Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Равяка пра сэксуальны гвалт: Таксама нясу праз жыцьцё непрагавораны цяжар


Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

У сацыяльных сетках праходзіць незвычайная акцыя — жанчыны і дзяўчаты расказваюць пра тое, як яны зазналі сэксуальнага гвалту. Многія зь іх упершыню кажуць пра гэта ўголас. Свае гісторыі публікуюць у сеціве пад хэштэгамі #янебоюсьсказати #янебаюсясказаць #янебоюсьсказать.

Ініцыятарам акцыі стала ўкраінская сацыяльная актывістка Анастасія Мельнічэнка, на чый заклік ужо адгукнуліся сотні жанчын, а таксама пачалі далучацца і мужчыны. Частку допісаў з Фэйсбуку можна прачытаць на сайце Радыё Свабода. Між тым у камэнтарах да пастоў ужо гучаць і крытычныя меркаваньні адносна таго, ці варта «на ўвесь сьвет выносіць свае асабістыя праблемы». І праўда, ці варта?

Падзяліцца асабістым меркаваньнем карэспандэнт Свабоды папрасіў вядомую ў Беларусі праваабаронцу з цэнтру «Вясна» Тацяну Равяку.

— Найперш выкажуся ня як праваабаронца, а як жанчына, якая таксама неаднойчы сутыкалася з падобнымі сытуацыямі. Я ўжо вельмі дарослы чалавек, у мяне дзеці і ўнукі, але непрагавораны раней цяжар я нясу праз усё сваё жыцьцё. І цяпер проста цешуся сьмеласьці жанчын, якія наважваюцца гаварыць пра вельмі балючыя і вельмі далікатныя рэчы. Прытым наважваюцца гаварыць пра гэта з пункту гледжаньня нейкага ачышчэньня сваёй жаночай годнасьці. Мне гэта вельмі імпануе, а вось самой такой сьмеласьці бракуе.

— Гэта патрэбна ім, жанчынам, якія зазналі гвалт, але ці трэба гэта ўсяму грамадзтву?

— Не, мяркую, гэта трэба шмат каму. Вось я чытаю, што пішуць, і бачу, што яны вельмі слушна робяць. Бо гэта вызваленьне ад таго, што табе шмат гадоў вярталася ў снах, у такіх жахлівых сытуацыях, калі ты баялася нейкага паўтарэньня. Усё жыцьцё ты думала, што тая траўма, паколькі яна такая глыбокая, ня можа быць зразумелая і перажытая, а выходзіць, калі пра гэта гаварыць, то можна ад яе вылечыцца. Нават тэрапэўтычны эфэкт узьнікае ня толькі для удзельнікаў гэтай размовы, але і для іншых, хто яшчэ не адважыўся ў яе ўступіць. Плюс гэта важна для людзей вакол нас. Вось у мяне дачка, унучка, і я даўно жыву з адчуваньнем, што і ў дачыненьні да іх гэта можа паўтарыцца. І таму пэўнае ачышчэньне сьвету, якое настае, калі ты пра гэта гаворыш, — яно вельмі карыснае, бо ўзьнікае надзея, што яны гэтага не зазнаюць, бо сьвет крышачку ачысьціцца.

— Хіба такая дыскусія можа дапамагчы паменшыць памеры гвалту?

— Справа не ў памерах. Хтосьці ніколі гэтага ня бачыць, не сутыкаецца, а камусьці падаецца, што гэта норма. Галоўнае — у адчуваньні, у псыхалёгіі. Часта гвалт робіцца таму, што ён будзе замоўчаны, бо пра гэта сорамна гаварыць. І шмат людзей менавіта гэтак пішуць. Што сорамна гаварыць бацькам, ісьці ў міліцыю. Дык вось перакананая, што сытуацыя зьменіцца, калі ня будзе сорамна. Бо змагацца за сваю годнасьць ня сорамна, казаць пра свае правы ня сорамна. Сорамна павінна быць не ахвярам, а гвалтаўнікам. Яны мусяць баяцца панесьці адказнасьць, а не ахвяры мусяць несьці гэты цяжар на сабе ўсю рэшту жыцьця.

— Якія ў вас ёсьць парады для жанчын, каб засьцерагчыся ад сэксуальнага гвалту, і як сябе паводзіць, калі ўсё ж такое адбылося?

— Гэта вы кажаце пра пэўную мадэль паводзінаў? Мяркую, трэба быць настроенай на тое, каб у такой сытуацыі не запасьці ў ступар, а актыўна бараніць сябе. Дзесьці гэта ўцячы, дзесьці даць фізычны адпор, дзесьці — псыхалягічныя захады. Прынамсі ўмець глядзець у вочы і вызначыцца, як паступіць з гэтым чалавекам. Розныя могуць быць сытуацыі, бо розныя псыхатыпы ў гэтых гвалтаўнікоў. Таму розныя мадэлі могуць быць ужытыя ў пэўнай сытуацыі, і тое, што жанчыны ў Фэйсбуку дзеляцца гэтымі мадэлямі, — вельмі добра.

— У адным з допісаў прачытаў думку жанчыны, што трэба быць гатовай да нападу заўсёды. Маўляў, раз ты жанчына, дык рыхтуйся, што на цябе нападуць. Вы згодныя з гэтакай устаноўкай?

— Бачыла і я пасты, што нехта рыхтаваўся і хадзіў з заточкай, з нунчакамі, трэніраваўся баявым відамі спорту. Не, ня думаю, што гэтак трэба рабіць усім жанчынам. Відаць, такія захады — ужо наступствы атрыманай траўмы. Мне здаецца, што жанчына мусіць сябе паводзіць натуральна, яна ня мусіць увесь час чакаць нейкай расплаты толькі за тое, што яна жанчына. Так, трэба тлумачыць, што такое можа быць і як зьменшыць імавернасьць гэтага, але таксама трэба тлумачыць, як выходзіць з сытуацыі, якая ўжо ўзьнікла. Але не настройваць тых жа дзяўчынак на тое, што сьвет поўны вычварэнцаў. Гэтак можна псыхалягічна зьнявечыць чалавека, тым больш, што, як кажуць, думка матэрыяльная, і тое, што ты ў сабе генэруеш, тое і здарыцца. Разумныя меры бясьпекі мусяць быць, але хутчэй псыхалягічныя — не нунчакі ці заточка.

— А куды зьвяртацца жанчыне, ці мужчыну, якія ўсё ж сталі ахвярамі сэксуальнага гвалту?

— Несумненна, перш за ўсё ў міліцыю, бо яна адказная за бясьпеку грамадзянаў. Гвалтаўнік мусіць панесьці крымінальную адказнасьць, якая прадугледжаная законам. Пакараць яго — значыць і сябе абараніць ад новага гвалту, і дапамагчы іншым жанчынам. А каб яго пакаралі, трэба завесьці справу, таму першы крок — у міліцыю з заявай. Таксама важна разумець, што ў міліцыю трэба зьвярнуцца ня толькі пасьля гвалту, але і пасьля спробы гвалту, каб лягчэй прадухіліць такія злачынствы. Бо такі чалавек усё роўна ня спыніцца. Ён затоіцца, але потым зноў пакажацца. І другі важны аспэкт — вынікам гвалту ёсьць ня толькі пакуты фізычныя, але і псыхалягічныя. Нават гэта самае жахлівае. Таму пасьля такога досьведу абавязкова трэба зьвярнуцца па псыхалягічную дапамогу да адмыслоўцаў. Што да правабарончых арганізацый — іх нямала, якія займаюцца такімі праблемамі і могуць дапамагчы зь юрыдычнай, прававой часткай. Вось ведаю, што ёсьць праграма, што датычыць хатняга гвалту ў арганізацыі «Прававая ініцыятыва», ёсьць іншыя. Галоўнае — не заставацца з гэтым досьведам сам-на-сам, а знайсьці тых, хто можа з табой падзяліцца. У тым ліку і сваімі парадамі. Таму тое, што цяпер я бачу на Фэйсбуку, — гэта добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG