Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая прэс-сакратарка МУС, прадзяржаўны камуніст і Канапацкая. Каму, апроч Лукашэнкі, дазволілі зьбіраць подпісы для ўдзелу ў выбарах


Зьлева направа і зьверху ўніз: Алег Гайдукевіч, Ганна Канапацкая, Аляксандар Хіжняк, Вольга Чамаданава, Сяргей Бобрыкаў, Сяргей Сыранкоў
Зьлева направа і зьверху ўніз: Алег Гайдукевіч, Ганна Канапацкая, Аляксандар Хіжняк, Вольга Чамаданава, Сяргей Бобрыкаў, Сяргей Сыранкоў

4 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала апошнія ініцыятыўныя групы для збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты. Расказваем, хто гэтыя людзі.

Цэнтральная выбарчая камісія 4 лістапада зарэгістравала ініцыятыўныя групы для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Сяргея Сыранкова, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава. Раней, апроч Лукашэнкі, ЦВК дазволіла зьбіраць подпісы за высоўваньне кандыдатам у прэзыдэнты дэпутату Алегу Гайдукевічу, былой прэс-сакратарцы МУС, а цяпер чыноўніцы Вользе Чамаданавай і юрысту Аляксандру Хіжняку. З 2001 году вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць.

Расказваем, хто будзе сёлета зьбіраць подпісы.

Алег Гайдукевіч: падпалкоўнік МУС і дэпутат пад санкцыямі

Алег Гайдукевіч у Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота
Алег Гайдукевіч у Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота

З 1998 году Алег Гайдукевіч працаваў у Фрунзенскім РУУСе Менску, кар’еру пачынаў супрацоўнікам аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. У 2007 годзе даслужыўся да начальніка Партызанскага РУУС беларускай сталіцы, а праз два гады ўзначаліў самы вялікі менскі РУУС — Фрунзэнскі.

У міліцыі Алег Гайдукевіч служыў да 2012-га, пасьля чаго заняўся палітычнай кар’ерай у партыі свайго бацькі Сяргея Гайдукевіча (Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі). Сяргей Гайдукевіч тройчы быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, апошні раз — у 2015 годзе.

У 2016 годзе Гайдукевіч-малодшы балятаваўся дэпутатам у Палату прадстаўнікоў, але не прайшоў. Паўторна ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе і стаў дэпутатам. У 2020 годзе зьбіраўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, але зьняўся на карысьць Лукашэнкі, стаўшы ягонай даверанай асобай.

Алег Гайдукевіч выступае ў падтрымку Лукашэнкі, у 2020 годзе ён асудзіў дзеяньні апазыцыі і пратэстоўцаў, назваў масавыя пратэсты «праплачанай спробай ЭЗ і ЗША зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот».

Улетку 2021 году Алег Гайдукевіч заявіў, што ягоны дом зьбіраліся падпаліць і кінулі на тэрыторыю тры «кактэйлі Молатава». У выніку нападу, па словах таго ж Гайдукевіча, пацярпела толькі котка, якая атрымала апёк носа. Сілавікі затрымалі ў гэтай справе два дзясяткі чалавек. Пазьней 18 чалавек асудзілі, сярод іх траіх завочна (гэтыя людзі былі не ў Беларусі). Найбольшыя рэальныя тэрміны атрымала сям’я Вайцяховічаў: Уладзіслаў (21 год), Віталь (19 гадоў), Анастасія і Вольга (11 гадоў).

У 2021 годзе Гайдукевіч-малодшы трапіў пад санкцыі ЭЗ і ЗША, а ў 2022=м — Японіі. У 2022 годзе палітык прызнаўся, што разьвёўся з жонкай Марыяй.

«Скажу толькі адно: я лічу сябе добрым бацькам. Мусіць, я буду добрым дзядулем. Але я ня самы добры муж. У сілу, магчыма, свайго характару і працы», — казаў пасьля дэпутат.

Вольга Чамаданава: настаўніца беларускай мовы, якая пайшла ў сілавікі

Вольга Чамаданава падчас працы ў МУС
Вольга Чамаданава падчас працы ў МУС

Галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму і старшыня «Саюзу жанчын» Вольга Чамаданава паходзіць з Астрашыцкага Гарадка Менскай вобласьці. Па адукацыі яна выкладчыца беларускай мовы і літаратуры. Аднак пасьля практыкі Вольга ўладкавалася ў Бараўлянскі аддзел міліцыі інспэктаркай у справах непаўналетніх.

Вольга Чамаданава (зьлева) падае дакумэнты ў ЦВК, 30 кастрычніка 2024
Вольга Чамаданава (зьлева) падае дакумэнты ў ЦВК, 30 кастрычніка 2024

12 гадоў Чамаданава ўзначальвала інспэкцыю ў справах непаўналетніх у Менскім раёне. У 2018-м яна нечакана атрымала павышэньне і стала прэс-сакратаркай МУС. Тады здарыўся скандал са скульптурай менскага гарадавога, перад якой на відэа прымусілі выбачацца падлетка. Гэты падлетак дзеля жарту даў скульптуры поўху. Тады зьнялі тагачаснага кіраўніка прэс-службы МУС Яўгена Еўчара і прызначылі Чамаданаву.

Менавіта пры Чамаданавай у тэлеграм-канале МУС пасьля падзей 2020 году пачалі зьяўляцца відэа з выбачэньнямі затрыманых. У дзень сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага ў тэлеграм-канале МУС, якім займалася Чамаданава, напісалі, што «пратэстовец загінуў, спрабуючы кінуць выбуховую прыладу ў спэцназаўцаў». Нібыта гэтая прылада ўзарвалася і ад таго ён загінуў. Пазьней зьявілася відэа, як Тарайкоўскі гіне ад стрэлу ў яго з боку сілавікоў.

У 2021 годзе зьявіўся зьліў размоў сілавікоў, які апублікавала супольнасьць «Кібэрпартызаны». У адной з размоваў яны вельмі груба адгукаліся пра Чамаданаву. Неўзабаве пасьля гэтага яе прызначылі начальніцай упраўленьня ідэалёгіі і ў справах моладзі Менгарвыканкаму.

Паводле інфармацыі BelPol, Вольга Чамаданава ў сьнежні 2020 году ўчыніла дарожна-транспартнае здарэньне. За час сваёй міліцэйскай кар’еры яна мела некалькі вымоваў і заўваг. Сярод іх — строгая вымова за парушэньне дысцыпліны, якое выявілася ў адсутнасьці належнага кантролю за сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, што прывяло да ўчыненьня асабліва цяжкага злачынства ў адносінах да малалетняй.

Ганна Канапацкая: былая дэпутатка, крытыкуе Ціханоўскую

Ганна Канапацкая падчас выбарчай кампаніі 2020 году з пасьведчаньнем кандыдаткі ў прэзыдэнты
Ганна Канапацкая падчас выбарчай кампаніі 2020 году з пасьведчаньнем кандыдаткі ў прэзыдэнты

Ганна Канапацкая нарадзілася ў Менску, яна дачка першага афіцыйнага даляравага мільянэра ў Беларусі Анатоля Трухановіча. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Шырока імя Ганны Канапацкай стала вядома пасьля таго, як на выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2016 году яна стала адной зь дзьвюх дэпутатак ад апазыцыі, якія тады трапілі ў парлямэнт. Другой дэпутаткай стала Алена Анісім. Канапацкая была сябрам зьліквідаванай цяпер апазыцыйнай партыі АГП да 2019 году.

У Палаце прадстаўнікоў Канапацкая заклікала да скасаваньня саюзу з Расеяй, крытыкавала Эўразійскі саюз, СНД і тагачаснага расейскага амбасадара ў Беларусі.

У 2020 годзе Канапацкая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах. Але адмовілася ўдзельнічаць у дэбатах зь іншымі апазыцыянэрамі, бо «ня мае ні права, ні жаданьня спаборнічаць з заведама больш слабымі апанэнтамі».

Таксама Канапацкая заяўляла, што ня будзе праводзіць сустрэчы з выбарнікамі. Паводле афіцыйных вынікаў выбараў Канапацкая набрала 1,68% галасоў. У жніўні 2020 году яна падала скаргу ў Вярхоўны суд, каб аспрэчыць вынікі выбараў.

Пасьля масавых пратэстаў у Беларусі 2020–2021 году, зьняволеньня ці эміграцыі большай часткі апазыцыйных палітыкаў Ганна Канапацкая засталася ў Менску. Яе запрашаюць на прадзяржаўныя мерапрыемствы ў Палату прадстаўнікоў (2022 год) і на Ўсебеларускі народны сход (2021 год).

Цяпер Канапацкая крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў у эміграцыі.

Аляксандар Хіжняк: кіраўнік праектнай арганізацыі

Аляксандар Хіжняк падае дакумэнты у ЦВК
Аляксандар Хіжняк падае дакумэнты у ЦВК

Таксама ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў Аляксандра Хіжняка. Паводле зьвестак арганізацыі былых сілавікоў BelPol, ён працаваў юрыстам інстытуту «Белгіпрааграхарчпрам». З 2015 году ўзначальвае «БелНІІгорадабудаўніцтва». Гэта праектная арганізацыя, якая займаецца горадабудаўнічымі праектамі.

Аляксандар Хіжняк жанаты, мае траіх дзяцей. Ён лідэр прадзяржаўнай Партыі працы і справядлівасьці. Дэпутат Менскага гарадзкога савету. У 2006 і 2015 годзе Хіжняк атрымліваў узнагароды ад Лукашэнкі за «добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці».

У 2023 годзе Хіжняк казаў, што чатыры партыі ў Беларусі дастаткова. Раней у краіне зьліквідавалі ўсе апазыцыйныя партыі.

«Будзем рабіць усё, каб наша праца, наша дзейнасьць была карысная ў гэтай частцы, каб фармаваць гэтае палітычнае поле. Бо доўгі час ніхто не займаўся партыйным будаўніцтвам. На гэтым этапе, магчыма, гэтага дастаткова», — казаў Хіжняк у інтэрвію газэце «СБ: Беларусь сегодня».

Сяргей Сыранкоў: кіраўнік камуністаў, ідзе «падтрымаць Лукашэнку»

Падача дакумэнтаў у ЦВК, Сяргей Сыранкоў працягвае руку зьлева
Падача дакумэнтаў у ЦВК, Сяргей Сыранкоў працягвае руку зьлева

Старшынём праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў стаў толькі сёлета. З 2020 году ён таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Сыранкоў скончыў Магілёўскі ўнівэрсытэт імя Куляшова па спэцыяльнасьці «Ангельская і нямецкая мова», працаваў спэцыялістам у Краснапольскім раённым выканаўчым камітэце.

«Мы заўсёды былі ў камандзе прэзыдэнта. І наша сёньняшняе рашэньне дэманструе толькі адну з праграмных установак партыі — падтрымку дзеючага лідэра Беларусі, яго палітычнага курсу, цалкам сугучнага праграме КПБ па пабудове ў Беларусі дзяржавы для народу», — казаў Сыранкоў пра свой удзел у выбарах.

Сяргей Бобрыкаў: вайсковец, старшыня Саюзу афіцэраў

Сяргей Бобрыкаў (зьлева) падае дакумэнты ў ЦВК
Сяргей Бобрыкаў (зьлева) падае дакумэнты ў ЦВК

Яшчэ адзін прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду — генэрал-маёр запасу, вайсковец Сяргей Бобрыкаў. Ураджэнец Лепеля вучыўся на вайскоўца ў Расеі — сьпярша ў Каломенскім артылерыйскім камандным вайсковым вучылішчы, пасьля ў артылерыйскай акадэміі імя Калініна і ў вайсковай акадэміі Генштабу Расеі, якую скончыў у 2005 годзе.

Узначальваў Вайсковую акадэмію Беларусі да абраньня дэпутатам у 2016 годзе. Летась Бобрыкаў даў інтэрвію «ВаенТВ», дзе нічога не казаў ні пра палітыку, ні пра Лукашэнку. Будучы дэпутатам, выказваўся пераважна пра войска, а менавіта пра скарачэньне адтэрміновак ад службы.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG