцілася ў рэйтынгу на 98 месца са 180 магчымых і набрала 37 балаў са 100. У гэтым рэйтынгу лепш за Беларусь справы з карупцыяй стаяць у Аргентыне, а горш — у Этыёпіі. Напрыклад, у дакрызісным 2019 годзе Беларусь была на 66 месцы са 180 магчымых і мела 45 балаў.
«Годны заробак»
У перадвыбарчы час Лукашэнка амаль кожны раз абяцаў рост заробкаў у наступнай пяцігодцы, калі за яго прагаласуюць. Аднак не заўжды называў канкрэтныя лічбы.
2001 год: «Годны заробак. Рашэньнем другога Ўсебеларускага народнага сходу ў будучай пяцігодцы ён дасягне 250 даляраў за месяц у сярэднім па краіне. Настаўнік, лекар, навуковец будуць атрымліваць заробак у 1,2–1,5 раза вышэйшы за сярэдні».
2010 год: «За кошт росту эканомікі будуць забясьпечаны пастаянны рост заработнай платы, пэнсій, стыпэндый, іх поўная і своечасовая выплата».
Таксама ў 2010 годзе прагучала абяцаньне давесьці заробак да 500 даляраў, але ня ў межах выбарчай праграмы. А ўпершыню пра такі заробак Лукашэнка загаварыў у 2004 годзе.
2015 год: «Даць кожнаму чалавеку магчымасьць зарабляць на годнае жыцьцё сваёй працай — гэты прынцып першапачаткова быў пакладзены ў падмурак беларускай эканамічнай мадэлі».
2020 год: «На працягу пяцігодкі сярэдняя заработная плата ў Беларусі вырасьце ў 2 разы».
Сярэдні заробак за студзень 2006 году склаў 518 979 недэнамінаваных рублёў, або 244 даляры. У сакавіку, да выбараў, ён быў ужо большы за 250 даляраў, то бок гэтае абяцаньне, дадзенае ў 2001 годзе, было выкананае. Але часткова. Заробкі лекараў і настаўнікаў так і ня сталі вышэйшымі за сярэдні, ні тады, ні цяпер.
У ахове здароўя ў сярэднім за 2006 год зараблялі 244 даляры на месяц, у адукацыі — 229 даляраў. Сярэдні заробак па 500 даляраў Лукашэнка абяцаў таксама ў 2012-м, 2014-м, 2016-м, 2017-м. Упершыню запаветныя «па 500» атрымаліся толькі ў красавіку 2019 году.
Апошняе абяцаньне павысіць заробак удвая таксаманя спраўдзілася. У жніўні 2020-га сярэдні заробак складаў 1276,4 рубля. У жніўні 2024 — 2341,2 рубля. У далярах сярэдні заробак вырас з 512 да 743 даляраў, то бок толькі на траціну.
У размове са Свабодай палітычны аналітык агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі зважае, што напачатку Лукашэнка імкнуўся абяцаць канкрэтныя лічбы, каб такім чынам мець з грамадзтвам сацыяльны кантракт.
«І многія людзі пагаджаліся ня лезьці ў палітыку, бо ёсьць „чарка, скварка, а пасьля і патрыманая іншамарка“. Зь цягам часу грамадзтва расло, разьвівалася, стала больш складаным. І ў сфэры сапраўднага разьвіцьця грамадзтва ён нічога ня мог даць, баяўся рабіць сапраўдныя рэформы ў эканоміцы, бо бачыў у гэтым пагрозу для сыстэмы», — мяркуе суразмоўца.
«Дзяцей павінна быць больш»
Умовы для таго, каб людзі заводзілі дзяцей, — яшчэ адна пастаянная тэма ў перадвыбарчых праграмах Лукашэнкі.
1994: «Рэалізацыя дзяржаўных праграм падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства»
2001: «У дзяржавы няма больш важнага клопату, чым клопат пра сям’ю, дзяцей. Іх сацыяльная абарона — ключавая задача дзяржавы»
2006: «Трэба стварыць такія сацыяльна-эканамічныя ўмовы, каб у кожнай сям’і было ня менш за двое-трое дзяцей».
2010: «Дзяцей павінна быць болей».
2015: «Абарона дзяцей і клопат аб пажылых спрадвеку лічыліся ў нас сьвятой, богаўгоднай справай».
У 1994 годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у Беларусі нарадзілася 110 599 дзяцей, у 2019 годзе (а гэта апошняя афіцыйна дасяжная статыстыка) — 87 602. Аднак, згодна з закрытай справаздачай Мінздароўя, якую апублікавала арганізацыя былых сілавікоў BelPol, у 2023 годзе ў Беларусі нарадзілася 64 089 дзяцей. Гэта рэкордна нізкі паказчык з 1955 году.
«Камфортнае жыцьцё на вёсцы»
Лукашэнка паходзіць зь вёскі Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Некалькі разоў у сваіх перадвыбарчых праграмах ён абяцаў адрадзіць вёску і зрабіць там жыцьцё як у горадзе.
2006: «Мы зробім жыцьцё ў сельскай мясцовасьці ня менш камфортным, чым у гарадах»
2010: «Сельская гаспадарка стане прыбытковым бізнэсам»
2020 год: «Дзякуючы пэрспэктыўным праектам у малых гарадах і пасёлках людзі будуць жыць ня горш, чым у абласных цэнтрах і сталіцы».
У 1994 годзе ў сельскай мясцовасьці Беларусі пражывала 3,3 мільёна чалавек. У 2024 годзе — 1,9 мільёна. Менш у 1,7 раза.
Доля стратных арганізацый без уліку дзяржпадтрымкі ў сельскай гаспадарцы — 60,3%.
Лукашэнка некалькі разоў спрабаваў адраджаць вёску, дзеля гэтага прымаліся розныя праграмы. У 2004 годзе ён анансаваў дзяржаўную праграму падтрымкі вёскі на 2005–2010 гады. Укласьці ў гэта плянавалася аля 32 мільярдаў даляраў паводле тагачаснага курсу.
Згодна з гэтай праграмай у вёсках меліся зьявіцца аграгарадкі, якія плянавалася зрабіць «праваднікамі новых тэхналёгій і высокіх сацыяльных стандартаў».
Тады ж зьбіраліся перадаваць стратныя сельскагаспадарчыя арганізацыі прыватным прадпрыемствам. Свае калгасы зьявіліся нават у банкаў. Толькі «Беларусбанк» тады ўзяў пад свой кантроль пяць стратных гаспадарак.
У 2017-м зьявілася новая ідэя — «Вёскі будучыні» з максымальна камфортнымі ўмовамі, каб спыніць адток кадраў зь сельскай мясцовасьці.
Згодна з гэтай канцэпцыяй, жыхары сяла меліся разам зь вясковым ладам жыцьця атрымаць усё неабходнае для камфортнага пражываньня: разьвітую інфраструктуру, аб’екты культурнага прызначэньня, хуткасны інтэрнэт.
Нягледзячы на вялікую ўвагу да вёскі і разнастайныя «паляпшэньні» ды рэформы, за 30 апошніх год вясковых жыхароў стала на 1,3 мільёна менш, а сама вёска да гэтага часу «нерэнтабэльная». У некаторых жыхароў вёскі па сёньня прыбіральня на вуліцы, а каля дома няма асфальтаванай дарогі.
«Падтрымка прадпрымальнікаў»
1994: «Прэзыдэнт будзе аказваць падтрымку неспэкулятыўнаму прадпрымальніцтву і вызваліць яго прадстаўнікоў ад дзяржаўнага рэкету».
2006: «Дзяржава будзе стымуляваць разьвіцьцё прыватнай уласнасьці, асабліва ў вытворчых галінах і сфэры паслуг».
2010: «Мы пяройдзем ад эканомікі дырэктыў да эканомікі ініцыятыў. Будзе абаронена права кіраўніка на дзелавую рызыку. Павысіцца роля прадпрымальніцтва».
2015: «Посьпех прыватнага бізнэсу — гэта дабрабыт ня толькі прадпрымальнікаў. Гэта новыя працоўныя месцы і годны заробак для беларусаў».
2020: «Будуць забясьпечаныя максымальна простыя працэдуры вядзеньня бізнэсу. Абсалютна роўныя магчымасьці і ўмовы для прыватных і дзяржаўных кампаній».
Колькасьць арганізацый малога і сярэдняга бізнэсу сапраўды вырасла: у 2000 годзе такіх арганізацый было 28 310, а ў 2023 — 113 836. Іх стала больш у 4 разы. У той жа час доля гэтых арганізацый у ВУП з 2015 году застаецца на адным узроўні — каля 23–24%.
А вось колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарачаецца з 2020 году. Было 269 501, а стала 252 113. За апошнія гады для прадпрымальнікаў увялі шэраг новых падаткаў. Так, для ІП з 2023 году адмянілі спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня, а падаходны падатак павысілі з 16% да 20%. Раней паднялі падатак для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій — з 9% да 13%, для апэратараў мабільнай сувязі — з 18% да 30%.
З 17 жніўня 2021 году ў Менску не рэгістравалі ІП. Ва ўпраўленьні рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму гэта тлумачылі «тэхнічнымі прычынамі». Рэгістрацыя ўзнавілася толькі з кастрычніка гэтага году.
«Стабільная нацыянальная валюта»
У сваіх перадвыбарчых праграмах Лукашэнка абяцаў беларусам стабільную нацыянальную валюту.
2010: «Будуць забясьпечаныя стабільнасьць курсу беларускага рубля, абсалютная захаванасьць прыватных укладаў, даступнасьць банкаўскага крэдыту»
2015: «Стабілізуецца валютны рынак»
За час ягонага кіраваньня беларускі рубель перажыў тры дэнамінацыі: у 1994 годзе (мінус адзін нуль), у 2000 годзе (мінус тры нулі) і ў 2016 годзе (мінус чатыры нулі), а таксама некалькі дэвальвацый.
У студзені 2009 году Нацбанк аднамомантна зьнізіў курс рубля на 20%.
У 2011 годзе беларускі рубель абясцэніўся за год у адносінах да асноўных валют амаль утрая.
У наступныя гады:
За 2014 год — каля 24%
За 2015 год — больш за 20%
Паводле Аляксандра Класкоўскага, у сфэры свабоды эканомікі «Лукашэнка заставаўся глухі».
«У сфэры эканомікі ён якраз казаў пра мадэрнізацыю замест рэфармаваньня. Дысцыпліна, каровы, севазварот. Ён глухі і ня можа нічога рабіць у сфэрах, якія разьнявольваюць ініцыятыву. У 2010 годзе надрукавалі пустыя грошы, а ў 2011-м здарыўся абвал», — прыводзіць прыклад Класкоўскі.
«Правы чалавека»
Таксама Лукашэнка шмат разоў у сваіх перадвыбарчых праграмах абяцаў законнасьць і нават анансаваў увядзеньне пасады адказнага за правы чалавека.
1994 год: «Канстытуцыя і законы бясьсільныя перад уладай, якая іх не выконвае»
2001 год: «У краіне будзе створаны інстытут упаўнаважанага па правах чалавека».
2006 год: «Мы даможамся таго, каб чалавек перад дзяржаўнымі службамі перастаў адчуваць сябе просьбітам».
2010 год: «У краіне будзе ўкаранёны прынцып — дазволена ўсё, што наўпрост не забаронена».
2020 год: «Галоўная каштоўнасьць — людзі і справядлівае стаўленьне да іх».
Упаўнаважаны па правах чалавека ў Беларусі так і не зьявіўся. У рэйтынгу «Індэкс чалавечай свабоды» ад Інстытуту Катона Беларусь займала ў 2023 годзе 133-е месца поруч зь Нікарагуа, Марока і Конга.
10 верасьня 2020 году на хвалі масавых пратэстаў Лукашэнка сказаў знакамітую фразу: «Часам не да законаў». Гэта адбылося, калі ён прадстаўляў новага генпракурора Андрэя Шведа.
«Калі ажыцьцяўляецца практычна нахабная інтэрвэнцыя, як я называю, звонку і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку, там часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе», — сказаў тады Лукашэнка.
І сапраўды, супраць сілавікоў, якія ў 2020-м удзельнічалі ў здушэньні пратэстаў і прычынялі фізычную шкоду людзям, не было заведзена ніводнай крымінальнай справы, ніхто зь іх ня быў пакараны.
З 2020 году ў Беларусі ўлады прымусова зьліквідавалі ня менш за 1137 недзяржаўных арганізацый. Сярод іх нават тыя, што займаліся аховай птушак ці баранілі правы людзей з інваліднасьцю. На сёньня ў Беларусі за кратамі 1292 палітзьняволеныя. Сумарная колькасьць палітзьняволеных (якія адбылі і адбываюць тэрмін) перавысіла 3500 чалавек. Праваабаронцам вядома пра як мінімум 5947 чалавек, асуджаных з палітычных матываў. Некалькі соцень тысяч чалавек выехалі зь Беларусі.
Цяпер, паводле Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка прадае «старую ідэю мірнага неба».
«Людзі заўважалі нявыкананыя абяцаньні. Зараз ён намагаецца кампэнсаваць правалы ідэяй „мірнага неба“. І на частку грамадзтва гэтая прапаганда дзейнічае. Ідэя, што пры Лукашэнку Беларусь не ваюе, некаму прадаецца», — кажа суразмоўца.
Што скажа Лукашэнка ў 2025-м
На думку Аляксандра Класкоўскага, у перадвыбарчай праграме Лукашэнкі на 2025 год можа зьявіцца ўсё тая ж ідэя «гаранта мірнага неба».
«Ня думаю, што ён будзе казаць канкрэтыку ў галіне заробкаў ці дабрабыту. Бо няўстойлівы стан эканомікі, вайна — гэта непрадказальны сюжэт, і Расеі можа не спатрэбіцца столькі прадукцыі, як сёньня. Найхутчэй, будзе тэза стабільнасьці, мірнага неба. Будзе дэманізаваць апазыцыю і „зьбеглых“», — мяркуе Аляксандар Класкоўскі.
Пакуль, апроч ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за вылучэньне на пасаду прэзыдэнта наступных асобаў:
— кіраўнік праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Алег Гайдукевіч
— дырэктар «БелНДІПгорадабудаўніцтва», дэпутат Менгарсавету Аляксандар Хіжняк
— начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, колішняя прэс-сакратарка МУС
Таксама 31 кастрычніка заявы на рэгістрацыю падалі колішняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, генэрал-маёр запасу Сяргей Бобрыкаў, лідэр Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў і прадпрымальніца з Магілёва Дзіяна Кавалёва. Іх заяўкі абяцаюць разгледзець 4 лістапада.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум