Журналісту-фрылансэру Кастусю Жукоўскаму патэлефанавалі з Лоеўскага РАУС з патрабаваньнем прыехаць у міліцыю для складаньня адміністрацыйных пратаколаў.
«Адзін з тых, хто тэлефанаваў напярэдадні, назваўся ўчастковым Сычовым, — паведаміў службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Жукоўскі. — Ён сказаў, што адносна мяне будуць складзены тры адміністрацыйныя пратаколы — дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП), непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службоўца (артыкул 23.4) і абраза супрацоўніка міліцыі (артыкул 23.5). Думаю, што лоеўскія міліцыянты пачалі дзейнічаць „на апераджэньне“ — я ж напісаў заяву пра іх гвалт і зьдзек падчас затрыманьня 21 чэрвеня, калі мы з Аляксеем Атрошчанкам здымалі ў Лоеве сюжэт пра мясцовыя эканамічныя праблемы. Апрача таго, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч публічна абяцаў „не пакінуць без увагі“ інцыдэнт у Лоеве. Таму міліцыя і пераводзіць на мяне стрэлкі».
21 чэрвеня Кастусь Жукоўскі з Аляксеем Атрошчанкам здымалі ў Лоеве мясцовую цагельню, якая знаходзіцца ў гаротным стане. Тут іх перастрэлі супрацоўнікі ДАІ — сталі правяраць дакумэнты Жукоўскага, як кіроўцы прыватнага аўтамабіля. У гэты ж час падʼехала яшчэ адна міліцэйская машына з двума падпалкоўнікамі і старшым лейтэнантам. Адзін зь іх выхапіў відэакамэру ў Атрошчанкі і кінуў яе ў машыну багажніка (пазьней на ёй знайшлі трэшчыну). Самога Атрошчанку без тлумачэньня пасадзілі ў аўтамабіль і павезьлі ў РАУС. Туды ж інспэктар ДАІ загадаў ехаць і Жукоўскаму — дзеля высьвятленьня асобы.
У Лоеўскім раённым аддзеле з Жукоўскім гутарыў намесьнік начальніка міліцыі Генадзь Маджара. Паводле фрылансэра, да ўжываньня сілы справа дайшла менавіта падчас размовы.
«Я запытаўся ў Маджары, які мой статус у міліцыі, і што з маім напарнікам? Паколькі са мной намесьнік начальніка нібыта хацеў проста пагутарыць, я дастаў мабільнік, уключыў кнопку „аўдыёзапіс“ і паклаў на стол — гутарыць дык гутарыць. Маджара чамусьці занэрваваўся, загадаў выключыць. Я выключыў і схаваў тэлефон у кішэню. Тады Маджара стаў патрабаваць, каб я аддаў тэлефон. Адказваю, што я ня супраць, але толькі пад пратакол. Ну, тут і пачалося. На мяне напалі трое — сам Маджара, міліцыянт у форме і яшчэ адзін у цывільным. Павалілі на падлогу, сталі закручваць рукі за сьпіну, надзелі кайданкі. Адзін з траіх каленам ціснуў на галаву, каб я ня мог прыўзьняцца з падлогі».
Жукоўскі дадае, што яму стала кепска, падняўся крывяны ціск — давялося выклікаць хуткую дапамогу.
Калі апрытомнеў, — кажа фрылансэр, — запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў, дзе апісаў усё, што адбылося. На запіс у кнізе адрэагаваў прадстаўнік раённага аддзелу Сьледчага камітэту, які ўзяў у мяне тлумачэньні і заяву пра інцыдэнт і выпісаў накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу. Нас трымалі ў РАУСе каля шасьці гадзін, а пасьля адпусьцілі. Пратаколаў не складалі. Калі я вярнуўся ў Гомель, то схадзіў на экспэртызу, бо ў мяне моцна балелі шыя, плячо і падпухлі запясьці».
Акрамя заявы ў Сьледчы камітэт, Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка падалі скаргу на імя начальніка абласной міліцыі, у якой указалі, што ў Лоеўскі РАУС іх даставілі без законных падставаў і з прымяненьнем гвалту. У пастарунку да Атрошчанкі сілы не ўжывалі.
***
Гомельскіх журналістаў-фрылансэраў міліцыя затрымлівае амаль на кожным выезьдзе, перашкаджаючы рабіць любыя відэаздымкі. Да таго ж Жукоўскага сёлета на падставе міліцэйскіх пратаколаў ужо сем разоў праз суд каралі буйнымі адміністрацыйнымі штрафамі — за працу без акрэдытацыі на карысьць спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».