Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочніка прэм’ера Ізраілю арыштавалі па падазрэньні ў апублічваньні сакрэтнай інфармацыі


Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу
Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу

Паліцыя ў Ізраілі арыштавала аднаго з высокапастаўленых памочнікаў прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу па падазрэньні ў перадачы сакрэтнай інфармацыі замежным СМІ. Пра гэта паведамляе CNN. У справе таксама праходзяць трое супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Паводле зьвестак тэлеканалу, адзін з падазраваных у справе — Эліезэр Фэльдштэйн, які доўгі час працаваў у прэсавай службе Арміі абароны Ізраілю. У сьнежні 2022 году Фэльдштэйн стаў памочнікам Нэтаньягу па працы з вайсковымі карэспандэнтамі.

Як адзначае Reuters, падазраваныя «зьлілі» сакрэтную інфармацыю газэце The Jewish Chronicle і нямецкаму часопісу Bild. Абедзьве газэты ў верасьні са спасылкай на крыніцы ў выведных службах Ізраілю апублікавалі матэрыялы, дзе распавядалася аб намеры групоўкі ХАМАС таемна перавезьці ізраільскіх закладнікаў з Газы.

У публікацыях таксама гаварылася, што палестынцы хочуць раскалоць ізраільскае грамадзтва, абвінаваціўшы прэм’ер-міністра і яго прыхільнікаў у зрыве мірных перамоваў і працэсу вызваленьня закладнікаў.

Reuters зьвяртае ўвагу на тое, што тэзісы ў апублікаваных матэрыялах нагадваюць выказваньні Нетаньягу на прэсавай канфэрэнцыі 2 верасьня, празь некалькі дзён пасьля таго, як у тунэлі ў Газе знайшлі целы шасьцярых забітых закладнікаў. На прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар таксама згадаў пра знойдзены дакумэнт ХАМАС аб пляне перавозу закладнікаў у Эгіпэт і аб ціску на ізраільскае грамадзтва.

Лідэр парлямэнцкай апазыцыі Ізраілю Яір Лапід заявіў, што дакумэнт, які быў знойдзены ў тунэлях Газы, аказаўся падробленым. Лапід таксама адзначыў, што офіс Нэтаньягу перадаў інфармацыю ў СМІ для зрыву магчымасьці дамовы па закладніках і для фармаваньня грамадзкай думкі супраць сем’яў захопленых ХАМАС ізраільцянаў.

Кабінэт Нетаньягу дачыненьне да «зьліву» інфармацыі журналістам абвяргае. Сам прэм’ер сказаў, што даведаўся пра выцек зьвестак з публікацый у СМІ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG